Праз месяц паслы вярнуліся з невясёлымі навінамі. Ноўгарадцы крычалі на вечы, што пойдуць ваяваць немцаў, калі Полацк прышле назад званы, што Усяслаў Чарадзей з іх Сафіі зняў і на сваю павесіў. Пскавічы таксама ўспомнілі, як іх Усяслававы палкі палілі. Як быццам Полацку няма чаго згадаць! Можа, і папусціўся б ён, адаслаў назад званы, але ж нічога добрага з гэтага не выйдзе. Адно што пасмяюцца ў Ноўгарадзе: маўляў дазвання растрос Полацк былую славу і гонар.
Валодша ўжо даўно зразумеў: каб адолець біскупа, мала адной сілы. Ён стаў асцярожны. Калі маеш справу з Рыгаю, хітрасць не загана. Ён добра памятае, як колькі гадоў таму нямецкія паслы выведалі яго задумы і таемна паслалі біскупу вестку аб зборах полацкага князя ў паход. Рыцары, што меліся адплываць за мора, нечакана засталіся ў Рызе. Ён так і не дазнаўся, каго з полацкіх моцных мужоў падкупілі немцы.
Пра новы паход ведаюць лічаныя людзі, а ўвесь Полацк гаворыць, што князь пойдзе ў набег на бязбожную літву. Хай мянцяць языкі літоўскім князям не горай, чым яму, вядома, што гэта будзе за набег. Літоўцы ўмеюць трымаць язык за зубамі.
Чатыры гады, як у Полацка з Рыгаю вечны мір. Не, рыжскі біскуп не верыць, што ён, Валодша, скарыўся. Альберт, пэўна ж, разумее, што ён проста хоча выйграць час, і таму адкладваць паход далей не выпадае.
Вечны мір Днямі ў Дзвіне ўтапілі двух выведнікаў-нямчынаў, якія труцілі полацкія студні. Сам князь таксама пабойваецца варожага зелля і падчас застоліцы заўсёды кідае ў сваю чару прывезены купцамі пярсцёнак з адмысловым каменем, ад якога атрута траціць сілу.
Не са сваёй волі нараджаецца чалавек, думаў лежачы без сну, князь. Але, калі прыйшоў ужо на свет, мусіць зразумець свой лёс і заўжды трымацца той невідочнай стралы, што ляціць цераз дні і гады, пазначаючы кожнаму яго шлях. Смерду трэба карміць гаспадара. Еўфрасіння жыла, каб сеяць зерне кніжнае навукі. А ён прыйшоў абараніць Полацкую зямлю. Надыдзе пара, і крыжакі зломяць сабе хрыбет.
Праз тыдзень Валодша прымаў у княжай палаце паслоў з Герцыкі.
Колькі гадоў таму, здабыўшы бліжэйшы ад Рыгі Куканос, біскуп Альберт на чале вялікага войска падступіў да Герцыкі, дзе сядзеў Усевалад з роду Рагвалодавічаў. Крыжакі прыйшлі помсціць за вернасць Полацку, за тое, што Усеваладава дружына няраз шкуматала Лівонію. У набегі князь хадзіў зазвычай разам з аўкштайтамі, бо іх магутны кунігас Даўгерут даводзіўся яму цесцем. У Рызе ваяўнічага памежнага князя пабойваліся, а Герцыка ды Полацк любілі яго не толькі за адвагу ў бітве, але і за часты шанцунак, за тое, што свяціла яму з неба шчаслівая зорка.
То яго ваяры знянацку зявяцца пад самымі рыжскімі мурамі, захопяць гарадскі статак і двух лацінскіх святароў у прыдачу і беспакарана вернуцца ў свой удзел. То, надзеўшы нямецкія панцыры, без бою ўвойдуць у замак і палоняць тузін рыцараў і самога комтура. То, як быццам ні з чога ні з якога, загарацца сярод ночы нямецкія караблі ў завані
Відаць, і тады Усевалад верыў у сваю шчаслівую зорку, бо не зачыніўся ў замку, каб трываць аблогу, а вырашыў біцца ў полі. Аднак людзей у Альберта было болей, а паміж Усеваладавых вояў не кожны нават меў кальчугу. Разы са два герцыкскія ратнікі наляцелі на немцаў ды адпалі, як выжлы ад мядзведзя, і кінуліся бегчы назад да брамы. Услед за імі крыжакі ўварваліся ў горад і пачалі сеяць смерць. Праўда, князь з дружынаю і многімі мужамі прабіўся да стругаў і ўратаваўся за Дзвіной, але жанкі і дзеці трапілі ў палон. Два дні крыжакі рабавалі Герцыку, выганялі з хлявоў худобу, зносілі да княжага хорама золата, срэбра і пурпур. На трэці дзень, утапіўшы царкоўныя званы і пасекшы мячамі абразы, немцы падпалілі горад і берагам пагналі палон у Рыгу. Прывязаная да калёсаў са скарбам, басанож ішла разам з усімі і проставалосая Усеваладава жонка з дачкою на руках.
У чоўне-аднадрэўцы пераплыў раку адпушчаны палонны. Усевалад, ашчаперыўшы голаў, сядзеў на краі бераговага ўрвішча і моўчкі гайдаўся з боку ў бок. Пушчанік перадаў словы біскупа Альберта. Калі князь хоча вярнуць жонку з дзіцем і палон, няхай адзін едзе ў Рыгу. Усевалад кінуўся на вестуна з мячом, ледзьве не ўчыніўшы смертазабойства.
Але князь мусіў утаймаваць свой гнеў і паехаць у варожае кубло. Перад рыцарамі, клірыкамі і купцамі ён назваў Альберта бацькам і перадаў яму Герцыку з зямлёй і вотчынамі, паабяцаўшы быць верным лацінскай царкве і не хадзіць ў набегі. Зняважаны Усевалад ішоў адбудоўваць горад з палонам і трыма атрыманымі ад біскупа чужынскімі сцягамі.
Гаварыць з людзьмі з Герцыкі Валодша вырашыў сурова, хоць у душы і хаваў радасць. Князь ведаў: хай сабе і схіліў Усевалад галаву перад рыжскім біскупам, але ніколі ён не паставіць дружыну ў варожы строй, не ўчыніць крывіцкім мячам такой нязбыўнай ганьбы.
У княжую палату, дзе ў вясёлыя вечары збіралася бяседа на сто чараў, зазірала сонца. Яно запальвала агнём медныя бляхі на каваных шчытах, што віселі на сценах, чаргуючыся з раскідзістымі рагамі аленяў і ласёў. Адсюль, з другога паверха, была відаць мураваная царква пад свінцовым крыццём і выцягнутыя ўсцяж вастраколу абымшэлыя дахі жылых клецяў, на якіх падчас аблогі стаялі абаронцы.