Пасля Полацкай альмаматэр Ян з нейкім дзесяткам рублёў у кішэні апынуўся ў Пецярбургу. Зарабляў з урокаў грэцкай і лацінскай моваў, выдаваў літаратурны альманах «Незабудка», а штовясны браў у рукі кій, закідваў за плечы кайстру і пешкі выпраўляўся са сталіцы імперыі ў роднае Прыдзвінне, дзе збіраў полацкія паданні, легенды і казкі: пра заклятыя скарбы і ваўкалакаў, пра вужыную карону і цмока, што вылупіўся з пеўневага яйка Вершы Баршчэўскага прыхільна ацаніў сам Міцкевіч, але вечны след у літаратуры пісьменнік з Мурагоў пакінуў дзякуючы фантастычным гісторыям, якімі ў доўгія зімовыя вечары падарожнікі разлічваюцца са шляхцічам Завальнем за гасціннасць. Дарэчы, ва ўяўленні Завальні Полацк быў не толькі сталіцаю асветы і кніжнае навукі, але і вельмі небяспечным месцам, дзе звілі сабе кубло чарнакніжнікі і дзе атабарыўся сам легендарны верхавод беларускіх чараўнікоў пан Твардоўскі.
Паміж аповедамі пра полацкіх чарнакніжнікаў і злую чараўніцу Белую Сароку аўтар «Шляхціча» з сентыментальнай замілаванасцю ўзгадвае блаславёныя гады студэнцтва. Вось ён у адну з летніх вандровак, адмераўшы колькі сотняў вёрст па пецярбургскім гасцінцы, падыходзідь да горада свайго юнацтва. «Сады Спаса нагадваюць мне травеньскія праходкі, тэатр сярод густых ліпаў на вольным паветры; там юначае ўяўленне пад клапатлівым вокам настаўнікаў вучылася пазнаваць Творцу гэтага свету, яго турботы пра кожную тварыну і захапляцца прыгажосцю неба і зямлі.
Недалёка ад Палаты стаіць мураваны касцёл святога Ксаверыя; тут магілы, дзе спачывае прах цноталюбівых манахаў езуіцкага ордэна, свецкай моладзі і старых, з якімі я некалі быў знаёмы і сябраваў
За Палатою, на шырокай роўнядзі, як люстэрка, адбівае сонечнае святло плямка вады, званая Валоваю азярынай. Кажуць, што калісьці яна была ў самім горадзе і да хрышчэння стаялі пры азярыне святыні Перуна і Бабы Ягі, але цяпер не засталося аніякіх слядоў той старажытнасці.
У ваколіцах Полацка кожная мясціна ў расказах тутэйшых жыхароў мае нейкую гістарычную памятку. На другім баку Дзвіны за колькі вёрст адсюль ёсць невялікі касцёл святога Казіміра; тут, апавядаюць, зявіўся Казімір перад войскам сваіх суайчыннікаў і перавёў іх праз імклівую рачную плынь; і сёння паказваюць у тым месцы пад Струннем пясчаны падводны вал, па якім пераходзіла войска. Царква Барыса і Глеба, нібыта пабудаваная цудоўным чынам самімі святымі; Экіманія маёнтак паноў Беліковічаў ля самае Дзвіны на стромым беразе ў прыгожай мясціне; увесь горад відаць адтуль як бы ў чароўнай панараме, а вясною, у паводку, ля падножжа гары чуваць музыку і песні са стругаў, што плывуць да Рыгі.
Прабіў гадзіннік на вежы былога езуіцкага касцёла, і гэты голас, як прывітанне адданага сябра, крануў маю душу. Ён знаёмы мне з дзяцінства: колісь адлічваў час вучэння і адпачынку, будзіў на світанні да новае працы.
Набліжаецца Вялікдзень; з якім пачуццём, з якой вераю ўсе выконваюць рэлігійныя абавязкі! Пасты, падрыхтоўка да споведзі якую асалоду і спакой прыносяць яны душы! У Чысты чацвер кожны клас з настаўнікам наведвае астрогі і шпіталі, раздаючы ўсюды грошы і міласціну.
У езуіцкіх школах вакацыі пачыналіся звычайна першага жніўня У той дзень Полацк мог быць сталіцаю ўсёй Белай Русі; шум і грукат вазоў адзываўся па ўсім горадзе: адны ехалі на ўрачыстасці ў дзень святога Ігнація Лаёлы; другія каб падзякаваць за турботы тым, хто выхоўваў іх дзяцей; іншыя «каб пабыць у тэатры», бо вучні рыхтавалі да гэтых дзён пастаноўку»[19]
У фантастычных аповедах Яна Баршчэўскага блукае па полацкім наваколлі таямнічая Плачка, аплаквае заняволеную зямлю, дзе чужынцы завялі свае парадкі. Калі пісалася кніга, сяброў Таварыства Ісуса ў Полацку ўжо не было, ніводнага з іх не засталося і ва ўсёй імперыі. Тым не менш, прынамсі, двух праваслаўных расійскіх манархаў самы каталіцкі на свеце ордэн успамінае цёплым словам. Манархі гэтыя Кацярына II і Павел I. Я не здзівіўся б, даведаўшыся, што ў сённяшняй галоўнай ордэнскай рэзідэнцыі вісяць іх партрэты, а паміж імі гравюра з барокавымі сілуэтамі старадаўняга Полацка.
Адразу пасля захопу ўсходняй Беларусі Кацярына пісала генерал.губернатару Чарнышову: «Иезуитским монастырям и училищам сделайте особую опись. Вы за сими наипаче недреманно смотреть имеете, яко за коварнейшими из всех прочих латинских орденов». Здавалася, пасля такіх словаў сябрам Таварыства Ісуса трэба было пакаваць валізы. Але муза гісторыі Кліо ўжо пякла на сваёй кухні адзін з парадоксаў эпохі.
Рымскія папы называлі езуітаў «вачыма свайго розуму». Яго святасць Клімент_/ХIV трымаўся іншай думкі. Пасварыўшыся з ордэнам, ён вырашыў, што пражыве і без гэтых занадта пільных вачэй. У 1773 годзе ён выдаў булу пра скасаванне Таварыства Ісуса і пазбавіў яго ўсіх пасадаў, маёмасці і навучальных установаў.
На левабярэжжы Дзвіны, якое засталося ў Рэчы Паспалітай, апісвалі езуіцкія маёнткі велікакняжацкія рэвізоры. Архівы захавалі іх справаздачу, і мы, хоць крыху і адхілімся ўбок ад тэмы, усё ж не прамінём выпадку асцярожна пагартаць ломкія старонкі.