Хай сабе і так, я ў гэтым не знаюся.
Я, прызнацца, гэтаксама. Каб не сказалі, мо і не ведаў бы.
Так. Наш мужчынскі клопат ваяваць, працаваць ды бараніць кволых і жанчын. А красавацца гэта ўжо іх прывілей. Ды і няхай, калі ёсць чым. Галоўнае, каб пры гэтым яшчэ на нас ды на гаспадарку не забываліся. А там хай сябе цешацца, калі ім даспадобы.
Янка ўсміхнуўся з дзедавых разважанняў.
Ну, унучак, мыйся, снедай ды выходзім. Рыба цяпер таксама будзе снедаць, тут мы яе і падловім.
Хлопец вомігам быў гатовы, не мінула і пяці хвілін.
Дзеда, я ўсё! Можам ісці.
Выдатна! Я толькі вуды вазьму.
Дапамагчы?
Дапамажы, калі ўжо гэтак карціць.
Вуды дзед захоўваў у той самай каморы, у якую так марыў зазірнуць Янка. І вось цяпер стары папраставаў менавіта туды, узяўшы з сабой і ўнука.
Хлопца перапоўніла хваляванне. Няўжо ён урэшце зможа зазірнуць? Ды не проста зазірнуць, а ўвайсці туды ды даведацца, якую ж таямніцу дзед хавае, што заўжды замыкае камору? Можа, ён там трымае паляўнічую стрэльбу ці яшчэ што, чаго іншым не варта ведаць і бачыць?
Янка пераступіў парог каморы, нават крыху стаіўшы дыханне. Шырока расплюшчыўшы вочы, ён зацікаўлена агледзеў увесь пакойчык. І чаго толькі тут не было! Аднак сярод розных побытавых рэчаў ды іншага рыштунку большую ўвагу да сябе прыцягваў вялікі стары куфар з люстэркам, што вісела над ім. Масіўны драўляны куфар быў акуты жалезнымі пласцінамі і замкнёны на важкі навясны замок. Люстэрка ж было агромністае вышэй за Янку. Яно вісела ў мярэжыстай драўлянай раме з разьбянымі буйнымі ўзорамі, а ўгары рамы пышыўся майстэрскі выразаны вялікі герб. Быў ён у выглядзе шчыта, над якім узвышаліся рыцарскі шалом з каронай і вялікае пышнае пере. Шчыт і шалом таксама атачала складаная разьба. А ў самім шчыце была выразаная падкова, рагамі скіраваная долу. Над ёй крыж. Такі самы вісеў і паміж яе рагамі. Відаць, люстэрка было вельмі старое, час не пашкадаваў яго. Выступаў адно верхні крыж, а на месцы падковы і ніжняга крыжа было пустое паглыбленне. Як быццам крыж ды падкову выламалі са шчыта.
Пакуль Янка так уважліва разглядаў гэтае цікавае і загадкавае люстэрка, дзед узяў усё неабходнае і працягнуў унуку вуду, якая прызначалася яму. Але Янка захапіўся разглядваннем люстэрка і не заўважыў, што дзед яму падае. Стары гэта прымеціў і на пэўны час знерухомеў. Ён пазіраў то на Янку, то на люстэрка, у ягоных вачах зявіліся смутак і задуменнасць, нібыта нарынулі на яго нейкія старыя ўспаміны раптам. Янка адчуў пільны позірк дзядулі і павольна павярнуў галаву.
Дзед, а што гэта за люстэрка? запытаўся хлопчык з непрытоенай цікаўнасцю.
Гэта дзед і жадаў нешта сказаць, ды нешта стрымлівала, нібыта тое люстэрка захоўвала таямніцу. Гэтае люстра яшчэ ад майго дзеда.
Уга! не мог стрымаць захаплення і здзіўлення хлопец. Такое старое?!
Так, Янка, так. І люстэрка, і куфар усё спадчына па ім.
А тое, што ў куфры?
Часткова. Нешта засталося яшчэ ад яго, а так рознае.
Як цікава! А што ў куфры?
Нечага цікавага амаль няма. Так, старыя рэчы. Але раптам дзед змяніўся ў твары, пра нешта задумаўшыся.
Што, што? пацікавіўся хлопец, гледзячы на яго вачыма, якія ажно палалі.
Ёсць там нешта Ужо нават і не ведаю, ці варта табе казаць?
Так, так, варта, дзеду! Ну скажы, што? усхадзіўся заінтрыгаваны Янка, ледзь не падскокваючы.
Не ведаю, мо і варта. Усё ж такі насамрэч тое датычыцца цябе, уздыхнуў дзед.
Мяне? схамянуўся хлопец.
Дзед моўчкі нахіліўся і прасунуў руку за куфар, за якім вісеў ключ, адамкнуўшы замок і адкінуўшы дзверцы, стары прамовіў:
Так. Не ведаю як, але, мяркую, менавіта цябе. Ну, магчыма, яшчэ і тваёй сястры.
Хлопцу ад такой неспадзеўкі нібы мову заняло. Гэтыя словы вельмі насцярожылі яго, і ён моўчкі назіраў за дзедам.
А той пачаў па чарзе выцягваць з куфра ягонае змесціва. Падкову, яшчэ нешта і яшчэ Затым дзядуля зачыніў вечка і сеў на куфар, трымаючы ў руках нейкія рэчы.
Вось, прамовіў дзед і працягнуў нешта Янку. Мой дзед мне некалі наказаў, каб я, як прыйдзе час, перадаў гэта сваім унукам.
А што там?
Што да чаго, я і сам не ведаю. Шчыра кажучы, я даўно ўжо і забыўся на ўсё гэта. І ўспомніў толькі цяпер, калі пабачыў цябе ў рыцарскіх даспехах і з якім захапленнем ты глядзіш на гэтае люстэрка. Дзед мне загадаў ніколі яго не выкідаць і перадаць гэтыя рэчы вам. Пэўна, час надышоў.