Эх, скручу я дудку! Такое зайграю! прамовіў ён і ціха-ціха зайграў.
Песня жальбы паплыла над тужлівым беларускім краявідам, бязлітасна перакрэсленым калючым дротам. Ноч нечакана адгукнулася далёкім шчаслівым рохканнем. Стасік, Чэсік! Га?! узрадваўся заходнекамуністы маладзён.
Рох-рох, плюх-плюх, азывалася начное балота.
А хто там ідзе? насцярожыўся Хросны.
Нашыя хлопцы ўжо блізка, вочы маладога камуніста заззялі падзабытым сялянкім шчасцем.
Чаму яны рохкаюць?
Малады вязень змоўніцкі прыклаў палец да вуснаў.
З чаратоў, што хісталіся адразу за калючым дротам, выткнуліся дзве вусатыя морды і цікаўна забліскалі дробнымі, што пацеркі, вачанятамі. Насы прагна ўцягвалі паветра, маленькія лапкі нецярпліва абмацвалі траву, нібыта нечага шукалі і не знаходзілі.
Хлопцы з суседняга барака цэлы тыдзень ані хлеба, ані солі не елі. Для вас стараліся, пафасна пахваліўся маладзён.
А гэтыя рох-рох, плюх-плюх жэрлі? недаверліва прымружыў вока беларускі мафіёзі.
Па начах цэлы тыдзень ім салоны хлеб за драты кідаў, да жалейкі прывучыў. І што цяпер будзе, самі пабачыце. Га?
А ў прывітальным рохканні ўжо прабіваліся ноткі лёгкага расчаравання і нават незадаволенасці.
Капэзэбовец выцягнуў з кішэні загорнутую ў анучку лусту турэмнага хлеба, шчодра пасыпаў яе буйной соллю і кінуў пачастунак на кантрольна-следавую паласу, але гэтым разам не за межы канцлагера, а акурат перад слупамі з нацягнутым дротам. Яго галодныя вочы зайздросна лыпнулі.
Бабры з бліжэйшай рэчкі, ужо тыдзень як прыкормленыя камуністым, звыкла кінуліся да жаданага, але пакуль недасяжнага пачастунку.
Стасік першым тыцнуўся вусатай пысай у калючы дрот і злосна загырчэў. А вось разумнейшы Чэсік адразу сцяміў, як можна дабрацца да салонага хлеба за непраходным барерам. Дробныя, як у дзіцёнка, лапкі абхапілі дубовы слуп. З-пад шырокіх здароўчых зубоў пасыпалася-паляцела пілавінне і трэскі. Неўзабаве слуп нахіліўся, і нацягнутыя драты зазвінелі. Праз колькі хвілін поруч з Чэсікам шчыраваў Стасік. Суседні слуп ён схрумкаў, як тая амерыканская бензапіла. Слупы валіліся адзін за адным, нібы даміношныя косткі, і цягнулі-абрывалі сталёвы дрот.
Галодныя жывёлы спрытна ўхойдалі апошні шэраг слупоў і навыперадкі кінуліся да прысоленага ласунка. Вільготныя шырокія хвасты надзейна замяталі сляды на ўзаранай кантрольнай паласе.
Апалітычныя беларускія бабры Стасік і Чэсік нават не здагадваліся, што праз сваю ненажэрнасць спрычыніліся да беспрэцэдэнтнай чакісцкай акцыі па арганізацыі ўцёкаў з Бярозы-Картузскай. Таварыш Баян, які на загад камандзіра Халоднай галавы здзяйсняў аператыўнае кіраўніцтва, прафесійна збудаваў увесь ланцуг выканаўцаў. Уцёкі не каштавалі ані шэляга меднага, бо паслухмяны камуністы, як і мае быць, рызыкаваў жыццём адно за абстрактную ідэю.
У таемным месцы пад балотнай купінай Хроснага ўжо чакала гумовая торба з цывільнай вопраткай, якасна падробленымі дакументамі і пачкам златовак вядома ж, фальшаваных. Сам Баян на вялікай амерыканскай машыне Пакард быў ужо выправіўся з Гародні, каб падабраць уцекача ва ўмоўленым месцы.
Маладзён выцягнуў з бетоннага штабелю прыхаваны драўляны брус і перакінуў яго на мур.
Ну што, таварыш Хросны Перадайце прывітанне нашым таварышам з Камінтэрна. Га? малады камуністы расчулена шморгнуў носам і выцягнуў з кішэні кісет з махоркай, гэта таварышы грамадоўцы вам у дарогу сабралі.
Ведаеш, я перадумаў уцякаць, з нечаканай суворасцю прамовіў той.
Га? не паверыў маладзён.
І па той бок дроту долі не відаць, кайданы няволі на руках звіняць, працытаваў адукаваны Хросны, дый, што там, зрэшты, добрага быць можа? Асадніцтва, прастытуцыя, парнаграфія, эксплуатацыя, беспрацоўе, санацыя, дыскрымінацыя, паланізацыя, Дэфензіва Бездухоўнасць, як той казаў. Бач, бабры і тыя галодныя.
А можа, так яно і трэба? пранікнёна запытаў камуністы.
Не, хлопча, я лепш тут застануся, сярод сваіх. Тут чыста, цёпла і не страляюць, як у іншых месцах. За калючым дротам выспа стабільнасці і спакою. Мяне паважаюць, у мяне абутак і вопратка па сезоне, гарантаваная ежа тры разы на дзень і ніякага беспрацоўя. Наш канцлагер адзінае месца ў свеце, дзе нават прыхадні не сумняваюцца, што ты праўдзівы беларус.
Усё слушна Толькі б не было вайны, таварыш Хросны! Мне за кратамі таксама тое-сёе падабаецца. Але ж трэба некаму і там за духоўнасць, за народнае шчасце змагацца! разгубіўся камуністы. Калі не вы, дык хто? Га?