Мікола Адам
Беларускі раман
(Раман)
І
Снег хрумсцеў пад нагамі, як выпадкова рассыпаны цукар. Вецер слабы, але даволі адчувальны, нахабна лез у твар, як спартсмен на баксёрскім рынгу.
Прайшоўшы міма Цэнтральнага гастранома, у якім за доўгай стойкай ля вокнаў стомлены за дзень народ паядаў адзін за адным гамбургеры, хот-догі, сандвічы і запіваў ці гарачай гарбатай, ці халодным кефірам альбо сокам, гледзячы які ў каго густ; пазіраючы сабе пад ногі і толькі цудам абмінаючы выпадковых прахожых, трымаючы рукі ў кішэнях курткі, Вадзім Корбут спусціўся ў падземны пераход. Выцягнуўшы з унутранай кішэні пляшку «Льва», ён адкаркаваў яе запальнічкай і паставіў піва на карніз зачыненага кіёска, побач з якім спыніўся. Шпурнуўшы ў сметніцу пусты пачак «Форту», Вадзім закурыў апошнюю цыгарэту. Як і заўсёды, ці то сметніца была далёка, ці ён не разлічыў траекторыі палёту, пачак не даляцеў да сметніцы і шмякнуўся ў лужыну, дзе тут жа быў расціснуты цяжкай нагой панурага таўстуна. Вадзім зрабіў адзін вялікі глыток, зацягнуўся цыгарэтай. І клаў ён на ўсіх з прыборам, і на восьмы тэлеканал, і на свае абавязкі рэкламнага агента. Ён не для таго народжаны, каб бегаць ці, хутчэй, мыкацца, па розных агентствах, прапаноўваючы і агітуючы глядзець адзіны восьмы канал толькі таму, што ён, Вадзім, з’яўляецца яго рэкламным агентам. Затое з сённяшняга дня ён вольны, як вецер. Куды хачу, туды лячу. Пра брата, з якім жыў разам, Вадзім яшчэ не ўспамінаў і нават думаць не хацеў, што той скажа. Іх падабенства пачыналася і заканчвалася аднолькавым вялікім ростам. Вадзім быў бландзінам з блакітна-вадзяністымі халоднымі вачыма. Каротка стрыжаны, ён ніколі не насіў шапкі дый куртку не зашпільваў ніколі. Зімой і летам – душа наросхрыст. «Да пары да часу», – папярэджваў брат, старэйшы на дваццаць гадоў, і акрамя брата, у Вадзіма нікога больш не было. Ён, што называецца, фарсіў у нязменнай чорнай скуранцы, джынсах-«трубах», ботах-«казаках», без пальчатак, без шаліка. На працу Вадзім апранаў строгі касцюм і гальштук, чаго трываць не мог, адчуваючы сябе сардзінкай у кансервавай бляшанцы. Але пакуты скончыліся.
…Вадзім папіваў піва, невідушчым позіркам праводзячы прахожых у метро, як пачуў сваё імя даволі знаёмым голасам.
– Вадзім, кораш! – Хлопнуў Корбута па плячы п’янаваты, аднаго з ім росту, хіпаваты хлопец, закаваны, як у бронежылет, у чорную скуру, з прыбамбасамі ў выглядзе брэлокаў-шкілетаў-тэрмінатараў-бэтменаў. Саламяныя валасы спускаліся на яго плечы домікам, у даволі густой барадзе заблыталіся, як мухі ў павуціне, крупінкі батона, з левага вуха звісала завушніца – мініяцюрны распяты Хрыстос. – Якім лёсам тут?
– Руслан?! – з цяжкасцю пазнаў Вадзім аднакласніка. У школе той насіў прычоску пад Элвіса, а зараз і валасы адпусціў, і пафарбаваў іх пад Кабэйна. Ці не стары ён для фаната «Нірваны»? Звычайна, падлеткі захапляюцца такой музыкай…
– Ну, нарэшце! – шчыра ўсміхнуўся Руслан, узрадаваны, што Вадзім пазнаў яго.
– Што гэта з табой? – разглядваючы колішняга аднакласніка, дзівіўся Вадзім.
– Нічога, – смяяўся Руслан. – Ты ў сваіх Печах за паўтары гады адстаў ад жыцця.
– Я ў Віцебску служыў, – пакрыўдзіўся Корбут і падумаў: «А ці не ўмазаць гэтаму Руслану пару разоў між вачэй. Хаця, можа, і не трэба».
– А, дэсантура, значыць? – працягваў радавацца Руслан. – Тады прабач, калі што. Я ж ведаю, усе дэсантнікі крыўдлівыя і задзірлівыя.
– Эй, Русла! – пачуўся з-за спіны Вадзіма сімпатычны дзявочы голас. – У твайго кораша грошы ёсць?
– На самай справе, – падхапіў Руслан ідэю, спыняючы Вадзіма рукой за плячо, калі той хацеў павярнуцца на сімпатычны голас, – можа, ты багаты на «бабкі»? Па старой дружбе…
«Нешта не памятаю, каб мы з табой вельмі ўжо і сябравалі, – падумаў Вадзім. – Так, „прывітанне“ ды „пакуль“, яшчэ паштовымі маркамі абменьваліся, разам у гурток філатэлістаў хадзілі».
– Ды чаго ты ўсё верцішся! – смяяўся Руслан, плячо Вадзімава, аднак, не выпускаючы.
