Алег Грушэцкі - Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд стр 5.

Шрифт
Фон

 Гатовая?

Дзяўчына толькі згодна кіўнула ў адказ і напружылася ў чаканні. Янка павярнуў крыжык, і па раме пранёсся трэск. Юнак трохі адсунуўся ў бок, ад бяды падалей, і тут жа шкло абсыпалася дробнымі аскепкамі ўніз, знікаючы недзе за рамай люстэрка. Брат падаў руку і дапамог сястры падняцца на куфар. Затым смела рушыў у цемру, што цяпер утварылася на месцы люстра, і знік. Мілана насцярожана ўслухоўвалася ў пустэчу. Было толькі глуха чуваць, як ён недзе выскачыў.

 Ну як там?  хвалявалася дзяўчына.

 Ды нармальна ўсё! Давай сюды!

 Гэта добра! Але ці не холадна там?

 Ды не, падобна што тут лета!

 Лета? Хм! Гэта ўжо файна.

І яна, больш ні хвіліны не вагаючыся, рушыла ўслед за братам. Зехаўшы долу, яна вылецела праз праём і зноў апынулася на той самай паляне, з якой і пачыналіся іх мінулыя падарожжы. Трохі ў баку стаяў Янка, аглядаючы наваколле. Гэтым разам ён не быў у рыцарскіх даспехах, зрэшты, і не браў іх. Але і без таго выглядаў досыць шляхетна яго абутак змяніўся на сафянавыя боты, звычайны швэдар на лёгкі, але прадстаўнічы шляхецкі жупан, падвязаны ядвабным поясам. У такім выглядзе хоць зараз да двара не сорамна. Мілана ўстала, атрэслася, і ацаніла свой выгляд, які таксама перайначыўся як і калісьці ўсё той жа ўпелянд, упрыгожаны залатой вышыўкай, толькі іншага адцення, і цяпер паверх яго звісалі дарагія жамчужныя каралі. Дзяўчына прыгадала, што ў яе на шыі былі сціплыя пацеркі, зусім танныя, так, драбяза. Але ж цяпер! Пра такія яна нават і не марыла. І, вядома ж, давяршала вобраз шыкоўная дыядэма з пералівістымі ў промнях сонца дыяментамі.

 Што ж, годна,  засталася яна задаволенай.  Хаця, для падарожжа можна было лепей застацца і ў тым, у чым былі, падсумавала яна, ужо ведаючы, як нялёгка ў гэтым строі прабірацца скрозь лес.

Затым яна азірнулася навокал. У пары года Янка, напэўна, трохі памыліўся. Холадна не было, але і да лета не надта было падобна. Хутчэй ранняя восень, бо некаторае лісцё пазалацілася ўжо. І спёкі летняй не было, адчувалася лёгкая свежасць.

Паляна выглядала крыху іначай. Гэта была дакладна яна, хіба толькі з цягам часу злёгку зарасла хмызнякамі. Але валун быў па-ранейшаму на сваім месцы. Да яго Мілана адразу і накіравалася. Час адбіўся і на камені бакі пачалі зелянець, месцамі пакрыўшыся імхом. Мілана пільна агледзела валун з усіх бакоў і сумна ўздыхнула:

 Нямашака.

 Ты пра вужаку?

 Пра яго.

 Спадзявалася ўбачыць?

 Хацелася б.

 Так, няблага было б. Ён бы хоць распавёў, што тут ды як. Цікава, чаго нам чакаць гэтым разам? Гэтыя змены краявідаў мяне калі не палохаюць, то прымушаюць думаць усё, што заўгодна.

 Гані дурное з галавы. Усё мусіць быць добра. Усіх злых ведзьмакоў пазбавіліся, цяпер у каралеўстве павінен панаваць мір ды спакой. Весялей, братка!

 Добра, калі так. Але ж колькі нас не было, што ўсё так пазарастала?

Мілана задумалася на хвілінку, разважаючы.

 Ды гадоў дзевяць-дзесяць, мяркую.

 Магчыма. Змянілася ўсё заўважна. Хочацца спадзявацца, што толькі тут.

 Будзем у гэта верыць.

 Што ж, можам нават праверыць. Мяркую, гэтым і зоймемся.

 Зрэшты, нездарма ж мы ізноў тут. Ну што, у дарогу?

 Рушым!

І яны ўжо накіраваліся наперад, але раптам Янка задумаўся.

 Ага, рушым. А куды?

 Насамрэч!  усміхнулася Мілана.  Мо да Пугача, як звычайна?

 З аднаго боку адведаць трэба абавязкова. А што, калі яго не будзе ў сябе?

 Як так?

 Калі ў каралеўстве запанаваў спакой, ён і да замку мог перабрацца. Бадай, у гадах ужо, цяжка жыць аднаму.

 Магчыма, ты маеш рацыю. Хаця, гэта малаверагодна.

 Чаму?

 Ды не пакіне ён сваю бібліятэку, яна для яго найкаштоўнейшы скарб.

 Ну так, лагічна.

 Але і рызыкаваць марна не хацелася б. Шлях да яго няблізкі, а заспеем пугача ці не, насамрэч невядома.

 Вось і я пра тое. І да замка значна бліжэй. Калі там усё добра, мы гэта, мяркую, і здалёк убачым. А там ужо, і чым каралеўства дыхае, даведаемся.

