ALMA MATER POLOCENSIS[17]
Што мы ведаем пра езуітаў?
У Расійскай імперыі не надта шанавалі ўсе каталіцкія ордэны, але найболей даставалася сябрам Таварыства Ісуса (так афіцыйна называецца езуіцкі ордэн). Класавая нялюбасць гісторыкаў, а разам з ёю варожасць праваслаўнай царквы ўшрубавалі ў нашы галовы ўяўленне пра айцоў-езуітаў як пра цемрашалаў, людзей небяспечных ды акрутных і наогул з усіх бакоў не нашых. Быў час, калі рэдактар газеты, дзе я працаваў, на ўсякі выпадак выкрэсліваў з артыкулаў нават само слова «езуіт», незалежна ад таго, што пра іх гаварылася.
Як толькі ў кінафільме ці на старонках гістарычнага рамана зяўляецца прадстаўнік гэтага ордэна, мы ўжо чакаем падкопаў і злачынстваў: падсыпанай у віно атруты, падасланай каханкі ці ўдару кінжалам у цёмных палацавых калідорах. У тым, што Таварыства Ісуса мусіць быць на вечным падазрэнні, пераконваюць і энцыклапедыі. Разгорнеш адну і чытаеш: «Езуіты ўнушалі народным масам ідэі пакорнасці, цярпення і падпарадкавання эксплуататарам». Другая страшыць яшчэ больш: «Сярод іх быў пашыраны шпіянаж, існавала разгалінаваная сетка даносчыкаў». Карацей, і ўначы не спалі, каб паболей нашкодзіць.
Зусім не збіраючыся адпускаць езуітам усіх грахоў зазначу, што яны зрабілі ў гісторыі і шмат карыснага: займаліся дабрачыннасцю, змагаліся з паморкамі, адчынялі аптэкі і шпіталі, друкавалі кнігі А найперш стварылі самую перадавую для свайго часу сістэму асветы. «Бярыце прыклад з езуіцкіх школ, пісаў філосаф Фрэнсіс Бэкан, бо лепшых не існуе на свеце». Пералік сусветна вядомых вучоных і палітыкаў, пісьменнікаў і мастакоў, якія выхоўваліся ў навучальных установах айцоў-езуітаў, заняў бы некалькі старонак. На іх сустрэліся б імёны Мальера і Вальтэра, Дэкарта і Мантэскё, Казіміра Лышчынскага і Сімяона Полацкага
Ордэн, бацькам якога быў выдатны чалавек сваёй эпохі, гішпанскі дваранін Лаёла, рымскі папа зацвердзіў у 1540 годзе. Адной з асноўных задач Таварыства Ісуса лічыла змаганне з ерасямі праз літаратурную і навуковую палеміку, тэалагічныя дыспуты, выхаванне і адукацыю моладзі.
У 1579-м манахі ордэна ўключылі ў сферу сваёй дзейнасці Полацк. Сярод першых езуітаў, што ўбачылі крыжы святой Сафіі, быў, між іншым, бліскучы матэматык Станіслаў Лянчынскі, а іх місію ўзначальваў першы рэктар Віленскай акадэміі знакаміты каталіцкі прапаведнік, пісьменнік і палеміст Пётр Скарга, што, дарэчы, добра валодаў беларускай мовай і напісаў на ёй шэраг твораў. Зяўленне езуітаў звязанае з зарокам Сцяпана Батуры: падчас цяжкай аблогі Полацка ён дакляраваў у выпадку перамогі зафундаваць у горадзе іх кляштар.
Гісторыкі ордэна сцвярджаюць, што пасля вызвалення Полацкага ваяводства ад войскаў Івана Жахлівага ў ім налічвалася не болей за дзесяць шляхцічаў каталіцкага веравызнання, а ў самім горадзе яшчэ меней. Нядзіва, што езуіцкіх пасланцоў варожа сустрэў і паспаліты полацкі люд, і сам ваявода Мікалай Дарагастайскі, цвёрды прыхільнік кальвінізму, а для Таварыства Ісуса небяспечны ерэтык. Прыязна прыняў гасцей хіба што адзін полацкі камендант Францішак Жук. Ён даў ім ахову ад «схізматыкаў» і пасяліў у Верхнім замку, на пляцы пад назваю Ваўкова вежа, дзе раней стаяў праваслаўны манастыр Пятра і Паўла.