Корбут не адказаў і паволі ўсё ж павярнуўся назад, у той бок, адкуль пачуў прыгожы голас.
За яго спінай, за метраў пяць, сценкай стаяла купка нефармалаў, пярэстая, як па ўзросце, так і па вопратцы. Сімпатычны голас, ён быў упэўнены, належаў невысокай, але прыгожай, на яго погляд, брунетцы з некалькімі зялёнымі пасмамі, у байцы з Куртам Кабэйнам на грудзях, у чорных вузкіх джынсах і ў высокіх красоўках. Нечым яна нагадвала спявачку Яну.
Дзяўчына, не звяртаючы ўвагі на нефармалаў, пільна пазірала ў Вадзімавы вочы, паволі падносячы цыгарэту да сваіх вуснаў, паволі зацягваючыся і выдыхаючы дым, паволі апускаючы руку з цыгарэтай…
– Дык ёсць у цябе грошы? – Падышла да Вадзіма, прапанавала цыгарэту.
Вадзім моўчкі згадзіўся, зачараваны вачыма дзяўчыны – вялікімі, бяздоннымі, цёмнымі і густымі, як гушча кавы на донцы філіжанкі, зацягнуўся.
– А што будзе… калі ёсць? – хрыпла прагучаў яго голас.
– Нічога не будзе, – паціснула плячыма дзяўчына. – Як табе? – пацікавілася наконт цыгарэты.
– Што гэта? – яшчэ раз зацягнуўся Вадзім.
– Анаша, – проста адказала дзяўчына, нібыта гэта была цукерка.
– Н-да, – пацягнуў шыю Вадзім.
– А чаго ты здзіўляешся? – прамовіла дзяўчына. – Ці табе апошнія мазгі ў войску адбілі?
– Не апошнія.
– Тады не цягні гуму, а скажы, згодны ты з намі тусавацца ці не?
– За свае грошы?
– Цябе ніхто не прымушае. Аднак, што табе важней: чарговая серыя «Санта-Барбары» ці добрая кампанія? Толькі кажы праўду…
– Тэлевізар мне няма часу глядзець, – адрэзаў Вадзім, – а вось вы, спадарыня, даволі добра дасведчаная пра серыялы па тэлебачанні…
– Яшчэ б, – згадзілася дзяўчына, – калі бабуля з мамуляй памяшаліся на серыялах, да таго ж, пачалі па чарзе параўноўваць гераінь са мной.
– Гэта сумна.
– Няўжо весела? Але ты не адказаў.
– Згаджайся, кораш, – шапнуў яму на вуха Руслан, які ўвесь час моўчкі стаяў за спінай Вадзіма і ў размову не ўмешваўся. – Па-мойму, Пума на цябе паклала вока.
– Пума? – уголас паўтарыў Вадзім.
– Гэта мая клікуха, – растлумачыла дзяўчына. – Сапраўднае маё імя Леся.
– Вадзім, – з ходу ляпнуў Корбут.
– Ну вось і пазнаёміліся, – адзначыла Леся і ўзяла яго за руку. – Спадзяюся, супраціўлення не будзе?
Аб якім супраціўленні магла весціся гаворка? Калі побач з табой прыгожая дзяўчына, няважна з якой нагоды! Вадзім стараўся не думаць, што, хутчэй за ўсё, калі б грошай у яго не аказалася, Леся нават не зірнула б у яго бок. А ў яго грошы ёсць, і моладзь жадае выпіць. Чаму б і не дапамагчы?
Яны купілі дзве бутэлькі «Пшанічнай», чатыры – «Міража», чатыры – «Холстэна», два боханы чорнага хлеба, батон, пакет кефіру, палку каўбасы і пару гамбургераў для Лесі, якая вельмі хацела есці. Потым пачакалі, пакуль Руслан злётае за таннымі цыгарэтамі, бо на «L M» ужо не хапала грошай. Калі вярнуўся Руслан, паўстала, як адзінка ў школьным дзённіку, пытанне: куды пайсці? Па-першае, час позні; па-другое, холадна і ні аб ніякім парку можна нават і не заікацца, а ў пераходзе не застанешся, бо менты і так ужо скоса пазіраюць і ходзяць вакол зігзагамі; сунуцца да каго-небудзь на хату таксама адпадала, бо правільныя бацькі паднімуць вэрхал і выклічуць міліцыю, пажарных і «хуткую дапамогу» разам. Думаць трэба было хутчэй, бо набліжаўся час спынення грамадскага транспарту. Твары кампаніі пахмурнелі ў цяжкіх думках, быццам кожны з іх сядзеў за сталом на экзамене па вышэйшай матэматыцы і рашаў задачу для акадэмікаў.
– А з якой нагоды фуршэт? – весела пацікавіўся Вадзім.
– Цябе сустрэлі, – прамовіла Леся, – вось і трэба адзначыць.
– Тады паехалі да мяне, – усміхнуўся, падміргваючы Лесі, Вадзім.
– Чаго ж ты раней маўчаў! – усе разам накінуліся на Корбута з папрокамі. Адна Леся моўчкі дакурыла цыгарэту і пстрыкнула недакуркам у бок ад сябе.
– Куды ехаць? – спыталася.
– На Пушкінскую.
– У метро! – дружна крыкнула кампанія і адзіным цэлым кінулася да шкляных дзвярэй, вядучых у метро.