Алег Грушэцкі - Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд стр 4.

Шрифт
Фон

Вяртанне ў каралеўства

Па калядным шэсці ўсе дзеці атрымалі ласункі. Асабліва прысмакаў дасталася «козачцы», якая больш за ўсіх працавала. А з іншага здабытку збіраліся зрабіць агульны стол для ўсіх калядоўшчыкаў. Янка з Міланай ісці не планавалі, хоць дзеці там таксама будуць. Яны добра стаміліся і хацелі адпачынку. Ведаючы па мінулых гадах, святочнае застолле працягнецца хіба не да раніцы гуляць на вёсцы ўмеюць. А вось бацькі пойдуць абавязкова, бо вельмі хацелі пабачыцца са сваякамі ды сябрамі. І ўсе абавязкова чакаюць іх бабулю, без якой вечарына нават не ўяўляецца, бо без яе спеваў і свята не свята. Народных песень яна ведае багата, а яе голасам можна заслухацца сябе на радасць. Ну, і куды ж без іх дзеда галоўнага зорканошы. Толькі пераапрануцца варта было і зорку назад у камору прыбраць. Да наступнай Каляды.

 Бацька, я ўсё сам прыбяру, ты збірайся,  запрапанаваў сын дапамагчы, каб нікога не затрымліваць.

Стары не адразу, але пагадзіўся і даў яму ключы. Зрэшты, яго з жонкай чакалі іншыя калядоўшчыкі. Пазаносіць старыя важкія кажухі, вялікую зорку ды іншае, насамрэч, часу адымала. Каб хутчэй даць рады з усім, далучыліся да бацькі і Янка з Міланай, якой таксама трэба было пакласці на месца сваю маску і футра «казы».

Дзеці ўвайшлі ў невялічкае памяшканне, стаіўшы дыханне. Для іх гэта была не проста камора, а нешта загадкавае, таямнічы пакой. Хоць рэчы трэба было класці ў іншае месца, але, заходзячы, яны ўтаропіліся і не адводзілі вачэй ад старога грувасткага куфра і старадаўняга люстэрка, якое было фактычна сямейнай рэліквіяй. Усё было на сваіх месцах. Яны так заглядзеліся, што ледзьве не ўрэзаліся адзін у аднаго.

 Э-гэй! Прачніцеся!  вярнуў бацька сваіх зачараваных летуценнікаў у рэчаіснасць.

А потым паглядзеў на тую сцяну і прызнаўся:

 Шчыра кажучы, мяне таксама ў дзяцінстве заварожвала гэтае люстра. Нешта ў ім ёсць, гэта нават цяжка перадаць на словах. Кажуць, што старажытныя люстэркі хаваюць у сябе шмат таямніц. Падумаць толькі, колькі нашых продкаў стаяла перад ім, глядзелася ў яго са сваімі думкамі, разважаннямі. Ёсць у гэтым нешта загадкавае, можа нават містычнае. Калі ўглядаешся ў гэтую бясконцасць Нездарма ж, напэўна, люстры лічаць парталамі ў іншыя вымярэнні.

 Напэўна,  пагадзіўся Янка.  А табе дзеда нічога пра яго не распавядаў?

 Не. Ды я неяк і сам не пытаў у яго. Прызнацца, колькі памятаю, яно заўсёды вісела ў каморы, а пускаць ён сюды нікога не любіць. Для яго гэта скарбніца, уласная тэрыторыя, дзе іншым знаходзіцца не пажадана. Амаль sancta sanctorum святая святых, як кажуць на лаціне. Хаця, па мне, дык нічога тут настолькі каштоўнага нямашака. Хіба, у куфры можа нешта і хавае. Ды наўрад ці ў нашага дзядулі ёсць штосьці насамрэч важнае

 А калі дарагое сэрцу? Нешта асабістае,  выказала здагадку Мілана.

 Хо, гэтага тут з лішкам,  усміхнуўся бацька, акінуўшы жэстам пажыткі.

Тут і напраўду, чаго толькі не было. І, зразумела, з большага дарагое да сэрца старога.

Бацька ўсё акуратна расклаў, асабліва далікатна абыходзячыся з каляднай зоркай, а Мілана тым часам клапатліва загортвала маску казы ў хустку, каб тая захавалася для наступных свят і яшчэ не на адзін год.

 Добра, вы тут самі дапрыбірайцеся, а ў мяне таксама ўжо няма часу,  апамятаўся бацька.  Усе ўжо, напэўна, сабраліся, толькі я дагэтуль не. Як усё пакладзеце на месца, замкніце дзверы. Ключ аддасцё дзядулю,  прамовіў ён спешна, агледзеўся па баках і хутка выйшаў.

Дзеці ўсё закончылі і сабраліся да дзвярэй. Але не маглі не затрымацца.

 Бацька як у ваду глядзеў, менавіта партал.

 Можа ён ведае што?

 Наўрад ці. Ты ж чуў, дзеда ніколі тату не распавядаў пра люстэрка і не надта сюды пускаў.

 Дык і з намі, лічы, тое ж.

 Але з намі іншая гісторыя.

 Ну так, маеш рацыю, сястрычка.

Яны выйшлі і замкнулі камору. Дарослыя ўжо акурат апраналіся.

 Тата, на ключ,  працягнуў руку Янка.

 Вой, я ж кажу, аддай дзеду.

