Уладзімір Аляксеевіч Арлоў - Сланы Ганібала (зборнік)

Шрифт
Фон

Уладзімір Арлоў

Сланы Ганібала

© Уладзімір Арлоў, 2005

© І. П. Логвінаў, 2005

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2015

Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін

Незалежнасьць гэта

Незалежнасьць гэта калі ты зьявісься на сьвет у радзільні, дзе няма самых стэрыльных на зямлі савецкіх прусакоў, затое ёсьць аднаразовыя шпрыцы й пялюшкі.

Незалежнасьць гэта калі твой бацька пойдзе ў ЗАГС, каб атрымаць дакумэнт, што ты сапраўды нарадзіўся і што цябе назвалі ў гонар дзеда Рыгорам, і кабета, якая сядзіць там, спакойна выпіша яму гэты дакумэнт, а ня выцягне са стала «Справочник личных имен народов СССР» і ня будзе, размахваючы ім, гістэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблемаў назваць сына Файзулой ці нават Мамаем, а вось Рыгорам ня можа, бо такога імя проста не існуе ў прыродзе (а существует нормальное человеческое Григорий).

Незалежнасьць гэта калі ты пойдзеш у школу і цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая табе падабалася ў дзіцячым садку,  на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мішу, тату якога завуць Iсакам,  на ягонай, а другога твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькі якога прыехалі сюды, бо ў іхнім горадзе на Волзе, каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы,  на ягонай). Цябе будуць вучыць на тваёй мове, і дзеля гэтага тваім тату й маме ня трэба будзе ўсё лета зьбіраць па кватэрах заявы бацькоў, якія ня тое каб не хацелі вучыць сваіх дзяцей так, як твае тата й мама, а проста ніколі пра гэта ня думалі, бо вырасьлі пры інтэрнацыяналізьме. I гэтыя заявы ня трэба будзе губляць тры разы дырэктару і два сакратарцы, і ў першы верасьнёвы дзень ты не пачуеш на ўрачыстай лінейцы, што «год от года хорошеет материально-техническая база нашей школы», а прыйшоўшы ў сваю клясу, не даведаесься, што дзякуючы няўхільнаму клопату партыі і ўраду ў вас на ўсю клясу толькі ўсяго лемантар і дзьве «матэматыкі» на роднай мове.

Незалежнасьць гэта калі твая дружына ня будзе змагацца за права насіць імя Паўліка Марозава ці Аляксандра Мясьнікова, бо ўсе вы цудоўна ведаеце, як любіў свайго татку Паўлік і як любіў беларусаў Мясьнікоў.

Незалежнасьць гэта калі ты будзеш студэнтам і на лекцыі па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскару, які вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краіны, нахінецца да цябе й запытае, што значыць слова «імавернасьць», і ты па-француску растлумачыш яму.

Незалежнасьць гэта калі ты будзеш служыць у войску не далей за памежныя горад ці вёску твае зямлі, затое табе ніколі не загадаюць фарбаваць траву й прыбіраць тэрыторыю «вот отсюда и до обеда». У нядзелю ты зможаш прыехаць да бацькоў ці да свае дзяўчыны, затое ніхто не назаве цябе «бульбашом», а твайго сябра «черножопым» за тое, што вы думаеце й гаворыце ў сьне па-свойму, і табе ніколі не загадаюць гастрыць сапёрную рыдлёўку, каб акапацца ў Баку ці ў Тбілісі.

Незалежнасьць гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выхадныя ў Вену, і ты з чыстым сумленьнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы выпяце кавы насупраць палацу Шонбрун, і ведаеш, што перад вашай вандроўкаю ніхто ня будзе высьвятляць у цябе, ці быў ты ў дзяцінстве габрэем, а таксама, ці быў ты раней за мяжою і калі вярнуўся адтуль, дык зь якой мэтай.

Незалежнасьць гэта калі на Дзяды, у Дзень памяці продкаў, ты ідзеш на могілкі, каб паставіць там сьвечку і пакласьці кветкі, а ня стаць удзельнікам выпрабаваньня балёнчыкаў з нэрвова-паралітычным газам ці новае мадэлі гумовага дручка.

Незалежнасьць гэта калі твой сын прынес са школы пяцёрку па гісторыі і ты хваліш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце, дзе вучаць пра Лядовае пабоішча і перамогу калектывізацыі, а па тым, дзе вучаць пра Грунвальдзкую бітву, якая ўратавала твой народ ад сьмерці, і кажуць праўду пра ўладу, што расстраляла твайго дзеда й задушыла голадам тваю бабулю.

Незалежнасьць гэта калі да цябе завітае беларускі сьпявак зь Нью-Ёрку, і ты выпеш зь ім добрую чарку вішнёўкі, і пасьля ветлівыя дзядзькі ў цывільным не запрапануюць табе падрабязна напісаць, дзе й што вы пілі й каго пры гэтым лаялі.

Незалежнасьць гэта калі ты пазбаўлены магчымасьці чуць, як твой прэзыдэнт вучыць з экрану суайчыньнікаў:

«Хто как хаціт, той так і гаварыт», бо твой прэзыдэнт чалавек пісьменны і хоць адну мову ўсё ж ведае.

Незалежнасьць гэта калі з тэлеперадач і газэтаў раптам зьнікаюць лісты нястомна-таямнічых вэтэранаў і вусьцішныя паведамленьні пра нацыяналістаў і экстрэмістаў з народных франтоў, якія нават уначы ня сьпяць, а распальваюць паміж табой, Алёшам і Мішам, тату якога звалі Iсакам, а таксама Гражынаю, якая даўно ўжо твая жонка, міжнацыянальную варожасьць, каб учыніць сярод вас крывавую разьню й пусьціць пад адхон цягнік перабудовы.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3