Пратапоп рэлігійны бунтар, надзелены несумнеўным літаратурным талентам (яго пяру належыць пранізлівае сваёй трагічнасцю прызнанне: «Выпросил у Бога Россию Сатана»), які хоча захаваць несапсаваную адукацыяй маскоўскую старасвеччыну, «простоту души». Выказваючы погляды найбольш рэакцыйных колаў маскоўскага грамадства, ён пісаў, што «Христос не учил нас диалектики, а ни красноречия, потому что ритор и философ не может быти христианин а нынешних философов наречем разве песьими сынами».
Раскольнікі з фанатычнай зацятасцю выступалі не толькі і не столькі за «старыну», як супроць усяго новага і найперш супроць заходнееўрапейскай мудрасці.
Сімяон прадстаўнік усходнеславянскай барокавай культуры быў прыхільнікам асвечанага абсалютызму. Надзвычай важнай для барока была ідэя нязменнасці чалавечай душы насуперак зменлівасці свету, неабходнасць духоўнага супроцьстаяння злу. Полацкі лічыў сваім абавязкам падымаць культуру суседняй краіны, бо чым вышэй культура, чым шырэй светапогляд, тым вышэй чалавечая маральнасць. Нядзіва, што ён назваў Авакума невукам «Се не умеет науки». А пратапоп пасля сустрэчы з ненавісным «лаціннікам» запісаў: «Зело было стязания много: разошлись, яко пьяни, не мог и поесть после крику».
Разглядаючы стан духоўнага жыцця маскоўскага грамадства XVII стагоддзя, расійскі даследчык I. Татарскі ў кнізе «Симеон Полоцкий» (М., 1886) пісаў: «У Маскве не было ва ўласным сэнсе школ, у якіх выкладалі б якія-небудзь навукі. Галоўнымі пашыральнікамі пісьменства і нейкай кніжнай адукацыі былі толькі манастыры Аднак манастырская адукацыя была ўсё ж вельмі невысокая: яна складалася пераважна толькі з адной начытанасці, з простага ўмення чытаць і перапісваць кніжкі, і нават у такім выглядзе распаўсюджвалася не на многіх. Таму нават манастырскае духавенства было разрадам людзей, у большасці сваёй, цёмных. Лепшым доказам гэтага зяўляецца той факт, што нават найвышэйшыя іерархічныя пасады ў Маскоўскай Русі былі занятыя асобамі не заўсёды з дастатковай для таго адукацыяй. Такім, на нашу думку, быў і патрыярх Філарэт»
Востры дэфіцыт у краіне адукаваных людзей непазбежна прывёў да таго, што Полацкага прызначылі выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей. Ён асабіста вучыў спадкаемцаў трона царэвічаў Аляксея ды Фёдара і царэўну Софю, а таксама наглядаў за выхаваннем царэвіча Пятра. Палачаніну даручылі праэкзаменаваць дзяка Мікіту Зотава, каб высветліць, ці здатны той быць настаўнікам будучага расійскага імператара.
Для васьмігадовага Пятра Сімяон Полацкі выдаў лемантар (буквар) з уласнай вершаванаю прадмовай. 3 яго парады ўрад даручыў прыдворнаму жывапісцу зрабіць копію вялікай карты зорнага неба. Гэтыя «Бегі нябесныя» змясцілі на столі ў палацавай трапезнай.
Хоць паэт і вучоны быў пад абаронаю цароў спачатку Аляксея, а потым свайго гадаванца Фёдара Аляксеевіча, жылося яму ў Маскве не надта соладка. Не меней, чым раскольнікі, «лацінніка» ненавідзелі вярхі расійскага праваслаўя. Гэтая вера з яе кансерватызмам і падазронасцю да навукі заўсёды была Сімяону чужая. Пратапоп Авакум адкрыта называў яго «рымлянінам».
Прыгняталі Полацкага і жорсткія маскоўскія парадкі. У Рэчы Паспалітай змаганне рэлігійных плыняў ішло звычайна ў выглядзе літаратурнай палемікі і багаслоўскіх дыспутаў. У Масковіі каб не казалі ерасі людзям выразалі языкі. На вачах у Сімяона загінуў на вогнішчы вучань пратапопа Авакума, таксама таленавіты літаратар Аўраамі. Пасля маскоўскага Меднага бунту сем тысяч чалавек пазбавіліся галавы, а пятнаццаці тысячам адсеклі руку ці нагу. У Трубчэўскім манастыры стральцы закатавалі Сімяонавага брата іераманаха Ісакія. Паэт у чалабітнай патрыярху з глыбокім смуткам пісаў, што гаротніка «били убииством смертным не вестимо, за какову вину, и покинули его за мертва. А за непризрением игумена Нектария без исповедания и причастия божественных тайн отошел из света сего».
Прыгняталі Полацкага і жорсткія маскоўскія парадкі. У Рэчы Паспалітай змаганне рэлігійных плыняў ішло звычайна ў выглядзе літаратурнай палемікі і багаслоўскіх дыспутаў. У Масковіі каб не казалі ерасі людзям выразалі языкі. На вачах у Сімяона загінуў на вогнішчы вучань пратапопа Авакума, таксама таленавіты літаратар Аўраамі. Пасля маскоўскага Меднага бунту сем тысяч чалавек пазбавіліся галавы, а пятнаццаці тысячам адсеклі руку ці нагу. У Трубчэўскім манастыры стральцы закатавалі Сімяонавага брата іераманаха Ісакія. Паэт у чалабітнай патрыярху з глыбокім смуткам пісаў, што гаротніка «били убииством смертным не вестимо, за какову вину, и покинули его за мертва. А за непризрением игумена Нектария без исповедания и причастия божественных тайн отошел из света сего».
Але і ў той задушлівай атмасферы палачанін мужна і аддана служыў богу асветы. Ён стаў першым у Расіі прафесійным пісьменнікам. Ён перакладаў з лацінскай ды польскай моваў і літаратурна апрацоўваў царкоўныя і свецкія творы, удзельнічаў у падрыхтоўцы поўнага перакладу расійскае Бібліі. Ён адчыніў «в царских хоромах, против нижней стряпчей избы» сваю, незалежную ад патрыярхавай цэнзуры друкарню (у ёй працавалі аршанскія майстры, вывезеныя з Куцеінскага манастыра), першай кнігаю якой быў «Букварь языка славенска». Заўважым, што пасля стварэння гэтай друкарні іх колькасць у Маскоўскай дзяржаве адразу падвоілася: была адна, стала дзве. У той самы час у нашай дзяржаве налічвалася 134 друкарні. (Як кажуць, адчуйце розніцу.)