Старога гэта нават крыху заінтрыгавала. Напачатку ён паспрабаваў націснуць на яго, вярнуць на месца, але той не паддаваўся. Адначасова дзядуля заўважыў, што крыжык можа круціцца, і павярнуў яго, бы кранік на старым кухонным змяшальніку.
Тое, што адбылося далей, не на жарт напалохала яго. Па люстэрку пранёсся трэскат, быццам шкло разам з драўлянай рамай былі гатовыя лопнуць. Напужаны стары адразу ж саскочыў з куфра. Разам з тым у лямпачцы, што вісела над галавой, забзыкала напруга. Ледзьве дзед паспеў адскочыць, як лямпачка ўзарвалася, разляцеўшыся па пакоі на дробныя аскепкі, і стары, расхінуўшы дзверы, хутка выскачыў з каморы.
Абапёршыся на сцяну, ён схапіўся за грудзі. Сэрца зашчымела, даючы аб сабе ведаць непрыемным болем. Добра, што таблеткі заўсёды з сабой. Закінуўшы адну пад язык, стары прайшоў на кухню і прысеў на крэсла, пераводзячы дыханне.
Не тое, каб ён моцна спужаўся, за свае гады ўсяго пабачыў. Але здарэнне адбылося так нечакана і загадкава! Ён сядзеў і не мог зразумець, ці на самой справе люстэрка трэснула, ці гэта быў электрычны трэскат.
Што б там ні было, а святло трэба памяняць. Дзед крыху супакоіўся, аддыхаўся і пайшоў за новай лямпачкай, кіпа якіх заўсёды ляжала ў скрыначцы на палічцы каля ўваходу ў хату. Апусціўшы руку ў скрыню, ён павадзіў рукой і расчаравана выдыхнуў: Ды няўжо скончыліся? Вось няўдача, занерваваўся ён. Давядзецца ісці ў краму.
Стары павольна павалокся на вуліцу, дзе сустрэў унукаў, якія акурат вярталіся дамоў ад сяброў.
Добры дзень, дзядуля! ветліва павіталіся яны.
Добры, добры, шалапуты вы мае, пажартаваў ён. Найграліся? Дахаты?
Так. А вы, дзеда, да каго ў госці?
Ды не, у краму трэба схадзіць.
Вам, можа, дапамагчы?
Дзякуй, даражэнькія. Я так, па дробязі.
Тады мы пойдзем? А то дзень гарачы, так піць хочацца.
Вядома ж, ідзіце. Я, напэўна, потым яшчэ да вашых бацькоў далучуся, хутка мяне не чакайце. Не засумуеце?
Не, дзядуля, не хвалюйцеся.
Ну і добра.
Яны былі ўжо даволі самастойнымі, а за лета на свежым паветры выраслі, нават пасталелі. Гэта ўжо былі не тыя шалапуты, як любіў іх называць дзед, а сурёзныя, разважлівыя юнакі са сваімі думкамі, меркаваннямі і поглядамі. Выраслі, нічога не скажаш. І таму былі свае прычыны, пэўныя падзеі, што так паўплывалі на іх характары.
Яны дайшлі дадому, зайшлі ў хату і, ступіўшы на парог, тут жа застылі ў напружанні. Па падлозе спакойна паўзла змяя. Убачыўшы людзей, яна застыла на месцы, прыпадняўшы галаву, і ўтаропілася на іх.
Змяя? не тое каб спалохана, хутчэй, здзіўлена прамовіла Мілана.
Гэта вуж, паправіў Янка.
Так, бачу, пагадзілася сястра, у яго жоўценькія вушкі. Пасля ўсяго, што з намі здарылася, вужа я здолею адрозніць. Ну, прывітанне табе, вужык! Адкуль жа ты тутака ўзяўся?
Вуж высунуў раздвоены язык, сыкнуў і, як ім падалося, нібыта пакланіўся, вітаючы.
Гэта немагчыма, але насцярожана прамовіла Мілана, прыглядаючыся да змейкі. Няхай я падамся табе дзіўнай, але
Папраўдзе і мне так здалося, не даў ёй дагаварыць свае здагадкі брат. Ён вельмі нагадвае нашага старога знаёмага.
Але ж такое немагчыма!
Так, гэта неверагодна.
А вуж, не адводзячы ад іх погляду, пачаў выгінацца, шыпець, а затым то падпаўзаць да іх, то зноў даваць задні ход.
Слухай, ён неяк незвычайна сабе паводзіць, пачала разважаць Мілана, нібыта
Кліча за сабой, падхапіў думку Ян.
Менавіта так.
Хлопец павярнуў да яе галаву і моўчкі кіўнуў.
Яны паглядзелі адзін аднаму ў вочы і, не кажучы ні слова, павольна накіраваліся за нечаканым госцем. Той, нібыта ўзрадаваўшыся, што яго нарэшце зразумелі, прыўзняўся, развярнуўся і хутка папоўз у бок дзедавай каморы. Дзеці паспяшаліся за ім.
На іх здзіўленне, дзверы былі прыадчыненыя, і змяя спрытна праціснулася ў шчыліну. Дзяцей гэта крыху насцярожыла дзед звычайна пільна сачыў за тым, каб яны былі надзейна замкнёныя на замок. Мабыць, ён толькі адзін раз дапусціў такую прамашку, ды і тое ў мітусні. Што было далей, мы памятаем.
