Уладзіслаў Ахроменка - Музы і свінні

Шрифт
Фон

Уладзіслаў Ахроменка

Музы і свінні

Навелы

© Уладзіслаў Ахроменка, 2014

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Музы і свінні

Калі раскруціць глобус і неадрыўна ўглядацца ў яго недзе паміж пяцьдзясят другой і пяцьдзясят шостай паралелямі паўночнае шыраты, то ўваччу рана ці позна акрэсліцца пяшчотна-смарагдавы пяцікутнік, расквечаны камуфляжнымі плямкамі пясочных узвышшаў, валошкавых азёраў і ўльтрамарынавых рэчак. Сваімі абрысамі пяцікутнік нагадвае невялічкі кантынент, прынесены ў Еўропу загадкавымі вятрамі і акуратна ўпісаны ў самую яе сярэдзіну.

Калі павялічыць камуфляжны абшар і глянуць на яго прымружаным вокам, то пры жаданні можна ўбачыць і тамтэйшых насельнікаў. Гэта працавітыя гаспадары і шчаслівыя халопы, сціплыя інтэлігенты і брутальныя гопнікі, цнатлівыя каралеўны і недарагія прастытуткі. Ёсць яшчэ адстаўныя партызаны, патрыятычныя пярэваратні, маркотныя музы і калгасныя свінні.

Свінні і ўладараць на ўсім гэтым абшары: пішуць законы, дбаюць пра прагрэс і, галоўнае размяркоўваюць харч. Штодня да ночваў з камбікормам дысцыплінавана шнуруецца ці не ўсё наяўнае насельніцтва: гаспадары, гопнікі, партызаны, пярэваратні, інтэлігенты, і нават каралеўны. Парадак у чэргах абядноўвае сэрцы і накіроўвае розумы амаль усіх свінскіх падданых, а для некаторых нават замяняе імкненне да шчасця.

Але здараецца, што харчу на ўсіх не стае, і тады ў чэргах нясмела прыгадваюць пра свабоду. Гэта імгненна руйнуе парадак, бо свабоду кожны разумее па-свойму: гопнік беспакарана ссаць у падездзе, прастытутка адвольна падвышаць таксу, а інтэлігент зедліва крытыкаваць аплылых кныроў.

Такі момант самы прыдатны для зяўлення музаў, бо сытасць не спрыяе росквіту мастацтваў. Прыўкрасныя паненкі становяцца роўнааддалена ад падезда, бардэля і Акадэміі навук, настройваюць залатыя кіфары і спяваюць узвышаныя гімны пра годных ды адважных герояў. Прытым, некаторыя дзеўкі нават спрабуюць уцягнуць несвядомых гледачоў у несанкцыяваны карагод.

Людства хаўкае пашчэнкамі, нясмела таньчыць і спакваля набліжаецца да катарсісу. Але ж у гэты момант з бліжэйшага свінакомплекса прыбягаюць байцоўскія кабаны. Музам імгненна выстаўляецца абвінавачанне ў падрыўной, злачыннай дзейнасці. У падрыўной таму што мастацтва прымушае глядзець на свет іншымі вачыма. А ў злачыннай бо правакуе жаданне гэты свет змяніць. Музы спрабуюць давесці, што яны ўсяго толькі законапаслухмяныя паэткі чыстае красы, але ж разюшаныя кабаны адбіраюць у дзявуль кіфары, з асалодай лупцуюць іх дужымі капытамі па налітых цыцках і валакуць злачынак да вязніцы.

Вятры разносяць па краі ўрыўкі пашкамутаных спеваў. Словы пацеркамі абсыпаюцца долу. Але ж загадкавыя магнітныя імпульсы, якія нябачна віруюць над гэтым краем, цудадзейна складаюць з напаўзабытых словаў найноўшыя фразы, абзацы і рыфмы. Толькі цяпер спалучэнні персанажаў, сітуацый і іерархій фантасмагарычнае і выбуховае. Пазалота абсыпаецца з герояў, бы луска з карасёў. На месцы зляцелых німбаў раптоўна выторкваюцца дябльскія рогі, але ж і праз чорную звярыную поўсць іншым разам прарастаюць карункавыя анёльскія крылцы.

Неўзабаве перакручаныя гісторыі становяцца гарадскім фальклорам і нават набываюць легітымнасць нацыянальных міфаў. Як і мае быць, гэтыя міфы існуюць незалежна ад музаў, а ўжо ад свінняў і пагатоў. З цягам часу міфы абрастаюць падрабязнасцямі, набіраюцца глянцам і выпраўляюцца шпацыраваць па свеце, бы вольналюбныя каты. І без тае сучаснае міфалогіі немажліва зразумець насельнікаў камуфляванага пяцікутніка, які называецца Беларуссю.

А тым больш іх палюбіць.

І. Кліа. Муза гісторыі

Як Дзед Талаш пабываў на прыёме ў таварыша Сталіна

Падчас Другой Сусветнай вайны найбуйнейшым асяродкам беларускай культуры быў наменклатурны гатэль «Масква» у горадзе з такім жа назовам. У «Маскву», што месцілася непадалёк ад Чырвонай плошчы, ад самага пачатку вайны звозілі беларускую савецкую інтэлігенцыю з занятай немцамі тэрыторыі. Па хуткім часе на чацвертым паверсе падабралася досыць ладная кампанія: народны паэт Якуб Колас, дзіцячы пісьменнік Міхась Лынькоў, празаік Кузьма Чорны, спявачка Ларыса Александроўская

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3