Як бачым, народу заставалася разлічваць адно на ўласныя сілы. Яны яшчэ драмалі, але душа беларусаў жыла у казках і песнях, у звычаях і ў мове, што чакала лепшых часоў.
Няхай наступнай старонкаю правінцыйнага рамана будзе, умоўна кажучы, этнаграфічная.
Эпіграфам да яе маглі б стаць словы пра беларускі нацыянальны характар з выдадзенага ў 1905 годзе IX тома «Полного географического описания нашего отечества»: «Белорус отличается гостеприимством, склонностью к веселию и доверчивостью, хотя ее можно и не сразу снискать. Отсутствие злопамятности в белорусе резко бросается в глаза всякому, кто с ним сталкивается. Вообще он обладает кроткой натурой».
Праўда, я абавязкова зазначыў бы, што «кроток» беларус толькі да той пары, пакуль яму стае цярпення, а потым ворагу лепей трымацца ад яго за рэчкай.
А што да полацкіх людзей і ў мінулым, і ў нашым стагоддзі, дык рызыкну дадаць яшчэ колькі штрыхоў. Па-мойму, палачане маюць большую, чым іншыя беларусы, схільнасць да іроніі і гумару, якая дзіўным чынам спалучаецца ў іх з балцкай стрыманасцю. (Каб пераканацца, схадзіце ў нядзелю хоць сабе і на сучасны полацкі рынак. Нядаўна мне давялося пачуць там такую, напрыклад, показку. Двое жлуктаў пытаюцца ў прахожага: «Скажы, шаноўны, вечар цяпер ці раніца?», а той ім: «Не ведаю, браточкі, не тутэйшы».)
Палачане любяць і ўмеюць смачна падесці і ўзяць з паважнай прычыны добрую чарку, але пры гэтым не напіваюцца да божае моцы.
Дарэчы, колькі словаў пра напоі моцныя і не вельмі. Найбольш пашыраным з іх не толькі на Полаччыне, але і на ўсім абшары Беларусі да пачатку XX стагоддзя заставаўся хлебны квас. Продкі мелі да яго адно галоўнае патрабаванне каб быў такі рэзкі і востры, што драў бы вочы. Найлепшым у Прыдзвінні, паводле сведчання этнографа М. Нікіфароўскага, лічылі квас насычанага чырвонага колеру, зроблены на падсмажаных сухарах. Апрача хлебнага гатавалі квас з буракоў, бярозавіку, а таксама ягадныя квасы калінавік, бруснічнік, журавіннік, рабінавік. Такія напоі зазвычай ашчаджалі на зіму. 3 адборнай антонаўкі выраблялі яблычны квас. Не саступаў яму смакавымі якасцямі прыгатаваны са спелых пладоў і грушавы. У полацкіх дамах нарыхтоўвалі кляновік. 3 сушаных яблыкаў і грушаў-дзічак варылі з цукрам, мёдам або сочывам цудоўныя ўзвары. Заможныя гаспадары пілі гарбату і каву, простыя ж сяляне заварвалі ліпавую квецень, мяту, святаяннік, чабор, маліннік. Існавала тэхналогія прыгатавання «кавы з жалудоў»: падсмажвалі да румянку ячмень, змешвалі яго з нарэзанымі морквай ды чырвонымі буракамі і разам са смолатымі жалудамі заварвалі кіпенем. Рэдзька, хрэн, мёд і соль служылі асноўнымі кампанентамі рытуальнага прыдзвінскага напою хрэсьбіннага збіценю, які павівальная бабка падносіла шчасліваму бацьку дзіцяці.
I, вядома, піва, што на Полаччыне некалькі семяў супольна варылі ў вялізных катлах. Найсмачнейшым півам называлі «марцовае», якое пэўны час выстойвалася. Яно было цёмнае, густое, добра пенілася і магло б, відаць, скласці годную канкурэнцыю папулярным сучасным маркам.
3 2-й паловы XIX стагоддзя пачалі вырабляць гарэлку з бульбы. На заключным этапе яе зафарбоўвалі ў ружовы, блакітны, фіялетавы, зялёны колеры. У выніку настойвання гарэлкі на розных ягадах, каранях, зёлках атрымлівалі настойкі: малінаўку, аераўку, мятную. Полацкія гаспадыні славіліся сваімі наліўкамі, асабліва з вішняў і парэчак.
А яшчэ, гаворачы пра адметнасці полацкага светабачання, я адзначыў бы, што душа нашага чалавека здавён, з пракаветных паганскіх часоў надзвычай схільная да веры ў дзівосы, што цудоўна засведчыў сваім «Шляхцічам Завальнем» Ян Баршчэўскі. Ва ўступе ён піша: «Шмат паданняў кружыць у тым краі сярод простага люду Русалкі, калі жыта красуе ў полі, з распушчанымі доўгімі валасамі гушкаюцца на бярозах і спяваюць песні; іхні смех адгукаецца ў глыбіні лясоў і трывогай працінае тых, хто збірае грыбы або ягады. Лясны бог пан дзікіх пустэчаў. Каб чалавечы зрок не мог яго ўгледзець, ён пад размытымі абліччамі хаваецца ў сваіх уладаннях; мінаючы лугі, так змяншаецца, што яго нельга ўбачыць у густой траве; ідучы праз пушчы, раўняецца з самымі высокімі хваінамі. Кажуць, што бачылі велізарныя чароды вавёрак, якіх лясны бажок перапраўляў з адной пушчы ў другую, бо прадбачыў дзе выбухне пажар.