Всего за 152 руб. Купить полную версию
Бяздзетныя Садоўскія хлопчыку шчыра ўзрадаваліся.
– Усё ж такі наважыліся? – запытаў Садоўскі. – Калі б не прывезлі, зрабілі б вялікае глупства: усе кажуць, што такога добрага настаўніка, які цяпер у Вончы, ва ўсёй акрузе няма. Не бойцеся, кепска ў нас хлопцу не будзе. Паглядзіце, да Калядаў во такі мардаты будзе, – расцягнуў ён пальцамі шчокі. – А ў вас там як? Уладзь ужо ходзіць, не кульгае?
– Ходзіць-ходзіць. А Бронік, дзякуй Богу, перастаў крывёй плявацца.
Запісу трэба было чакаць да вечара – менавіта тады ў школе ўжо некалькі тыдняў праходзілі ўрокі, а Садоўскі ведаў, што пан настаўнік падчас лекцыі новых вучняў не запісвае.
Пасля пятай гадзіны яны пайшлі ў школу ўтраіх з Садоўскім.
Міхаіл Іванавіч Грывень прыняў іх за сталом у сваім пакоі, праглядаючы сшыткі. Гэта быў шатэн сярэдняга росту гадоў дваццаці пяці. На ім былі шаўровыя боты з бліскучымі халявамі, цёмна-сінія нагавіцы, цёмная кашуля і блакітны рускі пояс з кутасамі. Валасы каротка стрыжаныя вожыкам, твар акуратна паголены, пульхныя рукі.
– Здраствуйце, гаспадзін учыцель, – павіталіся яны так, як навучыў Садоўскі – чалавек местачковы, ён ведаў расійскія тытулы і звычаі.
– Здравствуйте, – адказаў настаўнік, падпісаў правераны сшытак і падняў вочы на гасцей. – Што, вучань? Чаму так позна? Урокі ўжо два тыдні ідуць.
– Не хацелі мы хлопца голым у людзі выводзіць, а пакуль справілі яму ўсё, што належыць, час прайшоў. Дый не ведалі мы, што навука так рана мае пачацца, – патлумачыў Балашэвіч, спрабуючы як найлепей па-расійску казаць.
– А вы не з мястэчка? – угледзеўся ў іх апратку настаўнік.
– Не, з хутару, адсюль далёка.
– Ага. А колькі ж яму гадоў? – дапытліва зірнуў ён на Стаха.
– Толькі-толькі дзесяць споўнілася.
Стах не вытрымаў і шмыгануў за бацьку.
– Ну вот, такі сільны хлопец, а за бацькам хаваецца. Хадзі сюды.
Балашэвіч за руку падвёў сына да стала.
– Чаго баішся? – супакоіў Стаха настаўнік, гладзячы па галаве. – Варта смялейшым быць. У мяне ў школе хлопцы ёсць яшчэ меншыя за цябе – і не баяцца. Скажы мне, ты чытаць ужо ўмееш?
Стах кіўнуў.
– Чытае, і ўжо нават хутка, – паведаміў бацька.
– Праўда? На вось прачытай мне адсюль, – паказаў Грывень у падручніку для другога аддзела.
Стах той урывак прачытаў – ціха, баязліва і не ўсюды правільна ставячы націскі, але бегла.
– Вельмі добра, маладзец, – пахваліў настаўнік і пацягнуўся па тоўстую кнігу, што ляжала на рагу стала. – Пойдзеш адразу ў другі аддзел. А зваць цябе як?
– Стась Балашэвіч.
Па ясным і прыязным дагэтуль твары настаўніка прабегла грымаса.
– Стась… Добра… Да-да, Стась… – мармытаў ён сабе пад нос, гартаючы старонкі і ўглядаючыся ў некаторыя. – Ведаеце што, панове, – сказаў ён урэшце, – не магу я вашага хлопца прыняць. Ужо зашмат запісалася. Няма месцаў. Чаму ж раней не прыйшлі!
Ад радасці Стаху хацелася руку настаўніку пацалаваць. Садоўскі з Балашэвічам панура пераглянуліся.
– Дык, значыць, мы горшыя за рускіх? – прамовіў гарачы норавам Балашэвіч высокім голасам. – У войску аднолькава служым, падаткі тыя самыя плацім, а як у школу – дык месцаў няма. Такая ў вас справядлівасць?
– Я не магу яго прыняць таму, што вы позна прыйшлі і няма месцаў. Я па нацыянальнасці не дзялю. І палякі ў школе ёсць, і габрэі. Але ўжо запісалася больш як сто вучняў, таму не магу больш прымаць і маю на гэта права.
Садоўскі хацеў быў сказаць, што адмоўнае рашэнне Грывень прыняў пасля таго, як даведаўся прозвішча хлопчыка, але падумаўшы, хітра падміргнуў куму і лагодна прамовіў:
– Да мы, гаспадзін учыцель, знаем, што чэлавек вы правасудный, але мы пакорнейшэ вас просім. Будзьце ласкавы, прыміце і гэтага паршыўца. Як ёсць сто, дык і ён між імі змесціцца.
– Так, мы пакорнейшэ вас просім, – змяніў тон і Балашэвіч. – Будзьце ласкавы, прыміце майго хлопца. Я ручаюся, не пашкадуеце.
