Адам Мікола М. - Шоўк (зборнік) стр 14.

Шрифт
Фон

– За што?

Рукі ейныя абвіліся вакол маёй шыі, а вусны нашы закружыліся ў павольным танцы пацалунка.

Краем вока я заўважыў, што з вокнаў пракуратуры павысоўваліся галовы цікаўных міліцыянтаў, як грыбы пасля дажджу. Мы з Насцяй, як я адчуў, былі бясплатным атракцыёнам. Не паспеў я так падумаць, як дзяўчына выцягнула з вачэй лінзы і кінула іх пад ногі, адкрыўшы мне непараўнальную ні з чым каву сваіх вачэй. Услед за лінзамі на асфальт паляцеў і чорны парык. Шыкоўныя Насціны валасы рассыпаліся хвалямі па плячах.

Я падняў яе на рукі і закружыў ад несусветнай радасці, а з вокнаў пракуратуры радаваліся ў маю падтрымку мянты. Капітан, падобны на актора Шчарбакова, усміхаўся, узрадаваны за нас, і махаў рукой.

Сентыментальнасць, як кажуць, ва ўсіх у крыві, і я не выключэнне. На самай справе ўсё адбылося не так. Мяне асудзілі, і я праседзеў пяць гадоў. Насці не ўдалося мяне вызваліць, таму што з ёю ніхто не лічыўся, і ёй давялося выйсці замуж за Мініча, які зіхцеў ад шчасця, як свіны лыч, а крумкачыныя яго вочы наліліся такой крывёй на вяселлі ад колькасці выпітай гарэлкі, што ўсе дзівіліся, як гэта Мінічавы вочы не палопаліся, бы пухіры, так яны выкаціліся з арбіт… А пасля ў іх нарадзілася дачка, ды ніхто не верыў, што дзіця – Мінічава…

Аднак нешта я намарыў не тое, забыўшыся пра сябе…

11

І смех, і грэх. Усё тое, што са мной адбылося, было разыграна Насцяй. Яна з’яўлялася і аўтарам сцэнарыя, і рэжысёрам, і камерцыйным дырэктарам, і выканаўцай галоўнай ролі. А ўсё дзеля таго, каб даць мне магчымасць перамяніцца і павініцца. І я стаў перад ёю на калені ў прысутнасці бясконцых прахожых, што чакалі, як і мы, аўтобуса ці тралейбуса на прыпынку, што насупраць чыгуначнага вакзала, побач з «Мак-Дональдсам».

Я прасіў мне дараваць маё глупства і прыняць каханне, таму Насця спачатку спалохалася і, аглядаючыся на прахожых, як бы прабачаючыся за мяне, як бы казала, што яна не вінаватая ў маіх паводзінах. Калі я пацалаваў ейныя рукі, твар яе асвяціўся цёплай лагоднай усмешкай, і яна папрасіла мяне ўстаць з каленяў, бо для яе гэта ўжо занадта.

Што ж, казка атрымалася пераканаўчай. Ды толькі мы жывем не ў казачнай краіне шчасця з добрымі феямі і чараўнікамі, а ў злосны крыважэрны час з незлічонымі войнамі і забойствамі, з крывадушшам і раўнадушшам людзей, якія ўспрымаюць толькі дарагія шоу па тэлебачанні, разлічаныя на тупагаловых абывацеляў. Усё гэта я прыдумаў не сёння, выказваючы Андрэю Шакелю набалелае ў няўтульным, усё яшчэ няўтульным для мяне бары ГУМа на другім паверсе за столікам, які трымае некалькі пустых шклянак з-пад гарэлкі (іх яшчэ не паспелі прыняць) і недаедзены бутэрброд «Вернісаж», што паспеў за доўгай размовай з гарачага ператварыцца ў халодны, як у казцы. Зноў казка, чорт яе бяры! Трэба ж было Насці паабяцаць, што дзеля яе я ператвару ейнае жыццё ў казку! Ага, зараз! За якія сродкі? Хаця Андрэй кажа, што ў Мінску працы хапае. Гэта дзеля таго, каб супакоіць мяне, бо работу, хоць якую-небудзь, мне абавязкова трэба знайсці. Іншая справа, што праца, якой у Мінску хапае, не аплочваецца той сумай, якую я маракую атрымоўваць. Ад сябравых слоў знікае ўсялякае жаданне працаваць, не ў тым сэнсе, што я не буду больш ніколі пісаць, а ў тым, што я не маю ніякага жадання і задавальнення совацца ў якую-небудзь дзяржаўную ўстанову. Маўляў, вось ён я ўвесь, бярыце мяне на работу. А што я магу ім прапанаваць з трыма курсамі ўніверсітэта і танюткім зборнічкам вершаў? «Я – беларускі пісьменнік» – гучыць, вядома, але бурчыць у жываце. І хочацца, і колецца, як кажуць. Ды так мяне і прымуць, як жа… чакаюць з распасцёртымі абдымкамі. Ашчаслівец!.. Ды пайшло яно ўсё да такой-та мацяры! Ну, беспрацоўны я, ну дык што? Затое ў мяне каханне ёсць, якое ні за якія грошы не купіш. Андрэй нават зайздросціць мне і з гэтае прычыны дае прачуханца, бо я вякнуў, што, відаць, кіну Насцю, хоць гэта будзе вельмі цяжка зрабіць; таму што грошай няма і не будзе, а маляваць іх я не ўмею. Безумоўна, гультай. Іншы неяк выкруціўся б, а мне ніяк не ўдаецца. Дык Андрэй і ўшчувае, што перастане паважаць мяне, калі я так зраблю. Ды не зраблю я нічога такога ніколі, а думаць жа нікому не забаронена. Я і не слухаў ужо Андрэя. Ён сам хоць здагадваецца, пра што гаворыць, пляце штосьці пра Міхалкова, Меньшыкава, Галівуд?.. Якога ражна? Ды хай гаворыць, бо я далёка ад яго прамоў. Я зараз з Насцяй, якая марудна-марудна здымае калготы, як абгортку з марожанага-эскімо, паволі праводзіць гарачай рукой па голых клубах, затым скідае кашулю і застаецца ў адных трусіках і станіку. Я ўжо даўно распрануты (Насця пастаралася) і чакаю яе, лежачы ў ложку, захінуты да грудзей коўдрай. Але не ў гэтым справа. Трэба толькі адзначыць, што раніцай я прапанаваў Насці выйсці за мяне замуж. Так і сказаў: «Давай пажэнімся». Яна доўга на мяне пазірала, як на нейкае дзіва, але нічога не сказала і ўнікала размовы наконт маёй прапановы цэлы дзень. Адно ўвечары, калі ў мяне не было ніякага жадання выходзіць куды-небудзь з цёплай утульнай кватэры, Насця раптам пацягнула мяне за руку да дзвярэй, зачыненых на шпінгалет. На ключ удзень я рэдка калі замыкаўся, толькі на ноч. Я на самай справе не ведаў, чаго яна пацягнула мяне да дзвярэй, адрываючы ад работы. Колькі ўжо часу я нічога не пісаў, – і вось цяпер з’явіліся думкі, якія неабходна было занатаваць. Аднак Насця начапіла мне на галаву шапку, якую я і зімой ніколі не насіў, і зняла з вешалкі куртку.

