Высокую цану за сваю дапамогу прызначыла?
Толькі пазней усе зразумелі, наколькі. Яна папрасіла ў якасці платы для сябе тыя землі, якія былі вынішчаныя і пахаваныя пад тоўстым слоем попелу і таго расплаву, што скамянелым панцырам пакрыў глебу. Часу на разважанні не было, і Семаргал пагадзіўся. Зрэшты, тыя землі падаваліся ўжо ні да чаго не прыдатнымі. Сваё слова яна выканала. Спусташальная плынь, вогненная кроў зямлі, была спыненая, а дакладней замарожаная. А спаленая зямля пакрылася ледзяным покрывам. Нічога жывога ўсё адно расці на такім месцы не магло, таму і Семаргал напачатку лічыў, што няшмат згубіў, аддаўшы тыя тэрыторыі вядзьмарцы. Але каварства яе выявілася пазней, калі яна ўжо добра замацавалася на тым месцы. Адна бяда ідзе, другую за руку вядзе. Мала таго, што зямля была папаленая, дык яшчэ тады і год неўрадлівы выдаўся. І тут Маразанна прапанавала яшчэ адну сваю дапамогу. Бо не толькі замарожваць усё яна ўмела, але і глебу багатай рабіць. Настолькі, што нават на пяску ўраджай мог узрасці. Хоць і не задарма, вядома ж. Ад кожнага двара, якому дапамагала, патрабавала па аднаму жыхару, каб на працягу цэлага месяца адпрацоўваў ёй паслугу насіў вёдрамі ваду.
А вада ёй навошта?
Яе вядзьмарка ператварала ў лёд, з якога пабудавала сабе ля падножжа гары сапраўдны палац. Хоць і з лёду, і не такі вялікі, як каралеўскі, але надзвычай пекны, які сваёй асляпляльнай прыгажосцю ззяе ў промнях сонца, і з вытанчанымі вежамі, што ўзносяцца высока да неба. Напачатку жыхары нават з удзячнасцю выконвалі сваю працу, бо зямля зрабілася тлустай, іх гаспадаркі ўрадзілі, як ніколі, зерне закаласілася, агародніна налівалася сокам, усё заквітнела і цешыла вока. Маразанна і тут стрымала сваё слова. Але хутка стала зразумелым, што немагчыма разарвацца паміж сваёй гаспадаркай і адпрацоўкай доўгу. Бракавала не толькі часу, але і сіл, бо справа была вельмі не лёгкай. Вось тут Маразанна ўпершыню свой характар і выявіла. На тых, хто быў не ў стане адплаціць ёй сваёй працай, яна насылала сваіх служкаў паветрыкаў.
Што яшчэ за яны?
Малыя і шкодныя стварэнні. Паасобку гэтая драбяза, можа, і не страшныя, бо не такія ўжо і дужыя, але ж лётаюць заўсёды зграяй, ды злыя, як шалёныя сабакі. Налятаюць у віхуры знянацку і кідаюцца гуртам на сваю ахвяру. І хочаш, не хочаш не адабешся ад іх. Чапляюцца за рукі, за ногі і нясуць над зямлёю па паветры, і не вырвешся ад іх. Зацягваюць няшчасных даўжнікоў у сутарэнныя вязніцы ледзянога палаца, а там ужо Падвей, у якога яны ў падпарадкаванні, катуе палонных небарак. Вох і злосны ён, я вам скажу. Нават паветрыкі нішто перад ім. Знешне быццам бы і чалавек, сівы, у гадах, але твар халодны і бяздушны, нібы прывід які. Замест ног віхура пад ім, на якой ён і перасоўваецца. А характарам, як звер люты і бязлітасны. Не пазайздросціш таму, хто да яго патрапіць. Налятае ён на няшчаснага ветрам, закручвае ў свой хвост-віхор, выварочвае, а то і ламае асабліва незгаворлівым рукі-ногі. А каб тыя не крычалі ад нясцерпнага болю на час катаванняў адымае мову, язык і горла замарожваючы. Тут пагодзішся на што заўгодна. Але пасля праходжання пакут ты ўжо быў вымушаны ў два разы болей адпрацоўваць свой доўг.