– Так, не пашкадуеце, – пацвердзіў Садоўскі. – Яны багатыя хутаране. Прывязуць для вашага каня цэлы воз маладой канюшыны, пару мяхоў аўса, мех грачанай мукі – першы гатунак, на бліны вам. Колькі кумпякоў вэнджаных прывязуць, масла з пуд – з дваццаццю дойнымі кароўкамі ніякіх стратаў іхнай гаспадарцы гэта не прынясе. Мёду таксама з пуд, бо на пасецы дваццаць пяць толькі старых раёў маюць, час ад часу могуць і рыбкі свежай падкінуць, а яшчэ шкуру воўчую, пад ногі паслаць пры ложку, каб, прачнуўшыся, на голую падлогу не ступаць, – шчодра пералічваў ён цудоўныя падарункі, аж пакуль кум не запярэчыў, крыва зірнуўшы ў ягоны бок.
Твар Міхаіла Іванавіча паяснеў.
– Ну, калі ўжо так настойваеце, прыму. Але каб на наступны год запісваліся трохі раней.
Яны падалі неабходныя для запісу звесткі пра хлопца, уручылі дзесяць рублёў задатку і развіталіся.
V. Заўзяты педагог
Наступнага ранку Стах прыйшоў у школу сам. Ішоў сумны, прыгнечаны, напалоханы. Упершыню ў жыцці ён застаўся адзін, без сям’і. Сэрцайка сціскалася ад тугі па доме і страху перад мужыкамі.
Хоць Садоўскія і запэўнілі, што настаўнік нікому не дазволіць яго крыўдзіць, Стах ім не надта паверыў.
У сенцах яго ахапіла яшчэ мацнейшая трывога. З-за дзвярэй класа былі чуваць піск, стук, смех, пранізлівыя крыкі, і хлопчык пачуў у гэтым водгук таго памятнага галасу падчас нападзення Нітаў на Рагі. Яму здавалася, што калі ён увойдзе, усе кінуцца на яго і пачнуць лупіць. Стах спыніўся перад дзвярыма, дачакаўся, пакуль з падворку прыйдуць яшчэ два вучні, і толькі за імі зайшоў.
Клас аж дыміўся ад рою разгарачанай дзятвы, якая барукалася, выкідвала каленцы, насілася па лаўках і гула.
Стах уціснуўся ў сцяну ля дзвярэй і спалохана пазіраў на ўсё гэта. Спачатку на яго ніхто не звярнуў увагі, але неўзабаве новага прыбыша ўбачылі і абступілі.
– Гэй, а ты хто такі, жыд ці лях? – запытаў хлапец гадоў чатырнаццаці з кірпатым носам на забіяцкім твары.
– Ды жыд гэта, – заўважыў другі. – Морды бледнай не бачыў ці што.
– Морда бледная, а боты шляхецкія, – улез трэці.
– Кажы, хто такі! – загадаў кірпаты.
Стах яшчэ мацней прыціснуўся да сцяны, злякана пазіраў на нахабаў і маўчаў.
– Я – намеснік настаўніка, ты мне мусіш адказваць, – паведаміў самы нахабны.
– Так-так, ён намеснік, – пацвердзілі ўсе прысутныя.
– Ад сцяны адліпні, – пацягнулі яго за руку. – Як зваць?
– Стась, – выціснуў хлопчык.
Пасыпаліся смяшкі і фантазіі на тэму мянушак:
– Стась! Плясь! Мазь! Гразь! Злазь!
– Ціха мне! – абсек «намеснік». – Што ў цябе тут? – паказаў ён на другі зверху гузік Стахавага палітона.
Стах зірнуў уніз, а кірпаты ў гэты час таргануў яго за нос так, што з вачэй іскры пасыпаліся. Не паспеў хлопчык нават ускрыкнуць, як нехта пхнуў яго ззаду і ягоным ілбом даў кірпатаму ў нос.
– Ах ты морда ляшская! Прыпёрся ў расійскую школу ды яшчэ і б’ешся! – зароў той і адпіхнуў Стаха ад сябе. Хлопчык адляцеў і ўдарыў яшчэ кагосьці. Там яго зноў піхнулі і так кідалі туды-сюды пад смяшкі і абразы. Стах расплакаўся ўголас.
Праз хвіліну прыйшоў настаўнік са стосам сшыткаў падпахай і кніжкамі. Пры яго з’яўленні ўсе імгненна заціхлі, выцягнуліся ў струнку і знерухомелі.
– Доброе утро, дети, – павітаўся настаўнік.
– Добрае утра, гаспадзін учыцель, – разнеслася па класе.
– Габрэі могуць выйсці. Да малітвы, – скамандаваў той, кладучы сшыткі на стол.
Паўтара дзясятка хлопцаў-габрэяў выйшла ў сенцы, астатнія разам з настаўнікам павярнуліся да кута, у бок святога абраза, і пачалі гаварыць малітвы: адзін перад самым абразом – голасна, астатнія ціха.
Калі зайшоў настаўнік, Стах шмыгануў на ранейшае месца ля сцяны і цяпер цікаўна аглядаў клас.
Па левым баку доўгай хаты стаялі ў чатыры шэрагі лавы, на пяць чалавек кожная. Па правай, у куце, з боку дзвярэй, – грубка, потым дошка, за ёю вялікі стол і крэсла, далей другая дошка і ў канцы – шафа. На версе першай дошкі былі замацаваныя вялікія літары з кардону, другую пакрывалі зямныя паўшар’і. Тынкаваныя і пабеленыя сцены абвешаныя партрэтамі цароў у прыгожых рамах. Над святым абразом у куце вісела вузкае, як ручнік, палатно, аздобленае каляровай вышыўкай.