– Мы некуды ідзем? – спытаўся я, нічога не разумеючы.

Насця не адказала. Яна ўвабралася ў сваю чорную скуру раней, чым я зашпіліў маланку на сваёй. Затым адчыніла дзверы, выпхнула мяне на калідор і загадала выклікаць ліфт. Зачыніўшы дзверы, Насця ключ мне не аддала, а схавала ў сваю сумачку.

І па дарозе да тралейбуса, і ў тралейбусе, і пасля, калі мы падыходзілі да нейкай дзіўнай формы будыніны ў выглядзе падковы, яна маўчала, але загадкава ўсміхалася і міргала вочкамі, як святлафор.

Я нічога не зразумеў і тады, калі апынуўся, увапхнуты Насцяй, у прыхожай нейкай кватэры. За зачыненымі дзвярыма, напалову шклянымі, аднаго з пакояў чулася песня ў выкананні Людмілы Зыкінай, відаць, нехта глядзеў па тэлевізары «Залаты шлягер».

– Праходзь, – штурханула мяне Насця да іншых дзвярэй, што былі злева ад мяне, папярэдне загадаўшы распрануцца. Як толькі я апынуўся па той бок дзвярэй, яны зачыніліся за мной. Я памкнуўся было назад, але дзверы былі замкнутымі, а ў пакоі было цёмна, толькі за акном бачылася поўня, што цікаўна сачыла за мной, прынамсі, мне так здавалася. І яшчэ мне здавалася, што я маленькае кацяня, якога, хоць і сляпога, жывога кінулі ў наўмысна прыгатаваную яму і засыпаюць гідкім халодным жвірам.

З другога пакоя нічога не было чуваць, акрамя голасу Слічэнкі. На бегавой сцяжынцы сцэнічнага мастацтва ён змяніў Зыкіну і зацягнуў нешта пад гітару. Мне адразу ўспомніўся Будулай. Сам фільм я бачыў даўно, яшчэ ў васьмідзясятыя, калі нават і ўявіць сябе не мог у ролі беларускага пісьменніка. Аднойчы я ехаў з Мінска ў вёску. У райцэнтры далі аўтобус да маіх Цімкавіч, які сапсаваўся, нават не паспеўшы выехаць з Копыля, а час падціскаў. Мужыкі спяшаліся з работы дамоў на чарговую серыю пра Будулая, а тут такая аказія… «Як жа там Будулай без нас?!» – самотна працягнуў адзін з мужыкоў, і ўсе дружна высыпаліся з аўтобуса, перажываючы, пакурыць.

Я так разумеў, што Слічэнка стварыў нейкі фон для размовы Насці з кімсьці, якую я не павінен быў чуць. А ведаць – дзе я і пра што яна з некім гаворыць – вой як карцела. Ды нават калі б вельмі захацеў, нічога б не пачуў, зачынены, бы вязень у камеры. Праўда, камера даволі цёплая і ўтульная.

Паступова цёмныя сілуэты прадметаў набывалі свае сапраўдныя рысы і ўжо не нагадвалі персанажаў галівудскіх фільмаў жахаў, як спачатку. Я нават асмеліўся сесці на ложак, аднак тут жа падскочыў, як уджалены. Пада мной нешта піскнула, а затым прамовіла «ма-ма». Я перажагнаўся. Гэта была ўсяго толькі лялька. Ложак аказаўся да мяне добразычлівым. Ён больш не выбрыкваўся, хоць я і сядзеў на самым куточку, баючыся з аднаго боку зваліцца на падлогу, з другога – не раздушыць яшчэ якую-небудзь цацку. Магчыма, што я натраплю і на тэрмінатара. А я не ўпэўнены, што тэрмінатар, таксама, як лялька, прамовіць, закаціўшы вочы, «та-та». Што я яму тады скажу? Што я не ягоны тата, а проста праездам? Дык ён мяне так змадыгуе, хоць і цацка, што мяне не тое што маці родная не пазнае, я сам сябе не пазнаю.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора