Існавала, праўда, думка, што аднаўляць разбураны ў 1932 годзе манумент няварта, бо ён, маўляў, таксама сімвал нашай каланіяльнай залежнасці. Але ж помнік гэты пастаўлены не цару і не якому-небудзь дзеячу кшталту Суворава ці Мураўёва-«вешальніка», у якога рукі ў крыві беларусаў. Адноўлены манумент нагадвае пра ўсіх палеглых на Полаччыне ў той вайне з абодвух бакоў (тым больш, што іх памяць у горадзе ніяк не ўшанаваная), а заадно і пра тагачасныя няспраўджаныя надзеі нашых землякоў вырвацца з імперыі.
Існавала, праўда, думка, што аднаўляць разбураны ў 1932 годзе манумент няварта, бо ён, маўляў, таксама сімвал нашай каланіяльнай залежнасці. Але ж помнік гэты пастаўлены не цару і не якому-небудзь дзеячу кшталту Суворава ці Мураўёва-«вешальніка», у якога рукі ў крыві беларусаў. Адноўлены манумент нагадвае пра ўсіх палеглых на Полаччыне ў той вайне з абодвух бакоў (тым больш, што іх памяць у горадзе ніяк не ўшанаваная), а заадно і пра тагачасныя няспраўджаныя надзеі нашых землякоў вырвацца з імперыі.
На заканчэнне размовы пра помнікі падзеям 1812 года да месца будзе згадаць і такі своеасаблівы, як востраў Полацк у групе Паўднёвых Шэтландскіх астравоў каля берагоў Антарктыды. Яго даўжыня дасягае дваццаці кіламетраў шырыня адзінаццаці, а плошча 150 км2. Востраў зявіўся на картах у выніку вядомай экспедыцыі Ф. Белінсгаўзена i М. Лазарава. Асабісты дзённік першага з іх паведамляе, што адкрыццё адбылося ў лютым 1821 года. «Остров Полоцк в широте 62°2430 южной, долготы 59°46 западной, в окружности 21 миля, невысок и поверхности достаточно ровной», запісаў начальнік экспедыцыі. Разам з некалькімі іншымі адкрытымі астравамі, якія атрымалі назвы Барадзіно, Малаяраславец, Лейпцыг і Смаленск, невядомы раней шматок зямной паверхні быў названы знакамітым адміралам на ўспамін пра вайну 1812 года і замежны паход расійскай арміі. Застаецца дадаць, што на сучасных картах свету востраў Полацк прасцей знайсці пад назваю Робертс.
Напалеонаўская авантура каштавала Беларусі мільён яе жыхароў, кожнага чацвёртага. Адны загінулі ў баявых дзеяннях, другія ад голаду і паморкаў. Частка беларускіх палкоў Вялікай арміі, дзе служылі 25 тысяч нашых суайчыннікаў, была разбітая, частка адступіла і ваявала ў Еўропе зноў на чужыне і за чужыя інтарэсы.
Апошні бой на роднай зямлі рэшткі войска Вялікага Княства прынялі 22 снежня 1812 года на вуліцах Вільні. 3 царскімі салдатамі мужна біліся там егерскі батальён Плятэра, нацыянальныя гвардзейцы Казельскага, жандармерыя Храпавіцкага і татарскі эскадрон Ахматовіча. А вернуцца на радзіму апошнія жаўнеры Княства ў 1818-м, калі скончыцца тэрмін іх шасцігадовай службы.
На гэтым і завяршыцца гісторыя арміі «адноўленага» Напалеонам Вялікага Княства Літоўскага.
Ёсць нешта наканавана сімвалічнае ў тым, што падчас адступлення Банапарт зняў сваю трохвуголку, надзеў мундзір польскага улана і назваўся чужым імем у беларускім мястэчку Смаргонь, дзе князі Радзівілы трымалі сваю мядзведжую акадэмію. Маскарад з пераапрананнем таксама быў своеасаблівым цыркам. Можа, якраз тады імператар на ўсю поўніду спасціг горкую мудрасць уласнага выслоўя, што ад вялікага да смешнага адзін крок.
Касалапыя цыркачы, якія зусім нядаўна весялілі яго жаўнераў, паказваючы, як цар дае драла ад Вялікай арміі, ужо дэманстравалі нешта падобнае перад расійцамі. Толькі ў ролі ўцекача быў цяпер ён, валадар Еўропы. Але ён яшчэ збіраўся зрабіць крок назад, ад смешнага да вялікага прыйсці з 300 тысячамі жаўнераў і ўсё ж паставіць Расію на калені.
У выгнанні, на закінутай у акіяне скалістай выспе Святой Алены, Напалеон, як сведчаць яго паперы, шмат разоў вяртаўся ў думках на беларускую зямлю: узгадваў сустрэты на ёй дзень нараджэння з марамі пра сусветную ўладу, зноў трыумфальна ехаў па віленскіх вуліцах.
(3 таго часу, дарэчы, папоўніўся спіс полацкіх прывідаў. Паблізу колішняга Ніжняга замка, у цёмных прысадах вала Івана Грознага, пачала зяўляцца, палохаючы закаханыя парачкі, постаць мужчыны ў мундзіры французскага гусара. Паводле адной з версій, гэта пакутны дух напалеонаўскага афіцэра, атручанага за здраду юнай каханкай з вядомага ў горадзе шляхецкага роду. Згодна з іншым тлумачэннем, якое некалі пачуў у Полацку Вацлаў Ластоўскі, сваімі начнымі праменадамі «Чорны афіцэр» нагадвае пра несупакоеныя душы французаў, пахаваных тут, на беразе Палаты, у брацкіх магілах.)
Кажуць, Банапарт меў адмысловы спосаб засынаць у любой абстаноўцы. Ён уяўляў, што яго галава складаецца з безлічы высунутых шуфлядак, наладаваных мноствам планаў, картаў і рэляцый, а потым намаганнем волі адразу зачыняў іх, і сон прыходзіў імгненна.
На выспе Святой Алены з гэтых шуфлядак часта вытыркаліся карты з нязвыклымі французу назвамі: Вільня, Віцебск, Полацк
Наўрад Напалеон раскайваўся ў тым, што прынёс народам Еўропы незлічоныя няшчасці. Аднак дакладна вядома: на схіле дзён ён лічыў зробленыя ў Беларусі памылкі не столькі ваенныя, як палітычныя галоўнай прычынаю свайго разгрому ў 1812 годзе.
Наўрад Напалеон раскайваўся ў тым, што прынёс народам Еўропы незлічоныя няшчасці. Аднак дакладна вядома: на схіле дзён ён лічыў зробленыя ў Беларусі памылкі не столькі ваенныя, як палітычныя галоўнай прычынаю свайго разгрому ў 1812 годзе.