Там, Хросны паказаў на начную беларускую дрыгву, барацьбітоў са змагарамі ніколі не бракавала. А дзе плён? Дзе шчаслівае, заможнае жыццё?
Ад вас плён будзе, так і вашыя таварышы казалі, з гэтага, як яго там з Чэ-Ка. Га?
З Чыкага? знерухомеў Хросны. Чаму ж ты раней не казаў, што гэта янкі мне ўцёкі зарганізавалі?
Мо і янкі. Не ведаю. Але яны хлопцы чэ-ка-скія, дакладна. Я ж ад пачатку казаў, канчаткова сумеўся маладзён, вас будзе чакаць вялікі амерыканскі самохуд Сухая яблыня дзічка На шашы Дык што ім цяпер сказаць, га?
Не пераймайся. Сам скажу.
Хросны сунуў у кішэню кісет, раскінуў рукі крыжом і пайшоў па хісткім брусе да шчарбатага кляштарнага мура. Перш чым скочыць, ён азірнуўся:
Цябе як клічуць?
З-за жалейкі Пеюном празвалі, разгубіўся маладзён і войкнуў.
3
Ой, бярозы ды сосны размілавана роў кіроўца ў чакісцкай скуранцы і круціў руль шляхотнага Пакарда.
партызанскія сёстры згодна падхапіў таварыш Баян і нервова глянуў на гадзіннік. Праз тры гадзіны мусім быць пад Картуз-Бярозай. Цісні на акселератар! За сіняватым куленепрабівальным шклом амерыканскага лімузіна шпарка беглі балоты, лясы, сенажаці ды іншыя някідкія адметнасці класічнага тутэйшага краявіду.
Бралася на вечар. Па шашы нетаропка каціліся палягчэлыя сялянскія вазы. Гаспадары, што ўдала распрадалі на Гарадзенскім кірмашы сала, яйкі і млека, адзначалі свае бізнесовыя поспехі дарагой вудкай крамнай .
Счакай, не апярэджвай, загадаў кіроўцу Баян і апусціў шкло дзвёркі. Пакард паволі сунуўся каля самага воза. Конь палахліва скасавурыўся на нікеляваны радыятар з крылатай срэбнай скульптуркай.
Дзень добры, таварышы сяляне! прывітаўся чакісты.
Гаспадар павагаўся, збянтэжаны словам таварышы, што прагучала з лімузіна, і на ўсялякі выпадак зняў шапку.
І вам дзень добры, паночкі, вясковец заціснуў паміж каленяў малую пляшачку, на донцы якой яшчэ боўталася крыху вудкі.
Дорага ж каштуе. Не шкада грошай, крывавым мазалём заробленых? падначыў Баян.
Дык нагода ж ёсць, селянін выцягнуў з-за халявы колькі златовак, са швагерам пяцёх парсюкоў прадалі! А што не дапіваеце?
За каўнер закласці пакінулі, уздыхнуў гаспадар.
Гэта як, таварышы? зацікавіліся чакістыя.
Селянін знізаў плячыма:
Плесканем крыху на далонь і па шыі, як паны адэкалёнам. Хай уся вёска думае, што мы шмат у шынку выпілі.
Во да чаго паны-эксплуататары працоўны люд давялі! шчыра абурыўся Баян. Не адчайвайцеся, таварышы сяляне. Вызваленне з Усходу ўжо блізкае. Як Саветы прыйдуць, зажывеце гарэлка танная. Гнуць спіну не трэба, гуляй, пі сабе на здароўе ад панядзелка да панядзелка.
Хай сабе і танная, а жыць з чаго, як не з працы? з вясковай разважлівасцю запярэчыў селянін.
Баян выцягнуў з шырокіх галіфэ крамлёўскую пляшку, вытаргнуў зубамі рубінавую зорку-корак і добра-такі каўтануў з рыльца.
Глядзіце, зайздросьце, я грамадзянін Савецкай Беларусі! ганарліва дакляраваў ён і выцер падбароддзе рукавом. Няма ў нас на каго спіну гнуць! У нас няма дваранаў, у нас усе роўныя! Ганіце польскіх паноў і падпанкаў! Стварайце камітэты сялянскай беднаты! Уступайце ў падпольныя партячэйкі! Чытайце Звязду ды Савецкую Беларусь! Купляйце танную кантрабандную Крамлёўскую толькі ў шынках Навума Фабрыканта! І тады, як прыйдуць Саветы, кожнаму селяніну дадуць па такім самым лімузіне, як у нас!
Калі за Саветамі жыццё такое шчаслівае, то, можа, і людзі там не паміраюць? хітра прымружыўся селянін.
Старыя паміраюць, скрушна прызнаўся чакісты, тут жа схамянуўся, выправіўся, але ненадоўга.
Кіроўца злякана зірнуў на старэйшага таварыша і прыціснуў газ. Пакард ірвануў па шашы.
Ты чаго? здзівіўся агітатар, я нават пачаставаць іх не паспеў!
Таварыш Баян! Знаходзячыся на тэрыторыі, часова кантраляванай класавым ворагам, ты злосна парушыў канспірацыю, сувора нагадаў кіроўца ў скуранцы, таварыш Пранік такога ніколі не даруе. Да цябе я гэткага ж балбатуна вазіў. І ведаеш, куды яго язык завёў? У Курапаты!
У салоне запанавала маўчанне, было толькі чуваць, як роўна гудзе магутны васьміцыліндровы рухавік жарэ паліва і кіламетры, бы тая свіння памыі. Мільгацелі бярозы ды сосны. У даліне, залітай фіялетавым паўзмрокам, шапталіся явар з калінай. Стракацелі вузкія сялянскія надзелы палосы. Абапал дарогі крыжамі-волатамі чарнелі тэлеграфныя слупы.