Алег Грушэцкі - Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства стр 2.

Шрифт
Фон

 Вой!  узрадаваўся такому падарунку стары.  Якая шыкоўная! Ну, дзякуй, сынку, дагадзіў старому! Ай, добрая вуда!  ён памахаў ёю, нібы ўяўляючы, як будзе яе закідваць.

 Прыемна, што табе даспадобы. Доўга абіраў найлепшую.

 Дзякуй, дзякуй. Дарагі падарунак.

Урэшце з-за машыны выйшлі Янка з Міланай. У дзяўчыны на галаве ззяла незвычайна прыгожая дыядэма. Ды сама Мілана свяцілася ад шчасця і гонару не меней за ўпрыгожанне. А побач з ёй стаяў юны рыцар у шыкоўна пафарбаваных даспехах.

Бабуля так і пляснула ў далоні ад замілавання. Але дзед Усе пачулі, як ён упусціў вуду, і ад нечаканасці яны нават скалануліся, зірнулі на старога. Ён, здаецца, нават спалатнеў без дай прычыны і знерухомеў.

 Бацька, ты чаго?  першы запытаўся тата.  Ты з твару зблажэў, нібы здань пабачыў.

 Я-я  ледзь прамовіў той.  Не, нічога,  паспрабаваў ён адвесці ўвагу ад сябе.

Тут і бабця зірнула на яго.

 Ты ў парадку? Можа, што з сэрцам?

 Ды не,  супакоіў ён сваю жонку.  Усё добра. Проста спякотна нешта сёння, хадземце ў хату.

Усе здзіўлена зірнулі на неба. Так, неба было пагодным, ясным, але наўрад ці можна было назваць сённяшняе надворе спякотным. Досыць цёплым  так, але не болей за тое. Аднак усе, хоць і бачылі, што дзеду ніякавата, паслухалі яго.

 Усё, не хвалюйцеся, са мною ўсё добра, кажу я вам,  супакоіў яшчэ раз усіх дзед.  Пэўна, стаміліся з дарогі? Зараз бабуля вам гарбаты запарыць.

 Так, сапраўды,  пагадзілася тая.  Будзеце піць?

 Ды не кепска было б,  не адмовілася маці.  Доўга ехалі, дзецям варта падесці.

 Вось і выдатна, адразу стаўляю імбрычак. У мяне ёсць найсмачнейшае малінавае сочыва. Хатняе, сама варыла,  пахвалілася бабця.  Любіце такое?

 Любім! Любім!  весела закрычалі Янка і Мілана.  Асабліва тваё, бабуля.

 Вось і выдатна,  расчулілася яна.  Я і бліноў да вашага прыезду напякла.

Бабуля скіравала на кухню, а дзед з вудай рушыў у камору. Дзеці ў ёй ніколі не былі, ды і не звярталі на гэты пакойчык аніякай увагі. Але чамусьці менавіта цяпер гэтая камора зацікавіла Янку. Ён праводзіў дзеда вачыма да самых дзвярэй. А калі той адамкнуў іх і зайшоў унутр, хлопец ажно выцягнуў шыю.

Дзед паставіў вуду і хутка вярнуўся. Яго позірк на імгненне сустрэўся з зацікаўленым позіркам унука. Стары толькі сціпла ўсміхнуўся, замкнуў дзверы і пайшоў да стала. Праходзячы каля Янкі, ён правёў рукой па яго галаве і паляпаў па плячы.

 Вой, добрая ж у вас гарбата!  пахваліла маці сваю свякроўку.  Ды з гэткімі смачнымі блінамі! М-м-м,  пахітала яна галавой, атрымліваючы асалоду.  Тое, што трэба з дарогі.

 На здароўе. Пазней вам нечага больш уежнага насмажу, можа, бульбы з салам і яйкамі ці з грыбамі.

 У мяне ўжо слінкі пацяклі,  сказаў тата.  Як уявіш водар тваёй смажанкі, дык адразу апетыт разгараецца.

 Гэта вам не ў вашым горадзе! Харчуецеся немаведама чым. Вунь як схуднелі. Ну нічога, я тут за вас вазьмуся, неўзабаве ў мяне да людзей станеце падобныя!  жартавала бабуля.

Усе паделі, падзякавалі бабулі за смачны пачастунак і сталі раскладваць свае рэчы па пакоях.

Янка, праходзячы паўз камору, паглядзеў уважліва на дзверы, нібы імкнуўся знайсці хоць нейкую шчыліну. Што ж такое ў ёй? Чаму дзед яе гэтак старанна замкнуў?

 Слухай, Мілана,  ціха звярнуўся да сястры.  А ты хоць раз бачыла, што там?

 Дзе?

 У каморы.

 Не,  матлянула яна галавой.  Ды і навошта? Напэўна, рознае халусце. Што там можа быць цікавага?

 Але чаму тады дзед заўжды яе замыкае?

 Мо яму там і ёсць што каштоўнае, але мне ўсё адно.

 Ат,  махнуў рукой Янка, разумеючы, што яе гэта не цікавіць.


Рыбалка. Таямнічы падарунак. Аповед пра продкаў

Наступнага дня дзед з Янкам вырашылі парыбачыць. Дзеду карцела выпрабаваць новую вуду, і ён пабудзіў унука.

 Ну што, рыбак, не перадумаў?  жартам запытаўся дзядуля.

 Не, мы ж дамовіліся.

 Слушна. Ранкам рыба сама лепей бярэцца, прынамсі ў нас. Так што ўставай, хутка снедай і хадзем.

 А Мілану не будзем будзіць?

 Ды не, хай спіць. Прагне сёння з сяброўкамі сустрэцца, даўно не бачыліся.

 Ага, пахваліцца,  усміхнуўся Янка.

 Мо і так. Чаму б і не пахваліцца, як ёсць чым? Яна ў вас ужо як каралеўна. Ды яшчэ з гэтай каронай!..

 Дыядэмай,  выправіў унук.

 Хай сабе і так, я ў гэтым не знаюся.

 Я, прызнацца, гэтаксама. Каб не сказалі, мо і не ведаў бы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3