Полацкія езуіты ўсё больш убіраліся ў сілу. Мы ўжо ведаем, як пышна яны прымалі імператрыцу. У Пецярбургу манахі знайшлі сабе апекуна ў асобе царыцынага фаварыта князя Пацёмкіна. Самы магутны чалавек у імперыі прагнуў пераканаць сябе і астатніх, што ён ніякі не выскачка, не просты смаленскі шляхціч, а вядзе радавод ад старой і знакамітай фаміліі. Езуіты хутка знайшлі адпаведныя дакументы, і новы рэктар Полацкага калегіума Францішак Каро быў з Пацёмкіным ужо ў такім сяброўстве, што разам з лістамі абавязкова пасылаў яму тузін пляшак мёду-трайняку са сваіх скляпоў.
Кацярына дала дазвол адчыніць у Полацку навіцыят установу для падрыхтоўкі езуіцкіх паслушнікаў-навіцыяў. У лютым 1780 года некалькіх навіцыяў урачыста прынялі ў забаронены ордэн. Вестка пра гэта разнеслася па еўрапейскіх краінах і перасекла на караблях акіян. Яна азначала, што Полацк зрабіўся сталіцаю Таварыства Ісуса.
Езуіцкія місіі існавалі і ў іншых беларускіх гарадах, але Таварыства Ісуса абрала для сваёй часовай сталіцы менавіта Полацк. У гэтым, безумоўна, выяўлялася разуменне выключнай ролі горада ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці і культуры. Гнаныя прыхільнікі ордэна знайшлі горад на картах і рушылі туды з усяго свету. Дзвінскія берагі замянілі ордэну берагі Тыбра. (Гэта доўжылася да 1814 года, калі папа Пій VII выдаў булу пра аднаўленне Таварыства Ісуса і ім зноў пачалі кіраваць з Рыма.)
Езуіты Злучаных Штатаў прыслалі ў Полацк просьбу зацвердзіць амерыканскую філію ордэна пад назваю Беларускай правінцыі.
Ахвочыя ўступіць у Таварыства (найбольш іх знаходзілася ў Італіі, Францыі, Нямеччыне, Швейцарыі і Польшчы) прыбывалі да расійскага пасланніка ў Вене, атрымлівалі пашпарт і дабіраліся да Варшавы. Адтуль у Полацк ехалі праз Горадню і Вільню. Кожнага папярэджвалі, што на шляху са сталіцы Вялікага Княства ён абавязкова павінен завітаць у мястэчка Ушачы і зрабіць візіт да заўзятай прыхільніцы ордэна графіні Жабы. Пасля дрогкіх экіпажаў і небяспечных начлегаў у прыдарожных корчмах вандроўніка чакалі пасланыя насустрач браты-манахі, заліты агнямі палац і каралеўскі пачастунак.
На дзвінскія берагі кіраваліся юнакі і старыя. У ліку першых палачанінам стаў дваццацісямігадовы італьянец Каятан Анджыяліні, які на радзіме меў славу таленавітага прапаведніка, жывапісца і дойліда. Гэта забяспечыла яму месца прафесара багаслоўя і архітэктуры. Полацк даў прытулак і тром яго братам, якіх Бог таксама шчодра надзяліў талентамі. Нічым не саступаў айцу Каятану малады парыжанін Дзідзье (Дэзедэры) Рышардо, прафесар Сарбонскага універсітэта, паліглот, знаўца гісторыі і археалогіі, які пазней стане рэктарам Аршанскага калегіума. Італьянец Алоіз Руснаці пісаў у гэты час на лаціне «Элегію да рыбаў ракі Палаты». Пасаду прафесара спеваў і касцёльных абрадаў заняў, прыехаўшы з Рыма, айцец Калумбан Пфайфер, немец з паходжання, які ведаў шэсць моваў і славіўся надзвычайнай эрудыцыяй. Пераадолеўшы акіян, праз Лісабон і Данцыг Полацка дасягнуў амерыканскі мільянер Тэнорыа дэ Карваял, што ахвяраваў ордэну ўсё сваё багацце. Яго вітаў былы рэктар калегіума, а цяпер ужо віцэ-генерал Таварыства Ісуса Станіслаў Чарневіч. Пачынаючы з яго, Полацк стаў рэзідэнцыяй езуіцкіх генералаў найвышэйшых асобаў ордэна.
Ці бачыў калі-небудзь горад у сваёй гісторыі столькі бліскуча адукаваных талентаў? Сюды ехалі літаратары, мастакі, медыкі, бібліяфілы і гісторыкі, хімікі і астраномы. На полацкіх пляцах і вуліцах, у калідорах і залах калегіума гаварылі тады на добрым дзесятку еўрапейскіх моваў. Аднак, паводле старога ордэнскага правіла, усе іншаземцы, нават вельмі старыя, вучылі мову народа, сярод якога пасяліліся.
Полацк перажываў новы ўзлёт. На нейкі час ён стаў адной з інтэлектуальных сталіц Еўропы, што спрыяла ўздыму калегіума (напрыканцы стагоддзя ў ім было трыста студэнтаў) і ўсёй адукацыйнай справы ў Беларусі. Праграма 1796 года сведчыць, што студэнты езуіцкіх калегіумаў, апрача ранейшых дысцыплін, вывучалі беларускую, расійскую, французскую і нямецкую мовы, агульную гісторыю, фізічную і палітычную геаграфію, алгебру, тэарэтычную і практычную механіку і гідраўліку, цывільную і вайсковую архітэктуру, тэорыю жывапісу, балістыку, піратэхніку і розныя рамёствы. На філасофскім курсе выкладаліся этыка і псіхалогія, логіка, анталогія (вучэнне пра быццё), этыялогія (медычная навука аб прычынах і ўмовах узнікнення хваробаў), касмалогія, астраномія, эксперыментальная фізіка, оптыка, найвышэйшая матэматыка.
У вольны ад ачмурэння народных масаў час рэктар калегіума, а потым і генерал ордэна Габрыэль Лянкевіч папаўняў бібліятэку, набыў у астранамічны кабінет тэлескоп і збор рукапісаў астранома з еўрапейскім імем Хрыстафора Эрмарта. У параўнанні з езуіцкімі школамі навучальныя ўстановы імперыі былі настолькі прымітыўныя, што расійская знаць, каб даць дзецям прыстойную адукацыю, часта прывозіла іх у Беларусь.
Імператар Павел у дачыненнях з полацкімі езуітамі браў прыклад з маці. Гэтым часам генералам быў Францішак Каро, аднак у сапраўднасці кіраваў ордэнам славенец з паходжання Габрыэль Грубэр, асоба, выдатная ў полацкай гісторыі і прыкметная ў гісторыі сусветнай.