Што за жахі! Нават цяжка ўявіць такое. І што, ўсе церпяць яе выбрыкі?
Ну чаму ж. Знаходзіліся, хоць і за рэдкім выключэннем, героі, якія з такім не пагаджаліся. Хоць і цяжка сказаць, чаго там болей гераізму, ці гэта быў апошні крок адчаю, бо губляць ім ужо не было чаго. У любым выпадку іх лёс быў яшчэ горшы, бо траплялі яны тады ў рукі да самой Маразанны.
Хіба можа быць што яшчэ горшым?
Паверце, можа. Праблема ў тым, што свой палац яна палюбіла ўпрыгожваць скульптурамі.
Дык што тут страшнага?
Страшэнна тое, што гэта за скульптуры. Бо гэта замарожаныя фігуры акурат тых смельчакоў, што адважыліся пярэчыць ёй ці пайсці супраць яе. Такіх яна бессардэчна ператварае ў ледзяныя скульптуры моцай свайго чарадзейнага кія. А потым расстаўляе на відных месцах свайго палаца, каб усе бачылі, што можа чакаць за непадпарадкаванне ёй.
Як, і ў яе ёсць чарадзейскі кій?
Вядома ж. Хіба толькі з іншымі ўласцівасцямі. Ды і знешне ён не падобны на кій Волха нібы шэранню пакрыты, а верхавіну яго ўпрыгожвае вялізны, у вытанчаным разьбяным абрамленні дыямент, які ззяе. На што пакажа яна сваім кіем і даткнецца умомант у лёд ператворыцца.
Ашалець! І шмат ужо такіх скульптур?
Не сказаць, каб зашмат. Бо калі яна зусім не ў духу, а гэта часта, то сярпом галаву з плячэй далоў адсякае. Ды і мала хто быў у стане вытрымаць катаванні Падвея. І, быццам, будовы палаца ёй было мала, працягнула і далей выкарыстоўваць жыхароў Вагорыі. Падобна, што пасля землятрусу з выкідам вогненнай крыві зямля вывергла з глыбіні дыяменты. Адразу за палацам ля падножжа гор знаходзяцца разломы, у якіх Маразанна наладзіла капальні, дзе тыя каштоўнасці і здабываюць. І дайшло да таго, што многія мужчыны пачалі знікаць.
Але ж гэта папросту нявольніцтва нейкае. Так нельга ставіцца ні да кога. Няўжо ніхто не змог супрацьстаяць гэтаму дзікунству? Куды сам Семаргал глядзеў?
Верце ці не, але акурат Семаргал і узняў войскі, каб прагнаць яе. Напачатку ён закрываў на ўсё вочы, зрэшты, Маразанна дапамагла яму выратаваць каралеўства ад яго памылкі. Ды і з ураджайнасцю зямлі жыхарам дапамагала. Нават калі пайшлі скаргі ад народу, ён быццам бы не заўважаў іх, не надаваў належнай увагі. Але калі жыхары пачалі ўжо ледзьве не бунтаваць, бо іх сваякі не вярталіся з сутарэнняў вядзьмаркі, ён пагадзіўся, што яна насамрэч перайшла ўсе межы дазволенага. Напачатку ён сам-насам хацеў перагаварыць з ёй. Узяў прыдворных маршалкаў і накіраваўся да яе. Але яна іх нават на ганак палаца не пусціла, заявіўшы, што гэта цяпер яе тэрыторыя паводле дамовы.
На зямлі каралеўства Вагорыя?
Атрымліваецца, што так.
Тады ён папярэдзіў, што не дазволіць ёй так абыходзіцца з яго падданымі. На што яна толькі засмяялася, адмахнуўшыся, што яны самі ў нявольніцтва да яе падпісаліся. А калі Семаргал прыгразіў ёй, што яна паплаціцца за сваё нахабства, яна начаравала вецер, які наляцеў віхурам і перанёс іх за мяжу лядовых уладанняў Маразанны.