Ваявода выкрываў манахаў ва ўсіх магчымых і немагчымых грахах, а тыя пад абаронаю каралеўскай граматы рабілі сваю справу: выбіралі месца пад кляштар і калегіум, рыхтавалі планы будучых будынкаў двароў і садоў.
Палачане сталі сведкамі ладжаных езуітамі багаслоўскіх дыспутаў, дзе спрактыкаваныя ў такіх справах манахі перамаглі спярша кальвіністаў, а потым арыянаў, якіх прадстаўляў Сымон Будны. (Своеасаблівым прызнаннем выдатнай здольнасці езуітаў пераканаць любога апанента зяўляецца адзін з аповедаў беларускага Мюнхгаўзена Караля Радзівіла па мянушцы «Пане Каханку». Паміж гісторыямі пра тое, як ён меў раман з русалкай, пасля чаго ў Балтыйскім моры пачалі весціся селядцы, і пра злоўленага ў Налібоцкай пушчы чорта, якога тры дні адмочвалі ў святой вадзе, гэты славуты манюка апавядаў, быццам у часе падарожжа па Міжземнаморі ён праз вулкан Этну залез у пекла і бачыў там безліч езуітаў, якія сядзелі ў надзейна закаркаваных і запячатаных бутэльках. Госцю расказалі, што іначай айцы-езуіты перавярнулі б усіх рагатых ды хвастатых у каталіцтва.)
Батура падараваў ордэну маёмасць большасці полацкіх і навакольных манастыроў ды цэркваў, а таксама млын пад Верхнім замкам і перавоз цераз раку. У выніку абмену з горадам манахі набылі востраў на Дзвіне і слабодку Экімань. Падканцлер Вялікага Княства Астах Валовіч адмовіўся прыкласці да дарчай граматы дзяржаўную пячатку. Манарх апусціў руку на эфес мяча і рашуча заявіў: «Вось у нас пячатка, каб здзейснілася ўсё, што загадаем». Воля вялікага князя перамагла і тады, калі беларуская шляхта патрабавала выгнання езуітаў з Полацка на сойме.
У дадатак да манастырскіх зямлі і сялянаў велікакняжацкія камісары адабралі на карысць езуітаў шмат маёнткаў у мясцовай шляхты і мяшчан: Палюдавічы ў пана Каніцкага, Духаравічы ў Глінскага, Улазавічы і Міткевічы ў Георгія Бучынскага, Межышча ў Сялюты, Іванск Вялікі і Кунцавічы ў князёў Лукомскіх, Іванск Малы ў Кярсноўскага, Туроўлю і Іванскае ў Якуба Губы, Якаўлевічы, Глыбокае і Міхайлаўшчыну ў Рэўтаў, Начу і Кушлікі ў архіепіскапа полацкага Нафанаіла Сяліцкага, частку Обалі і Гушчына ў Гушчаў, Гарэплю і Бортнікі ў Сяляваў, Семянец і Вокараўшчыну ў мешчаніна Івана Місуны, Вяжышча, Гняздзілавічы, Учанавічы і Комлі ў Храпавіцкіх, Сляды і Сіверкава ў Гіжыцкіх. Ваяводу Мікалаю Дарагастайскаму непрыязнасць да ордэна каштавала маёнткаў Мосар, Кугоні і Некраж. Як вы здагадаліся, гэты падрабязны пералік адрасаваны аматарам генеалагічных росшукаў ды тым спадкаемцам старажытных полацкіх родаў, якія захочуць выставіць ордэну маёмасныя прэтэнзіі.