Літва-Беларусь рэзалюцыяй Мікалая I у 1840 годзе ператварылася ў «Северо-Западный край», які хацелі зрабіць зацішным, узорна-паказальным кутком імперыі. (Грунтуючыся на здзейсненым папярэднікамі, гэтую мару не без поспеху ажыццяўлялі бальшавікі.) Усё мусіла тут трымацца на трох кітах «самодержавие, православие, народность» (вядома, расійская).
Насуперак гэтаму ў народзе мацнела пачуццё нацыянальнае годнасці. Сярод паўстанцаў 1863-га было ўжо шмат тых, хто ваяваў не за Рэч Паспалітую, а за Беларусь, будучыню якой яны бачылі ў дэмакратычнай дзяржаве, заснаванай на парламенцкім досведзе ЗША, Францыі ды іншых заходніх краінаў. Інсургенты мелі беларускую газету, у іх шэрагах змагаліся беларускія пісьменнікі. Гэта прагучала для ўладаў трывожным сігналам, і нацыянальны прыгнёт пасля задушэння трэцяга вызваленчага паўстання рэзка ўзмацніўся.
Велізарныя заслугі перад царскім тронам належаць тут Міхаілу Мураўёву. Яго імя ўсплывае не толькі ў спалучэнні з мянушкаю «вешальнік». Галоўны начальнік «Северо-Западного края», якога за крывавую дзейнасць на карысць імперыі праз год пасля смерці Каліноўскага цар уганараваў графскім тытулам, быў яшчэ і «будаўніком»: руйнуючы нашае дойлідства, панастаўляў на Полаччыне і па ўсёй Беларусі праваслаўных псеўдавізантыйскіх храмаў, якія народ празваў «мураўёўкамі». «Вешальнік» нястомна клапаціўся і пра асвету беларусаў. Гэта яму належаць сказаныя неўзабаве пасля паўстання Каліноўскага праграмныя словы: «Што на гэтай зямлі не зрабіў рускі штык, даробіць руская школа».
Звяртаючыся да прадстаўнікоў беларускага дваранства, граф настаўляў: «Забудьте наивные мечтания, занимавшие вас доселе, господа, и помните, что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, преданными Отечеству, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край».
Іншаземцамі рабіліся тысячы сумленных і таленавітых сыноў Беларусі. Паўстанец 1831 года паэт прыдзвінскага краю Аляксандр Рыпінскі выдаваў свае беларускія і польскія творы, жывучы ў Парыжы і ў Лондане. У Аўстра-Венгрыі, Нямеччыне, Францыі і Егіпце пісаў вершы наш суайчыннік Граф Суліма з Белай Русі Вайніслаў Савіч-Заблоцкі (18501893), які нярэдка падпісваўся псеўданімам Гаўрыла Полацкі. Яго пяро вывела ўсхваляванае прызнанне: «Дзвіна, Дунай маёй Айчыны, самая дарагая рэчка на свеце, табе я абавязаны рытмам маіх песняў!» А колькі беларусаў марылі вымыць твар дзвінскай вадою, снілі абрысы полацкіх сабораў у начлежках і багадзельнях Старога і Новага Свету?..
Падчас сустрэчы з начальнікам краю Мураўёвым патрыёты «русского дела» з унутраных губерняў імперыі захоплена прызнаваліся, што тут пачуваюць сябе расійцамі болей, чым дома. (Дзіва што, калі апроч безлічы іншых прывілеяў яны атрымлівалі яшчэ і 50-працэнтавую надбаўку «на содержание».) Трэба дадаць, што ва ўсе часы бацыламі вялікадзяржаўнага шавінізму былі заражаныя і расійскія дэмакраты. Някрасаў прысвяціў «вешальніку» оду, дзе ўслаўляў яго такімі словамі:
Бокал заздравный поднимая,
Еще раз выпить нам пора,
Здоровье миротворца края!
Так много ж лет ему. Ура!
У маладосці Міхаіл Мураўёў быў адным з пачынальнікаў руху дзекабрыстаў і стваральнікаў іх статута «Союза благоденствия», аднак потым адрокся ад сяброў і іх мараў. Ну а як глядзелі на Беларусь першыя расійскія рэвалюцыянеры, што няраз падарожнічалі па ёй, праветрывалі тут «гвардзейскі душок» на пятнаццацімесяцавых манеўрах пасля вядомага паўстання Сямёнаўскага палка? Па полацкіх вуліцах шпацыраваў Міхаіл Лунін, аўтар бліскучага афарызма: «У Расіі два праваднікі: язык да Кіева, а пяро да Шлісельбурга». У Полацку жыў прыяцель Пушкіна пісьменнік Аляксандр Бястужаў-Марлінскі, а ў Віцебску працаваў над праектам сваёй «Канстытуцыі» Мікіта Мураўёў.
Пра дзекабрыстаў напісана ў Беларусі болей, чым, напрыклад, пра паўстанцаў Касцюшкі. Напісана, зразумела, з нязменнай прыхільнасцю. У чытача сама сабою нараджаецца выснова, што слаўныя сыны Расіі адначасова і нашы героі. Напэўна, яны хацелі беларусам свабоды і, калі б перамаглі 3 такімі думкамі мы разгортваем «Русскую правду» Паўла Пестэля і даведваемся, што беларусы, аказваецца, не здольныя стварыць сваёй дзяржавы, а таму «должны отказаться от права особой народности». I наогул, на абшарах імперыі ўсе павінны быць рускімі і размаўляць па-руску, на «общепонятном». Назвы іншых народаў Пестэль прапаноўваў проста адмяніць. Полацк атрымоўваў шанц зноў стаць памежным горадам, разарваным паміж дзвюма дзяржавамі, бо землі за Дзвіною дзекабрысты меліся аддаць Польшчы.
Пра дзекабрыстаў напісана ў Беларусі болей, чым, напрыклад, пра паўстанцаў Касцюшкі. Напісана, зразумела, з нязменнай прыхільнасцю. У чытача сама сабою нараджаецца выснова, што слаўныя сыны Расіі адначасова і нашы героі. Напэўна, яны хацелі беларусам свабоды і, калі б перамаглі 3 такімі думкамі мы разгортваем «Русскую правду» Паўла Пестэля і даведваемся, што беларусы, аказваецца, не здольныя стварыць сваёй дзяржавы, а таму «должны отказаться от права особой народности». I наогул, на абшарах імперыі ўсе павінны быць рускімі і размаўляць па-руску, на «общепонятном». Назвы іншых народаў Пестэль прапаноўваў проста адмяніць. Полацк атрымоўваў шанц зноў стаць памежным горадам, разарваным паміж дзвюма дзяржавамі, бо землі за Дзвіною дзекабрысты меліся аддаць Польшчы.