Алег Грушэцкі - Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Агонь і лёд стр 2.

Шрифт
Фон

 А ў вас, што цікавага чуваць?  пацікавіўся тата ў старых.

 Ды што тут новага можа быць? Год пражылі і дзякуй Богу. Адно што на вёсцы ніколі не засумуеш, зямля гэтага не даруе. Гаспадарка шмат клопату патрабуе. Галоўнае, што моладзь вёску не забывае, хоць час ад часу, ды прыязджае. Можа, не ўсе на сталы побыт, большасць, каб толькі пагасціць, але і гэта цешыць. Заўсёды трэба даражыць тым месцам, дзе нарадзіўся, і адкуль твае карані.

 Твая праўда, бацька. Цалкам маеш рацыю. Жыць і працаваць можна, дзе заўгодна, хоць у далёкім замежжы, але да роднай зямлі, да бацькаўшчыны, трэба заўсёды зберагаць любоў і пашану.

 Ну, і не забывацца пра нас, сваіх бацькоў, падсумаваў, усміхаючыся дзед.

 Гэта найперш!

Яны напіліся яшчэ гарбаты з блінамі, якія стары разрэзаў крыж-накрыж, і бабуля прапанавала трошкі паваражыць. Яна сама першай саломінку і выцягнула, роўную, доўгую.

 Добры знак,  растлумачыла яна,  год прынясе здароўе і даўгалецце.

За ёй пацягнула маці, якой дасталася падобная. Мужчыны ў гэтым не ўдзельнічалі яны ўважалі тое за дзявочыя забавы. А Мілана з задавальненнем і нават з вялікай цікаўнасцю далучылася. І з хваляваннем няспешна дастала насычана залацістую саломіну з коласам, поўным зярнятаў.

 Вого!  нават усклікнула бабця.

 Што?  прамовілі адначасова Мілана з Янкам, якіх здзівіла такая бурная рэакцыя.

 Заможнага жаніха сабе адхопіш!

Тут хлопец не вытрымаў і засмяяўся, пахлопаўшы сястру па плячы.

 Смейся. На меншае я нават і не разлічвала,  не паддалася юная прыгажуня, ведаючы сабе цану.

За такой непахіснасцю разгубіўся ўжо хутчэй сам Янка. Але потым, ацаніўшы пачуццё гумару Міланы, якая так лёгка асадзіла брата, засмяяліся ўжо і ўсе.

Калядоўшчыкі

Раство атрымалася на славу, нават ноч была такая шчодрая на снег, што зранку немагчыма было выйсці з хаты. Намяло так, што мужчынам спатрэбілася ледзьве не добрая гадзіна, каб хоць з большага разгрэбці. Затое дзецям была пацеха снежныя бабы вырасталі амаль у кожным двары.

 Гэта вам не ў вашым горадзе, што растае хутчэй, чым далятае да зямлі, пажартаваў дзед.

І тут цалкам меў рацыю, зімой вёска на снег заўсёды больш багатая.

Пакуль мужчыны прыбіралі ў двары, жанчыны гатавалі сняданак. Дзякуй, па багатай вячэры гэта было няцяжка. Пакуль Янка з Міланай снедалі, праз акно было відаць, як мясцовая дзятва, хто з санкамі, хто на лыжах, кіруюцца ў бок школы там быў прасторны двор, а побач з ім горка. Далучаліся да іх і дзеці, што прыехалі да сваіх родных у вёску, зрэшты, дзеля гэтага з цеснага горада і вырваліся. Гледзячы, з якім задорам ўсе павысыпалі на вуліцу, закарцела і нашым падлеткам. Пахапалі лядзянкі і гайда за снежнымі забавамі!

Бялюткая пушыстая паверхня горкі яшчэ не была ўезджанай, таму снег вылятаў з-пад санак і дошак, нібы пырскі на вадаспадзе бурлівай горнай ракі, што прыводзіла дзятву ў неапісальнае захапленне. А месцамі парабілі на спуску яшчэ і невялічкія трампліны, на якіх з вокрыкамі падскоквалі і нават трошкі праляталі, уяўляючы сябе праўдзівымі майстрамі экстрэмальнага спорту.

Вось каб яшчэ і падёмнік на гару быў Па пэўным часе яны нават трохі стаміліся і прыселі перадыхнуць. Тут яны заўважылі, што на пляцоўцы дзеці пачалі ляпіць снежную крэпасць. Янка заўважыў сярод іх і некалькі сваіх сяброў і пажадаў разам з сястрой далучыцца да будаўніцтва. І раптам яму прыйшла да галавы шалёная задума зляпіць насупраць яе, непадалёк, яшчэ адну, каб мець магчымасць правесці сапраўдныя снежныя баталіі і пабавіцца на славу. Усім такая ідэя прыйшлася даспадобы, да таго ж яны дадаткова паклікалі прыяцеляў, бо справа патрабавала больш удзельнікаў. Дзятва з азартам прынялася катаць камы. Акурат надворе і ўмовы таму спрыялі, снег ляпіўся, і галоўнае яго было багата. Па пэўным часе выраслі сапраўдныя снежныя цытадэлі, фартэцыі з акенцамі-байніцамі і нават з чымсьці падобным да вежаў на мурах крэпасці.

