Уладзімір Аляксеевіч Арлоў - Таямніцы полацкай гісторыі стр 79.

Шрифт
Фон

Сцяпан Батура надаў параненаму стрэламі герою шляхецкую годнасць, прозвішча Палацінскі (ад ракі Палаты) і адпаведны герб: працятая стралою рука з паходняй.

Гарнізон думаў пра капітуляцыю і дзесяць маскавітаў спусціліся са сцяны на перамовы. Бекеш паслаў пяцярых парламенцёраў да Батуры, але вугорскія жаўнеры пасеклі іх, бо разлічвалі на багатую здабычу, а таму хацелі не добраахвотнай здачы горада, а прыступу.

За дзень значны кавалак замкавай сцяны згарэў. Вялікі князь адклаў вырашальны бой да раніцы, аднак Батуравы суайчыннікі, падагрэтыя аповедамі пра полацкія скарбы, не маглі больш утаймоўваць сябе і самахоць пайшлі на прыступ. Яны тройчы за ноч кідаліся на Верхні замак і тройчы адкочваліся назад. У запале штурму прычынілася крывавая сутычка паміж імі і палякамі.

Уначы абложнікі пусцілі чырвонага пеўня яшчэ на адну вежу і падкапаліся ўсутыч да сценаў. Ваявода Пётр Валынскі паведаміў, што залога складзе зброю, калі Батура захавае ўсім жыццё. Вялікі князь паабяцаў даць свабодны праезд таму, хто захоча вярнуцца дахаты, і права вольна жыць у Полацку таму, хто пажадае застацца.

Іншыя царскія ваяводы і пастаўлены Масквою епіскап Кіпрыян паспрабавалі ўзарваць Верхні замак, але самі ж стральцы не дапусцілі гэтага. Баючыся кары за здачу горада, ваяводы і ўладыка зачыніліся ў Сафійскім саборы, адкуль пераможцы выводзілі іх жывасілам. Разам з Верхнім замкам здаўся і Стралецкі.

У маскоўскіх Разрадных кнігах пра капітуляцыю горада запісана так: «Король Стефан Полотск взял изменою, потому что изменили воеводы, что были худы, а милы были им жены, а как голов и сотников побили, то воеводы город сдали, а сами били челом королю в службу с детьми, с людьми и со стрельцы. Всего воинского люду в Полоцке было 6000».

Сярод тых, хто вызначыўся пад сценамі Полацка ў 1579-м, быў запарожскі казак Карніла Перавал, які даслужыўся ў войску Вялікага Княства Літоўскага да ротмістра. Адрэкамендаваны вялікаму князю і каралю, ён папрасіў сабе спадчыннае шляхецтва і атрымаў герб з выяваю нацятага лука са стралой. Праз дзесяць гадоў Карніла ад шматлікіх ранаў выйдзе ў адстаўку і нажыве сыноў Рыгора і Багдана, запачаткаваўшы славуты род Перавальскіх, якія па часе стануць на польскі капыл звацца Пржавальскімі. Ажаніўшыся з ліцьвінскай-беларускай шляхцянкаю Хрысцінаю Гасціловіч, Рыгор атрымае за ёю ў пасаг прыдзвінскія маёнткі Раманава, Замерына і Скуратава пад Віцебскам, дзе і цяпер жывуць нашчадкі ротмістра Карнілы.

Еўропа адгукнулася на вызваленне Полацка новымі «лятучымі лісткамі». Адзін з іх, выдадзены ў 1579 годзе ў Нюрнбергу і знойдзены нядаўна ў Цэнтральнай бібліятэцы Цюрыха, мае для нас асаблівую каштоўнасць, бо ў ім змешчаная расфарбаваная гравюра, дзе адлюстраваныя ўсе асноўныя падзеі аблогі горада. Аўтар (ім мог быць прыдворны картограф, геаметр і гравёр Батуры Петэр Франк) дастаткова праўдзіва перадае і выгляд мясцовасці, і размяшчэнне войскаў. На гравюры відаць, як на пляцы за полацкімі сценамі царскія людзі яшчэ катуюць палонных, але па драўляным мосце цераз Палату ўжо бяжыць наша пяхота, а з гарадской брамы выязджае частка маскоўскага гарнізону, каб здацца на міласць вялікага князя і караля, які едзе насустрач пераможаным са свайго лагера. 3 усходу цяжкая абложная артылерыя абстрэльвае замак, а ўздоўж правага берага Палаты з разгорнутымі сцягамі наступаюць палякі, вугорцы і ліцьвіны.


31 жніўня Сцяпан Батура ў сваім намёце дзякаваў Богу за пасланую ўдачу. Памаліцца ў Сафіі пераможцы не маглі, бо там яшчэ ляжала безліч непахаваных трупаў і трываў жудасны смурод.

Войска вялікага князя ўзяло ў Полацку трыццаць гарматаў, трыста гакаўніц, блізу шасці сотняў даўгіх рушніц-мушкетаў. У лік трафеяў трапіла прарэджаная заваёўнікамі, але ўсё роўна найбагацейшая ў Вялікім Княстве бібліятэка Сафійскага сабора. Сакратар Батуры Рэйнгольд Гейдэнштэйн пісаў, што ў вачах людзей адукаваных яна мела не меншую каштоўнасць, чым уся астатняя здабыча. Апрача летапісаў у ёй было шмат твораў айцоў грэцкае царквы, у прыватнасці «Нябесная і царкоўная іерархія» Дыянісія Арэапагіта першага афінскага епіскапа, якога перавярнуў у хрысціянскую веру сам апостал Павел. Большую частку гэтых кніг нібыта пераклалі на славянскую мову святыя Кірыла і Мяфодзі. У кніжнай скарбніцы маглі быць аўтографы Усяслава Чарадзея і фаліянты, перапісаныя рукою Еўфрасінні.

КОНЕЦ ОЗНАКОМИТЕЛЬНОГО ОТРЫВКА

Лёс Сафійскае бібліятэкі яшчэ адна таямніца нашага мінулага. Пасля 1579 года згадкі пра яе знікаюць. Сёння вядома адно некалькі былых полацкіх кніг і рукапісаў, што знаходзяцца ў замежных кнігазборах. Дзесяць рукапісаў на славянскай мове (у тым ліку «Зборнік» 1500 - 1501 гадоў) захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, а «Евангелле вучыцельнае» XVI стагоддзя у бібліятэцы Львоўскага універсітэта.

Дзе ж астатнія?

Арыгінальны адказ дае гістарычна-фантастычная аповесць «Лабірынты», што належыць пяру Вацлава Ластоўскага.

Герой аповесці, аматар беларускае старасвеччыны, сустракаецца на пачатку мінулага стагоддзя з калегамі з полацкага археалагічнага гуртка. Знаўца мясцовых сутарэнняў і лёхаў апавядае госцю: «Кажуць, пад Верхнім замкам, за магілай невядомага валадара, ёсць склады з багаццямі вялікімі. Кажуць, у абход абшырнай грабніцы, направа, ёсць мураваны праход, крокаў шэсцьдзесят даўжыні, і праз яго ўходзіцца ў сховы са старымі кнігамі Зложаны кнігі ў каваных серабром скрынях, у сярэдзіне абітых скурай. 3 гэтай кніжні пракавечнай ёсць ход у скарбец»

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3