Адам Мікола М. - Шоўк (зборнік) стр 15.

Шрифт
Фон

Асцярожна я паварочваў галаву то ў адзін бок, то ў другі. Побач з ложкам, ля самага акна, стаяў стол, насупраць ложка – канапа. Яшчэ ў пакоі знаходзіліся вялізная шафа, тэлевізар, кніжная паліца…

Дзверы адчыніліся.

– Чаго ты сядзіш папацёмку? – Насцін голас супакоіў мяне, як матчына калыханка. Дзяўчына працягнула руку за кніжную паліцу, і загарэлася святло…

– Куды ты мяне прывезла? – спытаўся я, калі

Насця падышла бліжэй і села побач.

– Да маіх бацькоў, – проста адказала яна.

– Ты тут жывеш? – здзівіўся я, бо ведаў, што Насця жыве зусім у іншым месцы.

– Так, гэта мой пакой.

– А-а… што тады…

– Ты маеш на ўвазе, дзе мы былі? Я там таксама жыву час ад часу, калі пасваруся з мамай. Тая кватэра належыць маёй сястры і ейным бацькам. Мы стрыечныя сёстры.

– Дзіўна. Я чамусьці заўсёды лічыў вас роднымі. Здаецца, я атрымаў адказы на ўсе свае пытанні, аднак усё адно мне нічога не было зразумела, я адчуваў сябе ідыётам і паціскваў плячыма, як прыпадачны.

– Ды ўсё нармальна, – супакойвала мяне Насця, – зараз мае бацькі збяруцца, і ты з імі пагаворыш…

– Я?! – нічога я не зразумеў.

– Ну, ты ж хочаш ім нешта сказаць…

– Ім я нічога казаць не збіраўся, але, калі ты хочаш, я ім скажу…

– Што? – Насця ўпілася позіркам мне ў вочы да такой ступені, што я падумаў: яшчэ крыху, і мае вочы пад уздзеяннем Насцінага позірку страцяць сваё звычайнае месца жыхарства і расцякуцца ртуццю па падлозе. Хоць бы нічога не загарэлася…

– Што кахаю цябе і хачу на табе жаніцца, – адказаў я.

– А калі яны будуць супраць? – не адставала

Насця.

– Тады я цябе ўкраду і запатрабую выкуп у памеры мільёна мінімальных заробкаў, але ўсё адно цябе ім не вярну, а выкуп мы добрасумленна прап’ем.

Насця адпусціла мяне. Я з палёгкай уздыхнуў і расшпіліў верхнія гузікі на кашулі, таму што стала раптам горача.

…А пасля мы пілі каву. У коле сям’і. Тэлевізар барабаніў, але на яго балбатню ніхто не звяртаў увагі.

Насціны бацькі вывучалі мяне, як буквар, хоць я не прамовіў яшчэ ніводнага слова. Я, у сваю чаргу, вывучаў іх, прывыкаючы ў думках да словаў «цесць» і «цешча», а Насця сузірала карціну позіркам крытыка. Відаць, яна адна толькі і кідала раз-пораз адным вокам позірк на тэлевізар.

Насцін бацька меў ужо шмат гадоў і лысіну з белымі кусцікамі вакол яе. Ён паспеў паваяваць у саракавых і даслужыцца да палкоўніка. Маці выглядала маладой і прыгожай. Нечым яна нагадвала актрысу Надзею Румянцаву. Аднак больш за ўсё мяне ўразілі кнігі ў серванце 1911 і 1937 гадоў выдання. Гэта былі зборы твораў Дзюма, Горкага, Драйзера, Маякоўскага.

Маўчанне зацягвалася, і ўсе гэта разумелі. Мнета што, я ўжо ўсё сказаў у самым пачатку, пагэтаму асабліва не перажываў, сёрбаў сабе каву і чакаў, калі ж урэшце хто-небудзь вымавіць хоць слова.

Пракашляўся Насцін бацька.

– І што ты думаеш рабіць, Мікалай? – спытаўся. Голас у яго быў надтрэснуты, як барабан гітары.

