Багата прысвечаных цару захопленых слоў знойдзецца і ў расійскім фальклоры. Рэкі крыві, войны і захопы чужых земляў успрымаліся як доказы богаабранасці Івана IV, што, маўляў змагаецца з ворагамі ў дзяржаве і за яе межамі. Манархічныя ілюзіі тады канчаткова зрабіліся рысаю расійскага нацыянальнага характару. Менавіта гэты цар пакінуў Расіі ў спадчыну ўжо цалкам сфармаванае самаўладдзе, што трымалася на тэроры супроць свайго народа. (Нядзіва, што Іванам IV захапляўся Сталін.) Нават князёў і баяраў ён прымусіў называць саміх сябе «халопамі». Перабегшы ад свайго гаспадара ў ЛітвуБеларусь, Андрэй Курбскі пісаў Івану, што той «затворил землю русскую, сиречь, свободное естество человеческое, аки в адовой твердыне».
Еўропа глядзела на маскоўскага ўладара як на дэспата, роўнага якому не было ні ў Старым, ні ў Новым свеце. Смешна чытаць у некаторых расійскіх гісторыкаў што цар быў выдатны дыпламат. Наўрад Масковія заваявала ў еўрапейскіх краінах павагу ад таго, што Іван IV абвяшчаў сябе найвышэйшым з усіх каранаваных валадароў. Англійскую каралеву Лізавету «выдатны дыпламат» ахрысціў «пошлою девицей». У свайго суседа шведскага караля Юхана, бацька якога быў просты дваранін, Іван Васільевіч пагардліва дапытваўся ўлісце: «А ты скажи, отец твой Густав чей сын, и с какими государями был в братстве, и какого ты роду государьского?»
Пра нашага манарха Жыгімонта Аўгуста цар казаў: «Паче худеиша худеиших рабов суща». Тым больш, што маскоўскія сваты атрымалі ад вялікай князёўны літоўскай адмову, і цар мусіў ажаніцца з чэркескай князёўнаю, якая, паводле М. Карамзіна, мела дзікі нораў і жорсткае сэрца і яшчэ болей умацоўвала ў душы ў цара зло.
Не Грозным, а Жахлівым называлі яго на паняволеных землях.
Будучы «вызваліцель» павёў палкі з Мажайска на Тарапец, потым на Вялікія Лукі і Невель, а адтуль лясной і цеснай дарогаю на Полацк.
Вайна Літоўская зрабілася Полацкаю.
3 Іванам Жахлівым ехалі казанскія цары Аляксандр і Сімяон, царэвічы Ібак, Тахтамыш, Бекбулат ды Кайбула, дванаццаць думскіх баяраў, пяць акольнічых і шаснаццаць дзякоў. Калі верыць маскоўскім пісцам, цар вёў 200 тысяч конніцы, 60 тысяч пяхоты і 80 тысяч абозных людзей. Гісторыкі лічаць такія лічбы моцна завышанымі і пагаджаюцца на 60 тысяч усяго воінства, але ўсё роўна гэта была велізарная сіла: здавалася, на Полацк вырушыла ўся Масковія. Войска мела 200 гармат, у тым ліку чатыры вялікія сценабітныя і 36 камне і вогнекідальных. Са збройнымі людзьмі ішло шэсць тысяч грабароў правіць дарогі. Гарматы, порах, кулі ды іншы вайсковы рыштунак цягнулі на сабе 40 тысяч «чорных людзей» (цар ашчаджаў коней). Першую сценабітную гармату везлі на змену болей за тысячу чалавек, другую тысяча, трэцюю дзевяцьсот
31 студзеня 1563 года гэтая арда спынілася на дзвінскіх берагах. Перад ёю ляжаў найбагацейшы горад Вялікага Княства і яго галоўная цвярдыня з дзевяцівежавым замкам, з дванаццаццю манастырамі і васемнаццаццю храмамі.
Насупраць полацкіх умацаванняў адразу падняліся зробленыя ворагам за тры вярсты ад горада абложныя туры, праз сцены паляцелі ядры і агонь. Над месцам паплылі клубы чорнага дыму.
Невялічкая ў параўнанні з непрыяцелем залога (гарнізон) здавацца тым не менш не збіралася. Палачане нават задумалі адбіць у маскавітаў гарматы і аднае начы ўчынілі вылаз. Некалькіх тутэйшых жыхароў, што прывезлі ад цара граматы з прапановаю скласці зброю і служыць «истинному государю», абаронцы пакаралі смерцю як здраднікаў.
Невядома, колькі яшчэ трывалі б аблогу нашы продкі, каб не памылкі ваяводы Станіслава Давойны. Першы раз ён спудлаваў, выправіўшы з Полацка дзве тысячы сялянаў, што ўмацоўвалі сцены. Ваявода хацеў паменшыць колькасць едакоў ды паспрыяў не сабе, а ворагу. Царскія людзі палавілі сялянаў і прымусілі іх паказаць лясныя ямы з гарадскімі запасамі збожжа. Другі раз Давойна схібіў, калі адвёў абаронцаў у замак і падпаліў астрог з пасадамі. Пад прыкрыццём густога дыму стральцы ўварваліся ў места і перацягнулі туды гарматы. У той дзень палоннымі сталі 11 тысяч навакольных сялянаў, што хаваліся за полацкімі сценамі. Цар раздаў палон князям, баярам ды «приказным» людзям, і няшчасных пагналі ў Масковію.
Невядома, колькі яшчэ трывалі б аблогу нашы продкі, каб не памылкі ваяводы Станіслава Давойны. Першы раз ён спудлаваў, выправіўшы з Полацка дзве тысячы сялянаў, што ўмацоўвалі сцены. Ваявода хацеў паменшыць колькасць едакоў ды паспрыяў не сабе, а ворагу. Царскія людзі палавілі сялянаў і прымусілі іх паказаць лясныя ямы з гарадскімі запасамі збожжа. Другі раз Давойна схібіў, калі адвёў абаронцаў у замак і падпаліў астрог з пасадамі. Пад прыкрыццём густога дыму стральцы ўварваліся ў места і перацягнулі туды гарматы. У той дзень палоннымі сталі 11 тысяч навакольных сялянаў, што хаваліся за полацкімі сценамі. Цар раздаў палон князям, баярам ды «приказным» людзям, і няшчасных пагналі ў Масковію.
Варожая артылерыя стаяла ўжо зусім блізка ад замка. Апрача таго, маскавіты падвялі падкоп і ўзарвалі вялікі парахавы прыпас, ад чаго выгарала трыста сажняў сцяны.
Татары з царскага войска злавілі двух «літоўцаў» Марка Іваніча і Фядка Хлябовіча. Тыя распавялі, што на падмогу Полацку ідзе гетман Мікалай Радзівіл і што ён даў каралю слова выратаваць места ад ганьбы. Аднак гетман не адважыўся на бітву. Дый на што ён мог разлічваць са сваімі трыма з паловаю тысячамі жаўнераў і дваццаццю гарматамі? Тым часам маскоўскае воінства нішчыла Полацкую зямлю, выпальваючы ад Дзісны да Дрысы вёску за вёскай.