Па завяршэнні дзеці самі былі задаволеныя сваёй працай, бо ніколі раней нічога падобнага ў іх не атрымлівалася. А прычынай поспеху быў азарт Янкі, які літаральна кіраваў будоўляй са сваёй камандай. Пры гэтым іх будучыя сапернікі, не жадаючы ні ў чым саступаць, прыкладалі ўсе намаганні, каб не выглядаць горш. Таму ў выніку і паўсталі адна насупраць адной дзве пярліны дзіцячага снежнага дойлідства. Убачыўшы і ацаніўшы ўвачавідкі вынікі сваіх высілкаў напачатку дзеці нават не хацелі пачынаць снежны бой. Многія пажадалі захаваць гэты цуд на памяць, дасталі свае тэлефоны і зрабілі памятныя здымкі бастыёнаў і сябе на іх фоне, пакуль ўся гэтая прыгажосць яшчэ не пацярпела зруйнавання. І толькі потым пачалі рыхтавацца да бою назапашваць як мага болей снежак.

Знянацку ў бок Янкі паляцеў першы камяк гэта праціўнік без папярэджання вырашыў распачаць бой першым. А за ім і яшчэ цэлы залп. Не зусім сумленна, але часам гэтак і ў жыцці трэба заўсёды быць напагатове да нечаканых удараў. І тут завязалася сапраўдная баталія. Снежкі паляцелі, нібы малыя пушачныя ядры, са свістам разразаючы паветра. І таксама эфектна ўразаліся ў сцены снежнай крэпасці, быццам, выбухаючы і разрываючыся на кавалкі снегу, як сапраўдныя снарады пры ўдары аб мур каменнай фартэцыі. Даставалася як абаронцам, гэтак і тым, хто нападае, камусьці трапным ударам ужо нават збіла шапку.

Гэта біла па ваярах Янкі не толькі фізічна, гэта падрывала іх маральны дух. Бой напраўду яшчэ не пачаўся, а перавага ўжо была на баку праціўніка. Трэба было нешта прыдумаць, каб пераламіць сітуацыю. І ў галаве хутка саспеў план, хоць і рызыкоўны. Снежныя ўмацаванні знаходзіліся побач з вясковай школай, будынак якой быў невялікі, па гарадскіх мерках. Янка прапанаваў спрытнейшым хлопцам аббегчы школу, каб зайсці да непрыяцеля з тылу. А сам ён, разам з Міланай і астатнімі, застаўся трымаць абарону, ды яшчэ і ўзмацніў абстрэл, каб адцягнуць усю ўвагу на сябе. Гэта змяншала на пэўны час сілы, але магло даць шанец.

Адасланых хлопцаў калі хто раптам і заўважыў, то хутчэй палічыў, што тыя вырашылі пакінуць поле бітвы. А насамрэч яны панесліся на ўсю моц, прыхапіўшы яшчэ па дарозе і сяброў, і ўжо праз пару хвілін былі за спінамі непрыяцеля. Нарабіўшы дарогай як мага больш снежак, яны пачалі закідваць ужо не прыкрытага саперніка. Гэта ж паслужыла і сігналам да агульнай атакі. Янка ўзняў сваю залогу[1], і ўсе дружна рынуліся ў бой. Цяпер праціўнікі былі ў разгубленасці, і ім заставалася толькі хавацца і прыкрывацца альбо ганебна бегчы з-пад абстрэлу. І ўжо хутка перамога была за камандай Янкі. Дзеці радасна ўсклікалі, цешыліся і абдымаліся.

Праўда, пры нападзе дасталося і фартэцыі. І не толькі ад снежак. Хтосьці наскочыў на яе пры атацы, хтосьці наваліўся, абараняючыся, ці зачапіў, уцякаючы ад кідкоў. Але з большага сцены вытрымалі. Тое, што вытрымала, спаборнікі пакінулі на забаву малым, якія ўвесь час з захапленнем назіралі за шаленствам старэйшых і чакалі, калі і ім можна будзе пабавіцца ўнутры.

Перамога ж была хутчэй умоўнай, потым усе дружна пайшлі далей гуляць. А на вечар дамовіліся сустрэцца, пайсці калядаваць па дварах. Усе прамоклі ды прытаміліся, але былі вясёлыя і ў добрым гуморы. Нарэшце па-сапраўднаму адчулі прывабнасць зімы і асалоду ад вакацый. За пацехамі мінула добрая палова дня, і дзеці пацягнуліся па хатах да гарачага абеду, адагрэцца і хоць трохі адпачыць.

Маці, калі ўбачыла Янку з Міланай, хацела, як кажуць, і плакаць, і смяяцца. Перад ёй стаялі двое пакрытых снежнай коркай дзяцей з чырвонымі ад марозу тварамі, але з вачыма, поўнымі бадзёрасці і задору.

 А, матухна! На вас не інакш, як снегавікі напалі і качалі вас па ўсіх сумётах,  пажартавала яна.  Распранацца на парозе, вопратку адразу ў ванную, і сушыцца!  скамандавала жанчына.  Потым мыць рукі, і чакаю вас на кухні! Зараз што-небудзь гарачае згатую, не хапала, каб вы яшчэ прастылі ў першы ж дзень.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3