– Я ўжо сказаў вам, – прамовіў я.

– Не ў тым сэнсе, – паправіўся «цесць». – Як ты будзеш жыць? Як сям’ю забяспечваць?

– Я пішу. Думаю, мае кнігі, калі іх будуць выдаваць, прынясуць не меней грошай, чым рабочы атрымлівае на заводзе ці выкладчык ва ўніверсітэце.

– Дык іх жа яшчэ не выдаюць, – заўважыў «цесць». – А да таго яшчэ доўгая песня.

– Ну, чаму… – запярэчыў я.

– А што ты скончыў? – перапыніла правакацыйным пытаннем мяне «цешча».

– Нічога, – паціснуў я плячыма. – Вучыўся на філфаку, ды кінуў. Таму што нічога новага для сябе там не адкрыў.

– Мне здаецца, – працягвала «цешча», – калі ты кажаш, што ты пісьменнік, пісьменнікі – незвычайныя людзі. Проста так жа нічога не пішацца. Яны ўвесь час думаюць, перажываюць, уначы ўсхопліваюцца і спяшаюцца да стала, каб занатаваць думку, пакуль яна не збегла. Нічога незвычайнага, як мне здаецца, у тваіх паводзінах не бачна.

– А хто вам сказаў, што пісьменнікі не такія, як звычайныя людзі? Яны такія ж, як усе, толькі адрозніваюцца іншым складам мыслення ды ладам жыцця.

– Усё гэта добра, – зноў у гаворку ўступіў «цесць». Я так зразумеў, што ён увогуле не чуў, аб чым мы толькі што размаўлялі з ягонай жонкай. – Усё гэта добра, – паўтарыў ён, – мяне цікавіць, за што вы будзеце жыць? Чым сям’ю карміць будзеш?

– Працаваць буду я, – умяшалася Насця. – А Мікола будзе пісаць і дзяцей няньчыць.

На гэтай аптымістычнай ноце размова была завершана. Па шчырасці, мне было напляваць, што думаюць пра мяне Насціны бацькі, але не напляваць было самой Насці. З ёю размовы наконт мяне, скіраваныя на разрыў усялякіх адносін паміж намі, будуць праводзіцца штодзень.

Так я думаў, калі вяртаўся ад Насці да сябе, але дамоў не пайшоў. Мяне пацягнула ў Дом літаратара на чарговае панядзелкавае пасяджэнне. Я даўнавата там не быў, а быў якраз панядзелак, тым больш, што настрой патрабаваў нейкага духоўнага адхлання. А там павінны чытаць вершы.

Першага на трэцім паверсе я сустрэў Мініча. Ён курыў перад люстэркам, расчэсваючы вусы. Я моўчкі падыходзіў да яго з-за спіны, але не ўбачыць мяне Мініч не мог. Мая рука легла яму на плячо і развярнула тварам да мяне.

– Прывітанне, Мініч, – прамовіў я. – Я прыйшоў табе доўг вярнуць.

Мініч нарабіў такога грукату, што мне здалося, нібыта ў Мінску – сапраўдны землятрус. Ён перакуліў сваім целам тумбачку з люстэркам. Мала таго, пабіў тое самае люстэрка, якое аскепкамі, нібы медалямі, упрыгожвала яго грудзі. З носа цякла кроў, а цыгарэта тлела побач з яго галавой.

На шум павыбягалі маладыя ды раннія геніі, кінуліся на дапамогу Мінічу, ды мне было ўжо не да іх. Я паволі спускаўся на першы паверх, не зважаючы на тое, што мяне клікалі. Не ведаю, для чаго. Але вяртацца я не збіраўся, хаця і хацеў паслухаць вершы. Цяпер мне хацелася выпіць, і я пешшу пашкандыбаў да ГУМа. Хоць бар у ГУМе я не любіў, там было цёпла і ніхто не капаў на мазгі. Толькі вось курыць нельга…

12

Я так і не стаў Насціным мужам; так і не даведаўся, як яна трапіла да мяне ў кватэру, калі я палічыў яе за русалку; так і не зразумеў, кім Насця была для мяне. І на пытанні мае няма каму адказаць.

