Зацішша доўжылася, пакуль вялікім князем літоўскім і каралём польскім не быў абраны сяміградскі ваявода вугорац (венгр) Стэфан Баторы, або, як яго называлі ліцьвіны-беларусы, Сцяпан Батура. Стаўшы на чале дзяржавы, ён да скону дзён так і не вывучыў ні польскай, ні беларускай мовы і размаўляў з падданымі толькі па-лацінску, ці праз перакладчыка. Гэты недахоп кампенсаваўся тым, што Батура быў выдатны палітык (дарэчы, ён вучыўся ў Падуанскім універсітэце) і таленавіты палкаводзец. Каранаваўшыся, ён прысягнуў заўсёды асабіста ўзначальваць войска і вярнуць усе заваяваныя маскоўцамі землі.
Зацішша доўжылася, пакуль вялікім князем літоўскім і каралём польскім не быў абраны сяміградскі ваявода вугорац (венгр) Стэфан Баторы, або, як яго называлі ліцьвіны-беларусы, Сцяпан Батура. Стаўшы на чале дзяржавы, ён да скону дзён так і не вывучыў ні польскай, ні беларускай мовы і размаўляў з падданымі толькі па-лацінску, ці праз перакладчыка. Гэты недахоп кампенсаваўся тым, што Батура быў выдатны палітык (дарэчы, ён вучыўся ў Падуанскім універсітэце) і таленавіты палкаводзец. Каранаваўшыся, ён прысягнуў заўсёды асабіста ўзначальваць войска і вярнуць усе заваяваныя маскоўцамі землі.
Іван IV адгукнуўся на каранацыю зняважлівымі словамі, што сам ён, маўляў не царом сябе і не памятае, бо зрабіўся манархам «по божию изволению, а не многомятежному человечества хотению». Заява крамлёўскага тырана не збянтэжыла Батуру. У Полацкай вайне набліжалася развязка.
Чэрвень 1579 года адзначаны прыездам вялікага князя з Вільні ў Свір, дзе вайсковая рада пастанавіла авалодаць Полацкам, «ключом Лівоніі і самой Літвы». Батура выдаў два маніфесты: да жаўнераў і да народа, дзе абвясціў што падымае меч на цара, а не на мірных жыхароў, якіх будзе літаваць і мілаваць.
На пачатку жніўня яго палкі падыходзілі да горада. Войска падымалася берагам уверх па Дзвіне, і царскі гарнізон, каб запалохаць непрыяцеля, забіваў у горадзе палонных а знявечаныя целы прывязваў да плытоў і пускаў па плыні.
У Дзісне Батура пераправіўся цераз Дзвіну па зладжаным з чаўноў пантонным мосце. Рухацца далей было цяжка, бо прыдзвінскія палі за гады чужой улады зараслі густым лесам. Вугорская пяхота ішла наперадзе, робячы прасекі і насцілаючы дарогу праз балоты. Ліцьвінскія-беларускія вайсковыя аддзелы вялі ваявода троцкі Сцяпан Збаражскі, ваявода полацкі Мікалай Дарагастайскі і кашталян полацкі Юры Зяновіч. Неўзабаве да іх далучылася дзевяць сотняў ліцьвінскай-беларускай конніцы на чале з менскім кашталянам Янам Глябовічам. Прыбылі таксама добраахвотнікі з Украіны, сярод якіх вылучаўся сын героя Аршанскай бітвы 1514 года князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі з аддзелам адборных коннікаў.
11 жніўня 40-тысячнае шматмоўнае войска ўзяло Полацк у аблогу. Падрабязнае апісанне тых падзей пакінулі польскія храністы Мацей Стрыйкоўскі ды Марцін Бельскі і каралеўскі сакратар Рэйнгольд Гейдэнштэйн.
Непрыкметна абехаўшы горад з канцлерам Янам Замойскім і ваяводам Каспарам Бекешам, Батура расставіў збройную сілу наступным чынам. На правым фланзе бераг Дзвіны насупроць Запалоцця занялі Бекешавы вугорцы. Ліцьвіны-беларусы Мікалая Радзівіла стаялі ад Дзвіны да бязлюднага Спасаўскага манастыра. За Палатою ад манастыра да Валовага возера размясціліся палякі з велікакняжацкаю стаўкаю. Левы фланг ад возера да Дзвіны трымалі нямецкія палкі. Аблога пачалася з артылерыйскага абстрэлу Запалоцкага пасада. Стральцы пакінулі яго і перабраліся па мосце ў Верхні замак. Адступаючы, яны з чатырох бакоў падпалілі пасад, дзе жыло мірнае насельніцтва, і за колькі гадзін Запалоцце дашчэнту выгарэла.
Каспар Бекеш (дарэчы, вальнадумца, які не вызнаваў ніякай рэлігіі, і асабісты сябар вялікага князя) бамбардаваў Верхні замак, але ядры адно прабівалі сцены, не разбураючы іх. Не меў поспеху і абстрэл ядрамі, папярэдне распаленымі на агні. Знаходзілася нямала смельчакоў, якія, набраўшы сухіх смаляных дроў, пераходзілі ўброд Палату, пад градам куляў і бярвення караскаліся да замкавых сценаў і падпальвалі іх. Абаронцы спускаліся па вяроўках, гінулі адзін за адным, ды ўсё ж паспявалі патушыць агонь. Аддаючы належнае ворагу, Батура пісаў, што «маскавіты ў абароне фартэцаў стойкасцю і мужнасцю пераўзыходзяць усе іншыя нацыі».
Цар Іван паслаў пад Полацк адборную частку войска з ваяводамі Барысам Шэіным і Фёдарам Шарамецьевым. Тыя дайсці да горада не здолелі і спыніліся ў замку Сокал, адкуль нападалі на дзісненскую дарогу, па якой каралеўскім палкам падвозілі правіянт.
Полацкая аблога была неверагодна цяжкая. Штодня ліло з неба, і па войску паўзлі чуткі, нібыта дождж пасылаюць чараўнікі, якіх у Масковіі надзіва багата. У сваім намёце не мог знайсці сухога месца нават вялікі князь і кароль. Абозы з харчам захрасалі ў глыбачэзнай гразі, коні падалі ад знямогі, і ў лагеры абложнікаў запахла голадам. Польская ды вугорская пяхота ела дохлых коней, немцы хварэлі на крываўку. Найбольш стойка трымаліся ліцьвіны-беларусы: ім прыспорвала сілы прага помсты за сваю здратаваную зямлю.
Жаўнеры не хацелі болей пакутаваць і рваліся на прыступ: здабыць Полацк або загінуць. Батура меў свой план. Герольды апавясцілі ўказ: хто падпаліць замак так, каб яго ўжо не патушылі, атрымае па-каралеўску шчодрую ўзнагароду. Дзесяткі ваяроў узброіліся вязкамі сухой лучыны і падаліся да полацкіх сценаў. Фартуна ўсміхнулася нейкаму львоўскаму майстру-медніку, які апрача лучыны цягнуў на плячах кацёл з жарам. Ён падпаліў кутнюю вежу, адкуль вецер перакінуў моцнае полымя на сцены. Гэта здарылася ў першы за ўсю аблогу сухі і сонечны дзень.