Тут акурат ён і выйшаў, было відаць, што спяшаецца.

 Дзядуля!

 Потым, мае даражэнькія. Зараз галоўнае нічога не забыцца.

 Але

 Так, дзеці, умяшалася маці. Мы будзем вельмі позна. Ежа на стале на кухні. Калі што яшчэ пажадаеце у лядоўні. Гарбату, мяркую, самі зробіце.

 Так, не хвалюйся.

 Да ночы не сядзіце. Яшчэ колькі часу і кладзіцеся, нас не чакайце.

 Добра.

Дарослыя хутка сабраліся і адправіліся ў госці. Да ўсяго астатняга ім ужо не было справы.

 Так. Усе сышлі. Мы адны. Ключы у нас,  шматзначна ўсміхаючыся прамовіў Янка.

 Нават і не думай.

 А што там думаць? Мы толькі туды і назад. Праведаем сваіх сяброў і дадому.

 Маці што сказала? Паесці і спаць.

Але Янка не супакойваўся. За сталом ён ізноў падняў гэтую тэму, але сястра была непахіснай у сваёй цвёрдасці.

 Я таксама хачу туды трапіць. Але я не хачу падстаўляцца. Невядома, калі бацькі вернуцца. А што, калі раней, а нас не будзе? Уяўляеш сабе?

 Ну глядзі сама. А там напэўна нехта некага чакае,  пачаў Янка хадзіць кругом ды навокала.

 Хто каго?

 Каралевіч там быў адзін,  падбухторваў яе брат.  Ужо вельмі на цябе ён вока паклаў. А нехта яшчэ і саломінку на багатага жаніха выцягнуў

 Вой, вой, надта ён мне патрэбны,  аднеквалася дзяўчына, а сама тым часам знянацку пачырванела.  Ды й, бадай, вырас ён ужо. Не забывайся, час там па-іншаму бяжыць.

 Значыцца, і Цмок ужо вырас. Мо ўжо і лятаць здольны.

 Вох, а вось яго б спаткаць я б насамрэч хацела.

 Ды і Пугач там напэўна па нам засумаваў.

 Усё, хопіць! Мяне гэтым не возьмеш. Будзе больш зручны момант, тады абавязкова наведаем. А зараз не будзем выпрабоўваць лёс. Вакацыі яшчэ доўгія, знойдзем час.

 Час можа і знойдзем, але ці знойдзем ключы? Паразважай сама. Зараз яны ў нас, потым іх дзядуля забярэ не знойдзеш. І бацькі самі сказалі будуць вельмі позна. А гэта значыць, што можа і наогул дзесьці раніцай. І то добра, калі так. Думай.

Далей Мілана ела моўчкі. Падобна, што яе брат меў рацыю. Яго аргументы гучалі даволі пераканаўча. Абставіны склаліся вельмі спрыяльна. І калі яшчэ выпадзе такі шанец, каб усё так выгодна супала, насамрэч не вядома. Ці будзе ён наогул?

 Ну добра, я згодная!  здалася нарэшце яна.

Брат адразу ж узбадзёрыўся і акрыяў! Акурат і падмацаваліся на дарогу.

 Тады не будзем губляць часу!

 Не будзьма!

Яны хутка накіраваліся ў пакой збіраць рэчы, і менш чым праз пяць хвілін былі ўжо гатовыя. Праз плячо ў Янкі вісеў бінокль, у кішэнях ляжалі крэсіва і ліхтарык, а ў руках ён трымаў «ключы ад партала» драўляныя крыжык і падкову. У Міланы на шыі вісеў чароўнай прыгажосці кулончык, а ў валасах бліскала дыядэма. Ды так па дробязі сяго-таго прыхапілі перакусіць, бінт, усялякае ж у дарозе можа здарыцца. Адзінае што, у пярэднім пакоі яны задумаліся: а што апранаць?

 Як думаеш, а там зараз таксама зіма?  разгубілася ў апошнюю хвіліну Мілана.

 Па мне, дык там, здаецца, зімы наогул ніколі не бывае.

 Можа, нам папросту шанцавала?

 Магчыма і так. Зробім вось што курткі апранаць не будзем, а як і там будзе зіма, то папросту вернемся па іх.

 Згодная.

На тым і сышліся. Падрыхтаваўшыся да чарговага падарожжа, Янка ўставіў ключ у дзверы каморы.

 Хвалюешся?  спытаў ён сястру.

У адказ яна толькі ўсміхнулася і адмоўна паматала галавой. Безумоўна ж, яны хваляваліся абое. Папросту не хацелі гэта паказваць. Дзверы адчыніліся, хлопец ўвайшоў і запаліў святло. За ім прайшла і сястра.

 Ну што, хто першы?  усміхаючыся, спытаў брат.

 Вядома ж ты! Мог і не пытацца. Ключы ж ад партала ў цябе.

 Ну так.

Янка ўзлез на куфар і правёў па раме люстэрка.

 Нават дрыжыкі па руцэ пабеглі.

 Давай ужо, смялей!  падбадзёрвала Мілана.

Хлопец уставіў крыжык у герб, і па пакоі прабегся лёгкі ветрык. Брат з сястрой нават спалохана азірнуліся, але прыгадалі, што так было і ў мінулыя разы, і супакоіліся. Пасля таго, як была прымацаваная і падкова, крыжык выехаў на шрубе са шчыта.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3