Была ў Леаніда Данілавіча яшчэ адна сімпатычная якасць: як і большасць украінцаў, ён вызначаўся шчырай гасціннасцю. Больш за ўсё Кучма любіў прымаць гасцей у роднай вёсцы Чайкіна, што акурат непадалёк ад Чарнігава.
Менавіта ў Чайкіна ён і запрасіў у ліпні 2004 года калегаў з суседніх краін: Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна і Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку.
Чайкіна пачынаюць марафеціць за тыдзень да прыезду высокіх гасцей. З райцэнтра прыганяюць асенізатарскую машыну: тэрмінова адпампоўваць лайно з прыбіральняў, каб прэзідэнцкія насы не пачулі вясковага смуроду. Падпраўляюцца хаты, фарбуецца трава, кладзецца асфальт, канфіскуюцца самагонныя апараты. Сіласная вежа, званіца царквы і бусліныя гнёзды бяруцца пад асаблівы кантроль на прадмет варожых снайпераў. На ліхтарах усталёўваюцца прыхаваныя відэакамеры. Кучмаўскім аднавяскоўцам сувора загадана: падчас візіту прэзідэнтаў з хаты носу не казаць! Што значыцца, «а якщо нам Даниловича привітати захочеться?!» То энтузіязм мясцовага насельніцтва будуць выяўляць спецыяльныя людзі ў цывільным, так што сядзіце па хатах ціха і нават да вокнаў не падыходзьце! А то і прыстрэліць могуць
Увечары ў сціплае Чайкіна гіганцкім вусенем уцягваецца картэж з прэзідэнцкіх «мерседэсаў», джыпаў з аховай і мікрааўтобусаў з халуямі. Аўтамабілі паважна абмінаюць вялізны валун з шыльдай «с. Чайкине Батьківщина президента України Л. Д. Кучми» і спыняюцца на вуліцы імя Л. Д. Кучмы. Малодшыя афіцэры Службы Бяспекі Украіны, пераапранутыя добрымі пейзанамі, шчыра вітаюць дарагіх гасцей. Расчулены Леанід Данілавіч шморгае носам, гледзячы, як жанчына-капітан з СБУ, пераапранутая этнаграфічнай Параскай, падносіць братам-славянам хлеб-соль, а мужчына-маёр у шараварах Казака Мамая, выдадзеных у капцёрцы той жа арганізацыі, прапануе прэзідэнтам спод з традыцыйным пачастункам: гарэлкай і салам.
Пуцін па-гаспадарску пераймае хлеб-соль, куляе кілішак, але ж сала толькі надкусвае і грэбліва сплёўвае. Украінцы ставяцца да гэтага з разуменнем: ну, маскаль, што з яго ўзяць?! Лукашэнка таксама атрымоўвае хлеб-соль, але ж чарку не бярэ. Украінцы шматзначна перазіраюцца: маўляў, гэты госць і без гарэлкі непрадказальны, а калі яму яшчэ і выпіць тут праўдзівае «шаленства бацькі» пачнецца!
А Кучма на мігі паказвае славянскім братанам: маўляў, розпрягайте хлопці коней, відпочивайте, а ўвечары я вам сваю родную вёску пакажу!
Ад гэтай фразы ўкраінскія целаахоўнікі пачынаюць нервова торгацца. Не, каб у мемарыяльнай кучмавай хаце сядзець і душэўна бухаць за славянскае адзінства дык плюгавага Данілавіча на вечаровую экскурсію пацягнула! Але ж слова гаспадара закон: трэба рыхтавацца. Пішчаць рацыі, правяраюцца комплексы хімічнай абароны, з Чарнігава верталётам дасылаюцца дадатковыя прыборы начнога бачання для аператыўнікаў і каньяк з валідолам для кіраўніцтва. Расейскія і беларускія спецслужбоўцы таксама ліхаманкава рыхтуюцца да нечаканага прэзідэнцкага праменаду, але як менавіта рыхтуюцца, ані з гаспадарамі, ані адны з аднымі не дзеляцца, бо дзяржаўная таямніца!
І вось ціхая ноч, светлая ноч, зоркі на небе, месяц па-над шатамі. Славянскія прэзідэнты нетаропка шпацыруюць паснулай вуліцай. Спрэс лірыка і рамантыка: «садок зелений біля хати», таполі на ўзбочынах, чарнабрыўцы ў палісадніках, карацей «кохана спить, кохана спить, піди збуди, цілуй їй очі» Не стае толькі глэчыкаў на тынах, сланечнікаў на гародчыках і бандурыста за кадрам, але ж гэта ўжо відавочная недапрацоўка СБУ.
Класічны ўкраінскі краявід спараджае ў прэзідэнтаў розныя думкі. Пуцін цікавіцца маўляў, а колькі вашая вёска, Леанід Данілавіч, за газ плаціць? Лукашэнка раіць маўляў, трэба ў вашым Чайкіне аграгарадок зарганізаваць, і абавязкова з Лядовым палацам. Але ж Кучма толькі змахвае самотную мужчынскую слязу, паволі святлее вачыма, і па вачах гэтых відно, што Данілавіч вось-вось танютка зацягне: «Ніч яка місячна, зоряна, ясная, видно, хоч голки збирай!..» І тут усе гэтыя тараса-шаўчэнкаўскія прыгажосці нечакана працінае стошаны шурпаты бас:
Ёб вашу маць!
Кучма хаўкае, нібыта кульнуў паўнюткі гранчак гарэлкі і памылкова гарэлкай жа запіў. Дзіка азіраецца, прачышчае пальцам вуха, азіраецца, нервова прыгладжвае далонню лысіну, шморгае носам, зноў азіраецца, і, нарэшце, утаропліваецца шалёным позіркам у Пуціна. А ў расейскага прэзідэнта выгляд такі, нібыта гімнастка Алена Кабаева запрапанавала яму павесіцца на сваіх стрынгах. І толькі Лукашэнка надзіва спакойны: у гэтага інтэлігента нервовая сістэма трэніраваная на свінафермах, мехстанцыях і ў райкамах партыі, там і не такія словы на сваю адрэсу давялося пачуць!