Семаргала? І ён такое стрываў?
Вядома ж, не. Вы ж памятаеце ягоны ўзрыўны характар. Семаргала прынізілі на вачах яго падданых. Пасля гэтага выпадку ён быў так абураны, што адразу ж склікаў вайсковую нараду, пасля якой абвясціў аб тэрміновым зборы войска. І ужо ў хуткім часе рушыў паходам на ледзяны палац вядзьмаркі. Ён быў упэўнены, што зруйнуе яго з наскоку. Ды дзе там! Як у той прымаўцы: захацела жаба на раку пакатацца.
І як?
Аніяк. Без лапаў засталася, паадкусваў. Не разлічыў Семаргал сваёй моцы. Уся зямля вакол палаца была закаваная ў лёд. Напачатку ўсё было спакойна, пэўную адлегласць ваяры прайшлі без перашкод. Але, калі войска ўжо было цалкам на лёдзе, наляцелі на іх паветрыкі на чале з Падвеям, і давай усіх кружыць і коўзаць, як дзяцей малых па слізкім катку, пакуль яны рукі-ногі не пачалі сабе калечыць ды галовы разбіваць. І была б зусім бяда, каб не чары Семаргала, якому атрымалася авалодаць і ведамі Волха, як утаймаваць стыхію ветру. Яго чарадзейскія моцы апынуліся мацнейшымі за Падвея, супраць якога ён скарыстаўся ягонай жа зброяй. І паляцеў той стары разам з тымі паветрыкамі ў віхуры высока ў горы ды на вострыя ўцёсы.
Во смеху, відаць, было.
Думаю, не без таго. Атрымалі па заду сваім жа дрынам. Ды толькі рана было перамогу святкаваць. Абнадзееныя, што ўдача на іхнім баку, узрушана рынуліся яны далей да палаца Маразанны. Ганарлівай постаццю сустрэла іх вядзьмарка, стоячы на сваім балконе і напышліва на ўсіх згары пазіраючы. Семаргал загадаў чараўніцыкаціцца прэч/ісці прэч з ягонай зямлі, але яна толькі засмяялася і нахабна адказала, што калі той не развернецца і не сыдзе зараз жа, то і сам трапіць у няволю. Раззлаваны Семаргал нават не стаў нічога адказваць, а скіраваў свой кій у яе бок і выклікаў віхор, намерваючыся скінуць з вышыні Маразанну, садзьмуць, як і паветрыкаў. Але яна папросту адвяла той вецер рукой, і ён рассеяўся, нібы туман па раніцы. Толькі гэта Семаргала ані трохі не збянтэжыла, а толькі яшчэ болей разгневала. І ўжо не вецер, а спусташальны агонь выклікаў ён, жадаючы знішчыць ледзяны палац, а разам з тым спапяліць і дзёрзкую вядзьмарку. Але і тут не даў рады. Гэта была бітва вогненнай і ледзяной магій. Агонь павінен быў растапіць лёд, так заўсёды бывае ў прыродзе. Толькі, падобна, не ў гэтым выпадку. Законы прыроды выявіліся тут бяссільнымі. Лядовая бруя і снежная завея ахутвалі полымя белым покрывам і ўмуроўвалі яго, не даючы прабіцца праз ледзяны шчыт. Агонь знікаў, бы замярзаючы, і гэты выглядала дзіўна. А потым сталася яшчэ горш. Маразанна ўзняла кій да неба, прамовіла заклён, і на галовы ваяроў з хмар, што невядома адкуль наляцелі і закрылі сабой усё неба, градам пасыпаліся вострыя ледзяшы. Не град, а менавіта ледзяшы, памерам з наканечнік добрай дзіды. І хто не меў добрых даспехаў, так і застаўся там ляжаць на замерзлым полі бітвы. Астатнія ж былі вымушаныя бегчы, нават і сам Семаргал. Бо было відавочна зразумела, што Маразанна апынулася нашмат мацнейшая за яго, нават без войска.