Уладзімір Аляксеевіч Арлоў - Таямніцы полацкай гісторыі стр 47.

Шрифт
Фон

Яго пабойванні спраўдзіліся скора. Стары біскуп Мейнард памёр, а новы да полацкага князя ўжо не паехаў. Прыкрываючыся Божым словам, немцы сталі адбіраць у ліваў зямлю. Папа ў Рыме ўжо абвясціў адпушчэнне грахоў усім, хто нашые крыж і пойдзе служыць у біскупава войска на беразе Варажскага мора. Полацкія купцы прывезлі навіну, што папа і нямецкі кесар прыраўнялі паход у Лівонію да крыжовых паходаў у Палесціну.

Праўда, новаму біскупу Бертальду сонца свяціла тут нядоўга. У бітве спалоханы конь занёс яго ў гушчу ліваў; двое схапілі ненавіснага крыжака за рукі, а трэці працяў яго дзідаю. Выведнікі данеслі, што пасля біскупавай смерці лівы доўга мыліся ў лазнях, змываючы там, а потым у дзвінскіх водах хрышчэнне. Яны пілі хмельны мёд, зрывалі з дрэваў укрыжаванні і пускалі іх на плытах у мора. Але ён прыняў гэтыя навіны без вялікай радасці, бо ведаў, што рыцары вернуцца.

Яны вярнуліся, і з году ў год іх караблі падымаліся па Дзвіне ўсё вышэй і ўжо даходзілі да падуладных яму, Валодшу, гарадоў Куканоса і Герцыкі, дзе сядзелі крывіцкія князі

Можна ўявіць, як знадворку, недзе за блізкай сцяной цёмнага бору, завухаў пугач, як князь перахрысціўся на абраз з кволым агеньчыкам лампадкі. Пугач падаў голас акурат тады, калі ён падумаў пра біскупа Альберта. Валодша раптам зразумеў, што яны падобныя: рыжскі валадар і гэтая вушастая птушка з такою самаю, як у Альберта, круглай галавой і вялікімі слепаватымі вачыма. Князю зрабілася ніякавата, яму здалося, што загадкавае начное стварэнне можа невідочна заляцець у спачывальню і падслухаць яго пакрыёмыя думкі. Ён міжволі ўспомніў пра ваяроў, што гэтаю парой за пяць пералётаў стралы адсюль стаяць варту пад старым дубам у лесе і ў прыдзвінскіх зарасніках алешніку. Там выходзяць наверх лёхі, што пачынаюцца з княжага двара: адна якраз пад яго спачывальняй.

КОНЕЦ ОЗНАКОМИТЕЛЬНОГО ОТРЫВКА

Пугач зарагатаў зноў і князь зачыніў вакно на зашчапку, адразу адчуўшы на душы палёгку.

Не, ён не баяўся Альберта. Цяпер ён хацеў засцерагчыся ад тых таемных сіл, што ўладараць у глухую начную часіну і могуць умяшацца ў любую чалавечую справу. Што да рыжскага біскупа, дык Валодша ведаў: далей ім двум на берагах Дзвіны не жыць. Застанецца нехта адзін: або ён, вялікі князь полацкі, або гэты пугач з чалавечым абліччам.

Валодша думае пра біскупа так даўно і так шмат, што часта ў яго зяўляецца дзіўнае і, відаць, грахоўнае жаданне хоць на дзень, на гадзіну самому стаць Альбертам, атрымаць яго розум і сэрца. Тады ён здолеў бы вызнаць гэтую душу, уведаў бы, што біскуп мысліць пра яго, полацкага караля Вальдэмара.

Няўжо рыжскі пугач смяецца з яго? Так, смяяцца ёсць з чаго. Дагэтуль амаль заўсёды выйграваў ён, Альберт. Але біскуп ніколі не мог лічыць сябе поўным пераможцам. Нават тады, пад Гольмам, у дзень ганьбы полацкага войска.

I цяпер, праз дзесяць гадоў, князь не можа прыгадаць той паход спакойна. Аднекуль з глыбіні падымаецца і туманіць розум цёмнае воблака лютасці, ад якой самі сабой сціскаюцца кулакі.

Ён ізноў бачыць недаступныя шэрыя вежы Гольма. Лучнікі з полацкага войска не даюць немцам і носа выткнуць з-за каменных зубцоў. Першая страла яшчэ не сустрэлася з зямлёй ці варожым панцырам, а наўздагон кожны лучнік паспявае паслаць яшчэ тры. Але немцы паставілі балісты і пачалі кідаць на табар абложнікаў камяні і цяжкія бёрны. Тады ён загадаў таксама збудаваць абложныя машыны. Палоннаму рыцару абяцалі жыццё, калі навучыць рабіць балісту.

Як абложнікі выцягнулі з лесу свае катапульты, у Гольме стала так ціха, нібы ўсім немцам заняло мову. Аднак палачане радаваліся рана.

Здаецца, усё было як належыць і даўгія асверы, і цяжкія супрацьвагі, і трывалыя кашы, куды кладуць камяні, ды, калі ратнікі напялі вяроўкі і разам стрэлілі з усіх пяці балістаў, двухпудовыя камлыгі паляцелі не цераз замкавыя сцены, а ў другі бок, акурат туды, дзе стаяла гатовае да прыступу полацкае войска. Пятнаццаць ратнікаў былі забітыя на месцы, а тут яшчэ каменны град пасыпаўся з замка, брама расчынілася, і немцы пайшлі на вылаз. Ён, князь, даў знак адысці, і тае ж хвілі з неба гахнуў камень і забіў пад ім каня. Раць ужо кінулася да выратавальнага лесу. Рыцары несліся на яго з думкаю, што кароль Вальдэмар у іх руках, а ён стаяў з аголеным мячом і рыхтаваўся як найдаражэй аддаць жыццё. Але малады дружыннік на скаку павярнуў каня, і той выратаваў іх абодвух ад вернае смерці.

Назаўтра ганцы ад ліваў паведамілі, што на моры паказаліся караблі, і ён зняў аблогу. Так закончыўся той паход, аднак і тады рыжскі біскуп не перамог.

I не пераможа ніколі.

Хай, прыйшоўшы на падмогу Куканосу, ён, Валодша, застаў на месцы горада галавешкі, бо князь Вячка пасля лютай сечы з крыжакамі мусіў падпаліць сваю дзедзіну і ісці з дружынаю ў свет. Хай ездзіў на паклон у Рыгу князь Усевалад з Герцыкі. Хай ужо не ідзе ў Полацк даніна ад ліваў і летаў. Ён загадаў сваім людзям не мець літасці ні да смердаў, што будуць хаваць хлеб, ні да баяраў, калі нехта думае адседзецца за дубовымі вотчыннымі сценамі. Хто бунтуе або галаву з плячэй, або ланцуг у вязніцы на княжым двары. I так будзе з кожным, хто пойдзе супраць яго волі, бо не павінны пусцець збройні, свірны і мядушы ў Бельчыцах. Бо Полацку цяпер, як ніколі, трэба адзінства.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3