(Праз некалькі гадоў дырэктар Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Францішка Скарыны Адам Мальдзіс атрымае нечаканы ліст са сталіцы далёкай Мексікі. Высветліцца, што там, у Мехіка, жыве яшчэ адзін нашчадак славутага палачаніна Ежы (Юры) Скарына, які, дарэчы, даводзіцца стрыечным братам жыхару Манрэаля Станіславу. Юры Скарына таксама не абдзелены талентамі, што найбольш выявіліся ў журналістыцы. Мексіканскі Скарына піша па-іспанску і па-польску, пэўны час выдаваў уласную газету, дзе часта зяўляліся яго публікацыі. Адна з галоўных тэмаў спадара Юрыя гісторыя і культура Беларусі, якімі ён здаўна цікавіцца, падтрымліваючы духоўную лучнасць з радзімаю продкаў).
А ў Полацку будзе стаяць з кнігаю ў руках бронзавы Скарына. Стаяць, зажурана думаючы, што ў яго родным горадзе на яго роднай мове вучаць дзяцей толькі ў адной школе.
I ўсё ж у яго будуць падставы не толькі для смутку.
Але ўсё гэта здарыцца потым, праз стагоддзі, а пакуль
Маўчыць гаспода ў Падуі старой,
і толькі ў Скарыны мігціць агеньчык ніцы [12]
ПОЛАЦКАЯ ВАЙНА
Рака беларускай гісторыі не давала Полацку спачываць у ціхай завоіне, зноў і зноў выносячы яго на самую строму. Так здарылася і ў сярэдзіне XVI стагоддзя.
1558 год. Маскоўскае войска з агнём і мячом уварвалася ў Інфлянты (Лівонію). Напачатку фартуна спрыяла маскавітам, і ім удалося захапіць Нарву і Тарту. Шукаючы падтрымкі, лівонскі магістр прызнаў сябе васалам Вялікага Княства Літоўскага. Палкі гетмана Радзівіла Рудога рушылі на дапамогу лівонцам. Вялікі князь і кароль Жыгімонт Аўгуст прапанаваў цару Івану ІV узаемна адвесці войскі, ды той меў іншыя планы. «Мы зяднаем свае сілы, каб Польшча і Літва не выслізнулі ад нас», пісаў ён нямецкаму імператару. Вайна Інфлянцкая (Лівонская) ператварылася ў вайну Літоўскую.
Царскія ваяводы пляжылі Літву-Беларусь, неслі смерць і здзекі. Князь Андрэй Курбскі хадзіў на Віцебск. «Острог взяли и пожгли, апавядае маскоўскі летапісец, и посады у города у Витебска все пожгли и наряд в остроге поимали и людей в остроге многих побили и села, и деревни около Витебска пожгли и повоевали». Апрача касцёлаў Курбскі спаліў дваццаць чатыры праваслаўныя храмы і люта расправіўся з палонам, але цар усё адно пазіраў на яго скрыва, бо пад Невелем князь, маючы пятнаццаць тысяч ваяроў, не здолеў разбідь чатырох тысяч ліцвінаў.
«Уся Літва ёсць вотчына гасудароў маскоўскіх!» абвясціў Іван IV на саборы, а дваране сказалі: «Мы, халопы царскія, за адну дзесяціну зямлі Полацкага або Азярышчанскага павета галовы скласці гатовыя». Масковія рыхтавалася да вялікага паходу. Напрыканцы 1562 года палкі сабраліся ў Мажайску, і да іх выехаў цар. Яму сніўся Полацк, ютрань у святой Сафіі, срэбныя берагі і залатое дно Дзвіны.
У вядомым рамане В. Костылева «Иван Грозный» намаляваны вобраз цара-бацюхны, які аддана служыць Богу і народу, клапоцячыся пра вызваленне аднаверцаў з чужынскай няволі.
Іван IV. З гравюры XVI в.
Які ж быў «вызваліцель» напраўду? Каб не здавацца занадта старонным, спачатку дам слова славутым расійскім гісторыкам. М. Кастамараў называў Івана IV «чудовищем, которое лжет в каждом слове», В. Ключэўскі «зверем от рождения», a С. Салаўёў пісаў што гісторык ніколі не прамовіць такому чалавеку слова апраўдання.
У дзяцінстве цар любіў бавіцца, скідваючы з высокіх дахаў катоў і здзекуючыся з дробнай жывёлы. Гадоў з пятнаццаці пачаў «упускаць» з вышыні таварышаў сваіх дзіцячых гульняў і з асалодаю глядзеў як тыя канаюць. Павянчаўшыся на царства, семнаццацігадовы валадар учыніў нялюдскую расправу над пскоўскімі пасламі, што прыехалі скардзіцца на намесніка, загадаў сарваць з сямідзесяці немаладых шаноўных людзей адзенне, пакласці іх на каменную падлогу, а сам паліваў ім галовы спіртам і свечкаю падпальваў валасы. Калі цару прывезлі з Персіі слана, ён закамандаваў таму стаць перад памазаннікам Божым на калені. Няшчасная жывёліна, не разумеючы рускай мовы, не паслухалася і была за гэта пасечаная на кавалкі.
Садызм зрабіўся для цара жыццёвай патрэбаю. Ён катаваў колішніх сяброў, уласнаручна зарэзаў у застоліцы князя Абаленскага-Аўчыніна, абарваў жыццё свайго сына У часы так званай апрычніны царовы слугі цэлы месяц забівалі ў Ноўгарадзе штодня па 500 чалавек. Людзі шэптам перадавалі адзін аднаму, што цар рукі з кішэняў прылюдна не дастае, бо не можа з іх кроў адмыць.
Тады ж на нядаўна захопленых Масковіяй ноўгарадскіх і пскоўскіх землях нарадзілася песня:
У того царя да у Собаки
А окол двора да тын железный,
А на каждой-то на тычинке
По человечей-то сидит головке.
Крывавая тыранія напоўніла краіну даносчыкамі і катамі. «Няхай цар пакажа нам сваіх здраднікаў, а мы самі вынішчым іх», крычалі памазаніку сталічныя купцы і мяшчане. «На рабы своя, от бога данныя ему, жестокосерд вельми, и на пролитие крови и на убиение дерзостен и неумолим, множество народу от мала и до велика при царстве своем погуби», сказаў пра цара маскоўскі летапісец. I побач таксама пра яго: «Муж чюдного рассуждения, в науке книжного поучения доволен и многоречив зело».