Уладзіслаў Ахроменка - Янкі, альбо Астатні наезд на Літве стр 10.

Шрифт
Фон

 Адзін з галоўных ідэалагічных махляроў у свеце капіталу,  завучана адгукнуўся Пранік,  опіум, як той казаў.

 Ясна. А хто мацнейшы за яго ў прадажным свеце капіталу?

 Таварыш Сталін вучыць, пакуль што, да сусветнай рэвалюцыі Дзядзька Сэм мацнейшы.

 А калі б легат Дзядзькі Сэма з легатам таго Папы Рымскага барукацца пачалі, хто б з іх перамог?  цікаўна прыкінуў Баян.

 Безумоўна, амерыканскі легат папскага.

 Дарэчы,  Баян задуменна пачухаў патыліцу,  мне адзін палітвязень з КПЗБ, што сядзіць у Бярозы-Картузскай, сігналізаваў: у іх тамака аўтарытэтны чыкагскі злодзей-камінтэрнавец тэрмін адбывае. Джон Сміт-Весон. Ён жа Хросны. З ім мы бы далі прачухацца таму папскаму легату. Загадаеце дзейнічаць, таварыш камандзір?

 З канцлагера Бяроза-Картузская яшчэ ніхто не ўцякаў, слушна нагадаў Пранік.

 Для сапраўднага чакістага не бывае нічога немагчымага,  запэўніў Баян,  у таго палітвязня-капэзэбоўца ёсць на волі памагатыя з простых. Нейкія Стасік і Чэсік. Ён казаў, калі партыя загадае сталёвыя драты перагрызуць, зямлю насамі ўзаруць, Нёман па дне пяройдуць.

 Хлопцы хоць надзейныя?  па-чакісцку прымружыўся камандзір.

 Сам іх на вочы не бачыў. Канспірацыя. Але, як той казаў, звяругі! Дык дзейнічаем?

2

 Ну што, таварыш Хросны Сміт-Весон дзейнічаем, га?  хлопец з паблажлівым тварам вясковага капэзэбоўца таргануў за рукаво турэмнай робы немаладога хударлявага мужчыну.

Хісткі агеньчык свечкі адбіўся ў васільковых, як неба над Мічыган-Возерам, вачах Хроснага.

 Хіба ўсё гатова?  шнары і зморшчыны на разважлівым твары склаліся ў мазаіку зацікаўленасці.

 Га? Зараз усё і пабачыце, і зразумееце, таварыш амерыканскі камінтэрнавец.

 Колькі разоў табе казаць, гэта для Дэфензівы я камуняка, а насамрэч нармальны тутэйшы буржуазны нацыяналіст.

Капэзэбовец хітра прымружыўся і задзьмуў свечку.

 Зразумеў. Канспірацыя, га?

 Га-га,  нібыта пагадзіўся Хросны і махнуў рукой,  гакала!

Бразнула клямка, вязні выбраліся з вільготнай цемры былой манаскай келлі на свежае лагернае паветра.

Мярцвянае электрычнае святло пражэктараў з ахоўных вышак аблівала старажытныя муры былога Картэзіянскага кляштара, ператворанага прыхаднямі-палякамі ў канцлагер для нацыянальна-свядомых, камуністых і сацыялістых беларусаў. Вецер звінеў калючым дротам агароджы. Ад балотных чаратоў, што пачыналіся адразу за кантрольна-следавай паласой, плыў паўпразрысты туман.

Хросны і капэзэбовец крадком прабраліся ўздоўж сцяны турэмнага корпуса і спыніліся за штабелем жалезабетонных бэлек, якія палітвязні штодня цягалі праз увесь пляц пад прыцэламі карабінаў аховы. Гэтыя фізічныя практыкаванні рабіліся па загадзе пана каменданта. З самое раніцы і да палудня зняволеныя цягалі бэлькі ад лямуса да былой плябаніі, а пасля палудня ад плябаніі да лямуса.

 А бэлькі не ляснуцца?  насцярожыўся Хросны.

 Нашы сябры-грамадоўцы спецыяляна іх гэтым разам так склалі, каб вам было дзе схавацца,  патлумачыў капэзэбовец.

Палітвязні асцярожна ўскараскаліся па складзеных крыжом бэльках. Адсюль, з вышыні, можна было разгледзець не толькі пругкую спіраль калючага дроту па-над шчарбатым кляштарным мурам, але і балота з рэчкай, за якой прамалёўвалася стужка шашы.

Воля была зусім блізка. Здавалася, варта добра разагнацца, скочыць і пабяжыш па роснай траве ў вільготную ноч, да цёмнае шашы. Але паміж мурам і кантрольна-следавой паласой сувора паўставалі загостраныя дубовыя слупы, густа пераплеценыя калючым дротам, праз які было не прабрацца, не праціснуцца.

Вецер з балота разгойдваў на ліхтарах бляшаныя конусы са сляпучымі электрычнымі лямпачкамі. Пачварныя цені бязладна кідаліся па лагерным двары. За руінамі касцёла злавесна чырванелі вокны асабняка пана каменданта. З іх даляталі ледзь чутныя гукі накцюрна.

 Нават пасля адбою свайго Шапэна грае. Кат!  маладзён звузіў вочы.  Нічога, мы з ім яшчэ сустрэнемся на барыкадах!

Нябачны кажан са свістам успароў крыламі павертра над галовамі вязняў. У гадавальніку забрахалі сабакі, і лагодныя гукі накцюрна сцішыліся.  А ты казаў, усё гатова,  расчаравана нагадаў Хросны, аглядаючы непахісныя слупы.  Як дзейнічаць збіраешся?

Капэзэбовец хітравата пасміхнуўся і выцягнуў з кішэні жалейку-самаробку.

 Эх, скручу я дудку! Такое зайграю!  прамовіў ён і ціха-ціха зайграў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3