Нешта ў мяне нядобрае прадчуванне, захвалявалася дзяўчына.
Лепшы спосаб даведацца, наколькі маеш рацыю, гэта спраўдзіць, што там.
Я гэта і сама разумею.
Ты гатовая?
Мілана глыбока ўздыхнула:
Так, адчыняй, рашуча прамовіла яна.
І брат, узяўшыся за клямку, расхінуў дзверы. А затым яны ўдваіх знерухомелі. У каморы было цёмна, але святла з калідора было дастаткова, каб зразумець, што ў памяшканні адбываецца нешта незвычайнае. З люстэрка на сцяне лілося серабрыстае святло таямніча, мякка і прыгожа, нібы прамень ад поўні напаўняе пакой у летнюю ноч, у якім нават лятучыя парушынкі, што павольна вісяць у паветры, падаюцца срэбнымі сняжынкамі. Дзіўна, таямніча і нерэальна. Зачароўвае.
У паўцемры было відаць, што вуж жадаў узлезці на куфар, але ў яго гэта ніяк не атрымлівалася.
Здаецца, ён просіцца да люстэрка, заўважыў Янка.
Хлопча паклацаў выключальнікам, але па-ранейшаму было цёмна.
Падобна, лямпачка перагарэла.
Янка, нядоўга разважаючы, ступіў у пакой. Не паспеў ён зрабіць і некалькі крокаў, як яго пацягнула назад сястра.
Што? спытаўся ён.
У адказ дзяўчына толькі кіўнула галавой, паказваючы на падлогу. Брат павярнуўся і ўбачыў у месячным святле, як на падлозе блішчаць аскепкі дробнага шкла.
Мяркую, гэта і ёсць лямпачка, выказаў здагадку Янка. Тое, што ад яе засталося.
Відаць, так.
Лепш я вазьму ліхтарык. Не хачу параніцца.
Звычайна ён ляжаў каля ўваходу ў хату. Янка падумаў адразу там жа ўзяць і новую лямпачку, але скрынка была пустая. Хлопец расчаравана схапіў толькі ліхтарык і накіраваўся назад да каморы. Пабачыўшы, што ў свяцільні застаўся пусты патрон, ён здагадаўся:
Дзеда, відаць, спяшаўся да крамы па лямпачкі. А ў паспеху ізноў забыўся зачыніць дзверы.
Хутчэй за ўсё. Мяне толькі турбуе, ці бачыў ён гэта, кіўнула сястра на люстэрка.
Мяркую, што не. Інакш бы ён быў усхваляваны. Як я зараз. Бо баюся, што праход брат нервова каўтнуў паветра, ізноў адкрыты.
Як гэта?
Вось і я б хацеў пра гэта даведацца.
Брат з сястрой падышлі да люстэрка і паглядзелі на яго.
О, не прамовілі яны разам.
Як яны і лякаліся, адлюстравання ніякага не было. Замест гэтага дзеці бачылі ў ім толькі змрочную пустэчу, праз якую прабівалася здалёку ледзь заўважнае святло. Янка насцярожана пасвяціў унутры.
Так і ёсць! Гэта той самы праход, прамовіў хлопец.
Але як такое магло здарыцца? Не мог жа ён сам адкрыцца? Ты ж яго тады дакладна зачыніў.
Брат зірнуў ніжэй і перавёў ліхтарык на вечка куфра.
Баюся, я здагадваюся, што тут адбылося.
На куфры ляжаў чароўны кулончык на вяровачцы, які прызначаўся Мілане.
Вой! усклікнула яна і тут жа падхапіла яго. Няўжо ён самы? Мой любімы, і яе твар ахінула прыемнай усмешкай.
Ды гэта яшчэ не ўсё, загадкава прамовіў брат, пасвяціўшы ўгару.
Дзяўчына падняла галаву і разгублена прамовіла:
Як гэта?
Крыжык і падкова знаходзіліся на сваіх месцах. Хаця больш правільна было сказаць не на сваіх. Яны павінны былі ляжаць у куфры пад надзейным замком, а цяпер былі ў гербе над рамай.
Няўжо дзеда пра ўсё даведаўся? спалохана прамовіла Мілана.
Спадзяюся, што святло згасла раней, чым ён мог гэта пабачыць.
Цудоўна, калі так. Але ж трэба нешта з гэтым рабіць. Можа, зачыніць яго, пакуль не позна?
У гэты момант вужык ізноў паспрабаваў узлезці на куфар, але і гэтым разам безвынікова. Тады ён засыкаў, быццам звяртаючыся да людзей.
Мяркую, ён просіць аб дапамозе, здагадалася Мілана і нахілілася.
Яна ўзяла змяю на рукі, а тая і не супраціўлялася. Але потым пачала выгінацца і рыўкамі быццам спрабавала паказаць, куды жадае далей у пустэчу, якая зараз ззяла замест люстэрка.
Гэта і здзіўляла, і насцярожвала. Брат з сястрой пераглянуліся, і Янка пагаджальна кіўнуў. Мілана прыпадняла вужыка, які юрка кінуўся праз раму. У поцемках яго не было відаць, але дзеці пачулі, як ён з таго боку чмякнуўся аб зямлю і з шамаценнем скаціўся кудысьці.