Я часта ўспамінаю той дзень, калі мы разглядалі лініі сваіх жыццяў на далонях. Тады яна сказала, што будзе жыць доўга-доўга, таму што лінія жыцця ў яе доўгая, а ў мяне кароткая… Я тады адчыняю фортку, закурваю і… …Насця загінула на Нямізе ў тую крывавую нядзелю, калі…

Ды што толку, калі яе няма!!!..

1999

Шоўк

Гісторыя жарсці

Аповесць

Вечар поўз, як чарапаха, але ўсё ж поўз. Яму не было куды спяшацца. Ён выдатна ведаў, калі і дзе трэба з’явіцца. Асабліва дзе. Ён любіў месцы, дзе яго чакалі, таму ніколі не спяшаўся да іх, бо нібыта смакаваў сваё хуткае з’яўленне, гуляючы ў Бога. Яму падабалася вяршыць лёсы, застаючыся абыякавым, праўда, да таго, ламаў ён іх ці рабіў шчаслівымі. Вечар не адрозніваў адценняў у адносінах. І ў гэты раз ён не спяшаўся. Ведаў, што з’яўленню яго будуць рады. Дакладней, радая. Жанчына, якая стаяла ў акне, нібы каханага выглядвала, які вяртаецца з працы, досыць доўгі час, раптам завесіла акно шчыльнай шторай, быццам стамілася чакаць. Але вечар паспеў скокнуць у кватэру, як кошка, праз фортку на падаконне, потым на падлогу і на канапу ўлегчыся, згарнуўшыся абаранкам.

Ёй было сорак шэсць гадоў, і яе звалі Святлана.

Яна ненавідзела вечары. Ненавідзела заставацца адна ў трохпакаёвай кватэры, дзе і пагаварыць не было з кім, хіба што з кнігамі, якіх было мноства, ды з тэлевізарам. Сын з нявесткай прыязджалі рэдка і, ужо праз некалькі гадзін засумаваўшы, збіраліся назад. Іх тут нічога не трымала. Сын выкладаў у Ваеннай акадэміі, жонка яго – псіхалогію ва ўніверсітэце.

Усе сябры іх і знаёмыя знаходзіліся там, у сталіцы. У маленькім мястэчку, у якім нарадзіліся і выраслі, ні з кім сяброўства не падтрымлівалі. Ды і не было з кім тут сябраваць, па вялікім рахунку. Усе іх аднагодкі, што засталіся ў мястэчку, спыніліся ў развіцці, заляглі на дне шклянкі. Усё-ткі добра, што яе сын не жыў з мамай.

А яна была нічога сабе, нягледзячы на ўзрост. Сярэдняга росту, у меру паўнаватая, але не тоўстая, не дзяўчынка ж ужо; з пругкімі грудзьмі аднак, жывымі вачыма, цікаўным носікам, ямачкамі на шчоках, Святлана працягвала звяртаць на сябе ўвагу мужчын. Рыжанькая, з вяснушкамі па вясне, яна скончыла філфак педінстытута калісьці і ўсё жыццё прапрацавала ў школе, цяпер пераназванай у ліцэй. Сама яна была не мясцовая, прыехала з мужам, з якім развялася праз некалькі гадоў пасля нараджэння сына. Ён завёў новую сям’ю, а калі жонка яго памерла ад раку, папрасіў Святлану вярнуцца. Яна і вярнулася, як дурніца, усёткі адзінокі мужчына, шматдзетны, яе дапамога неабходна. Праз некалькі месяцаў пашкадавала, што зноў звязалася з ім. Адчуўшы адносную волю, той пачаў выпіваць і, як следства, распускаць рукі. Біў ён як дзяцей, так і яе. Святлана не вытрымала, сышла. Ён доўгі час угаворваў яе зноў вярнуцца ўсякімі праўдамі і няпраўдамі, нават пагражаў. У рэшце рэшт Святлана выклікала міліцыю. Дзяцей забрала бабуля, маці яго памерлай жонкі.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3

Популярные книги автора