Ён, князь Валодша з роду Рагвалодавічаў не пусціў і не пусціць немцаў на крывіцкія землі. Не пусціць, пакуль за плячыма веча, а яно стаіць за яго ўжо трыццаць летаў і будзе стаяць, пакуль жывы. I баяры, і епіскап не пойдуць супраць, бо гораду і княству трэба моцны абаронца.
Неспадзявана яму прыгадаліся дзвінскія парогі вышэй Віцебска. Раку перагарадзілі там вялізныя каменныя валы, але яна, не могучы перапілаваць іх, не здаецца паволі падымаецца на вал, абрываецца ўніз, творачы вадаспад, і зноў бе ў камень, зацята точыць яго і ўсё ж праразае сабе вузкі ды глыбокі ход скрозь парог і ляціць з шалёнай хуткасцю, неўтаймоўна і пераможна. Гэтае змаганне ракі і парогаў, што назаўсёды запала яму ў памяць, цяпер, у бяссонную ноч, прынесла нейкую палёгку.
За біскупам кесар, папа, нямецкія гарады, але за ім, князем Валодшам, зямля яго прадзедаў. За ім купцы і рукамеслы люд, за ім цёмныя смерды з вотчын і глухіх весяў. За ім пастаўленая вялікім князем Усяславам Сафія і кніжная мудрасць, сабраная ў манастырах і цэрквах. Калі б чужынцы прыйшлі ў полацкія храмы, калі б яны пачалі паліць кнігі і на свой капыл выпраўляць летапісы, продкі ўсталі б са сваіх магіл і ўзбунтавалася б сама зямля. Праўда за ім, князем, а не за крыжакамі.
За біскупам кесар, папа, нямецкія гарады, але за ім, князем Валодшам, зямля яго прадзедаў. За ім купцы і рукамеслы люд, за ім цёмныя смерды з вотчын і глухіх весяў. За ім пастаўленая вялікім князем Усяславам Сафія і кніжная мудрасць, сабраная ў манастырах і цэрквах. Калі б чужынцы прыйшлі ў полацкія храмы, калі б яны пачалі паліць кнігі і на свой капыл выпраўляць летапісы, продкі ўсталі б са сваіх магіл і ўзбунтавалася б сама зямля. Праўда за ім, князем, а не за крыжакамі.
Рогат пугача пачуўся ўжо зусім блізка, але гэтым разам Валодша не перахрысціўся.
Хутка паплывуць яз па рацэ полацкія стругі. У яго вотчыне за Барысавым каменем стаяць дзесяць балістаў, таемна зробленыя на ўзор тых, што князь Вячка некалі адбіў у крыжакоў і прыслаў у Полацк. Цяпер камяні не паляцяць у сваіх. I войска ў яго будзе не такое, як калісьці.
Яшчэ ў студзені, пасля першых чудскіх паслоў ён на радзе з самымі вернымі баярамі наважыў збіраць сілу. Па езджых дарогах і звярыных сцежках ён адправіў пасланцоў у літоўскія лясы, да земіголы і ў балотную краіну кураў, якія ідуць на бітву, закрыўшыся белымі шчытамі, і адсякаюць сваім параненым галовы, каб пазбавіць іх ад пакутаў, Ён паслаў людзей да дручанаў і лагажанаў, у Менск і Віцебск
У Смаленск паслы не паехалі. Смаленскі князь сам глядзіць, каб адарваць кавалак ад Полацкай зямлі, ад сваіх братоў-крывічоў. Добра, калі ў спіну не ўдарыць. Затое ён, князь Валодша, моцна спадзяваўся на паўночных суседзяў.
Не з лёгкай душой, а заціснуўшы гонар у кулак, пісаў ён ім граматы. Ноўгарадцам і пскавічам нямецкія замкі на Дзвіне выгодныя: больш купцоў едзе да мора сухаземным шляхам цераз іх княствы. Пскоўскія ратнікі нават хадзілі купна з немцамі вайною на эстаў. Суседзі не разумелі, што нядоўга будуць багацець ад сваіх выгодаў. Рыцары паставяць на калені чудзь і пойдуць далей на ўсход. Прыспеў час забыць старыя крыўды і стаяць за свае рубяжы плячо ў плячо. Іначай палягуць паасобку, як дружына князя Ігара ў палавецкім стэпе. А выступаць трэба цяпер, калі рыжскі біскуп Альберт паехаў да папы і кесара разбіраць спрэчкі з мечаносцамі.
Валодша ўсміхнуўся, павесялеў. Ён разумны, біскуп. Кожны раз, як едзе ў Нямеччыну, ён набірае сабе не толькі рыцараў, але і майстроў, каб глыбей пусціць карані ў чужую зямлю. Нядаўна ён дазволіў лівам замест дзесяціны плаціць меру збожжа з аднаго каня. Цяпер лівы не паўстануць. Біскуп вельмі разумны, але здаралася аступацца і рыжскаму пугачу. Відаць, не раз гатовы быў кусаць сябе за локці, што заснаваў ордэн. Войска Альберта служыла яму толькі ад лета да лета, а потым, зарабіўшы адпушчэнне грахоў і ў жадобу парабаваўшы, крыжакі вярталіся на караблях дадому. Ён думаў, ордэн мечаносцаў памножыць яго моц. Але браты-рыцары, увабраўшыся ў дужасць, зрабіліся не памагатымі, а заклятымі ворагамі. Не першы год біскуп і ордэн грызуцца, як злыя сабакі за смачную костку. Некалі Альберт даваў ім траціну заваяванай зямлі, а цяпер ужо мечаносцы дакляруюць яму гэтую траціну, дый то на словах. Пакуль не замірыліся, пакуль няміласцівы да біскупа папа ў Рыме, і трэба біць псоў.
Ён загадаў паслам сказаць у Ноўгарадзе ды Пскове і пра тое, што не сёння, дык заўтра можа прыйсці на берагі Варажскага мора новы вораг. Угорскі кароль пусціў на свае землі рыцараў-тэўтонаў, што дагэтуль ваявалі з сарацынамі. Полацкія князі здавён маюць сярод купцоў верных людзей, якім наказана ў падарожжах дбаць не толькі аб добрым гандлі, але мець вушы і вочы дзеля сілы і прышласці роднага гнязда. Летась купцы прывезлі вестку, што ляшскія князі просяць у тэўтонцаў падмогі супроць прусаў
Чакаючы паслоў з адказам, Валодша цешыўся надзеяю, што адыдзе ў мінулае задаўненая варажнеча. У смелых думках ён бачыў як будзе сватаць за старэйшага сына Барыску дачку ноўгарадскага князя. Тады Полацк і Ноўгарад стаялі б на сваіх межах непарушна.