 Згодная, давай зробім па-твойму. А там будзе бачна.

 Тады хадзем?

 Наперад, вандроўнік!

І яны скіраваліся праз лес у бок замка. Дарога не падавалася надта цяжкай, у адрозненні ад паляны, тут не так усё пазарастала. Да таго ж, іх падганяла прага як мага хутчэй убачыць старых знаёмых і жаданне спраўдзіць, ці не адбыліся якія змены за гэты час. Але ў пэўны момант Янка знянацку спыніўся і насцярожыўся. Прыслухалася і Мілана. Аднекуль пучуўся шолах і лёгкае храбусценне галінак. Зусім блізка.

 Злыдні?  выказала здагадку дзяўчына.

Хлопец толькі паціснуў плячыма, і яны хуценька схаваліся за дрэвы. Якое ж было іх здзіўленне, калі з-за хмызняку выбегла сямейка вожыкаў. Дзеці гатовыя былі нават рассмяяцца з таго, што сабе надумалі, але выдаваць сябе не хацелася. Пырхаючы і пасопваючы, купка калючых клубочкаў прашамацела на кароценькіх ножках усяго ў якіх метрах пяці ад іх і знікла ў гушчары лесу.

 А ты ведаеш, што вожык гэта насамрэч пацук, які не пагаліўся,  пажартаваў Янка.

 А чаму не пагаліўся?

 Ясная справа каб котцы не спадабацца і каб тая не зела.

Мілана ўсміхнулася, і яны рушылі наперад. Далейшы шлях пралягаў без здарэнняў. Хіба толькі, на самым ускрайку лесу, калі ўжо пабачыўся прасвет, яны пачулі дзіцячыя галасы. Гэта мясцовыя дзяўчынкі забраліся так далёка ад сваёй вёскі, збіраючы грыбы-ягады. Убачыўшы незнаёмцаў у дарагіх строях яны разгубіліся. Сустрэць у гэтакай глухмені шляхетных асоб яны дакладна не чакалі. Дзяўчыны напачатку выхавана павіталіся, а потым чамусьці вырашылі адысці на адлегласць, і ўвогуле заспяшаліся, відаць у бок сваёй хаты.

 Спужаліся нас, ці што?  дзівілася Мілана.

 Дык не такія ж і страшэнныя мы.

 А з іншага боку незнаёмцаў трэба сцерагчыся, таму ўсё правільна.

Нарэшце яны выбраліся з лесу. Перад імі распасціралася вялізнае поле, за якім удалечыні быў ужо бачны і замак. Яны спыніліся і агледзеліся. На полі не было відаць людзей, што было трохі нечакана. Але не назіралася і ваўкалакаў, як калісьці, і гэта ўжо цешыла ды было добрым знакам. І брат з сястрой смела закрочылі да сваёй мэты.

Яны выйшлі на галоўную дарогу і накіраваліся ў бок брамы. Выпадковыя мінакі не звярталі на іх асаблівай увагі, бо здалёк яны маглі нагадваць якіх-небудзь купцоў, што былі тут звыклымі. А можа і выхавана імкнуліся не разглядаць чужаніцаў, бо пільныя позіркі не кожнаму прыемныя. Ды й, калі шчыра, у твар не кожны іх ведаў, хоць і чулі пра іх у каралеўстве, безумоўна ж, усе. Хіба толькі дыядэма Міланы прымушала задумацца, што гэтая юная спадарыня мае вельмі шляхетнае паходжанне.

Брат і сястра дайшлі да моста, які быў узведзены праз раку перад брамай, і тут іх сустрэлі першыя вартавыя. Убачыўшы няпростых падарожнікаў яны ўзрушыліся. А можа нават і пазналі іх. Калі хто з ваяроў прымаў удзел у бітвах, то мог і бачыць уласна герояў каралеўства.

 Ваша Высокасць! Радыя вас вітаць! Ці можам вам чымсьці служыць?

Было відаць, што яны калі не напалохаліся, то не на жарт усхваляваліся. Ніхто, зрэшты, не чакаў такіх высокіх гасцей, не было раней і папярэджанняў.

 Дзень добры!  павіталася Мілана ў адказ.  Мы б хацелі даведацца, а ці ў замку кароль Мацей?

 Так, вядома. У яго ўчора была важная нарада, сёння ён адпачывае.

 А ці можам мы яго пабачыць? Можна яму перадаць, што да яго прыйшлі

 Я ведаю, хто вы,  не даў нават скончыць вартавы.  Каралеўна Мілана і рыцар Янка, нашы высакародныя героі.

 Хм, але ж!  прыемна здзівіліся яны.

 Я зараз жа папрашу, каб даклалі аб вашым прыходзе. Зараз вылучу жаўнера, які вас праводзіць.

Як высветлілася, іх суразмоўца быў старэйшым па званні гэтай змены стражнікаў і хутка ўрэгуляваў усе пытанні. Ён паклікаў некалькі чалавек з ахоўнікаў, што стаялі на іншым канцы моста, бліжэй да брамы, і аддаў ім распараджэнні. Адзін з вартавых пабег дакладаць каралю пра прыбыццё важных гасцей, і яшчэ аднаму было загадана, каб адвёў іх да двара. І Мілана з Янкам, шчаслівыя, што ўсё так добра складаецца, рушылі за ім.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3