Але мы крыху апярэдзілі падзеі.
Першы падзел Рэчы Паспалітай паскорыў у ёй прагрэсіўныя пераўтварэнні. Там дзейнічала першае ў свеце міністэрства народнай асветы Адукацыйная камісія, што адчыніла на Беларусі дзвесце пачатковых школ. 3 траўня 1791 года сойм зацвердзіў першую ў Еўропе і другую ў свеце (пасля ЗША) канстытуцыю. Гэта быў магутны ўдар па магнацкім самаўладстве і феадальнай анархіі.
Рэч Паспалітая рабілася канстытуцыйнай спадчыннай манархіяй, дзе абвяшчаліся свабода друку і сумлення, галоснасць суда, адмена неабмежаванага прыгоннага прыгнёту. Скасоўвалася права «ліберум вета». Дзяржава давала свабоду ўсім іншаверцам-уцекачам нешляхецкага паходжання і абяцала захоўваць рэлігійную талерантнасць. Зяўляліся тэрміны і фармулёўкі, знаёмыя нам з сучасных газет і тэлеперадач: справаздача міністраў, адстаўка ўрада на патрабаванне 2/3 дэпутатаў сойму, падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Гараджанам гарантавалася недатыкальнасць асобы без судовага рашэння. «Земляробчы люд, было запісана ў канстытуцыі, з-пад рукі якога плыве шчодрадайная крыніца багацця краіны, зяўляецца найбольш колькаснай часткаю народа, а ў выніку наймагутнейшай сілай краіны, і таму павінен быць у апецы права і ўрада».
8 траўня былі імяніны караля Станіслава Аўгуста. Прыхільнікі рэформаў у Літве-Беларусі выкарысталі гэта, каб шырока адсвяткаваць прыняцце канстытуцыі. Шумелі балі, звінелі тосты, успыхвалі феерверкі. Ілюмінацыя загарэлася і ў левабярэжнай частцы Полацка. Цераз Дзвіну, з расійскага боку, на яе насцярожана глядзелі царскія чыноўнікі, вайскоўцы і праваслаўнае духавенства. Тут канстытуцыяй і не пахла. Імператрыца выказалася на гэты конт так: «Конституция обошлась бы стране еще дороже самодержавия. Лучшая из конституций ни к черту не годится, потому что она делает более несчастных, нежели счастливых. Добрые и честные страдают от нее, и только негодяи чувствуют себя при ней хорошо, потому что набивают карман, и никто их не наказывает».
У сваім маёнтку Лявонпаль недалёка ад Полацка граф Лапацінскі ўзвёў у гонар Канстытуцыі 1791 года мемарыяльную калону, якая і цяпер узвышаецца ў парку на левым беразе Дзвіны. Радасць графа і яго аднадумцаў была нядоўгая: праз год у межы Рэчы Паспалітай уварваліся расійскія і прускія войскі, што скончылася другім падзелам дзяржавы.
Імперыя набыла тры мільёны новых падданых. Каб ні ў кога не засталося сумневу ў намерах Кацярыны II, ва ўсіх храмах на далучаных землях чыталі маніфест: «С особливым соболезнованием ее императорское величество всегда взирало на те притеснения, которым земля и грады, к Российской империи прилеглые, некогда сущим ее достоянием бывшие и единоплеменниками ее населенные, созданные и православною христианскою верою просвещенные и по сие время оную исповедующие, подвержены были И потому имеет все и каждый, начиная от знатнейшего дворянства, чиновников и до последнего, кому надлежит, учинить в течение одного месяца торжественную присягу в верности. Если же кто из дворянства и из другого сословия, владеющии недвижимым имением, небрежа о собственном своем благополучии, не захочет присягать, тому дозволяется на продажу недвижимого своего имения и добровольный выезд вне границ 3-месячный срок, по прошествии которого все остающееся имение его секвестровано и в казну взято быть имеет. Духовенство высшее и нижнее долженствует подать собою, яко пастыри душевные, первый во учинении присяги пример и в повседневном Господу Богу публичном принесении теплых молитв о здравии ее императорского величества всемилостивейшей государыни и дражайшего ее сына и наследника цесаревича великого князя Павла Петровича и всего высочайшего императорского дому по тем формам, которые им для сего употребления дадут».
Каб «узаконіць» падзел, па волі імператрыцы ў Горадні склікалі сойм, які ўвайшоў у гісторыю пад назваю «нямога». Пратэстуючы, дэпутаты тры дні маўчалі. Царыцыных назіральнікаў цяжка было збіць з панталыку: хтосьці з іх задаволена абвясціў што маўчанне знак згоды.
Продкі не збіраліся пратэставаць адно маўчаннем.
Продкі не збіраліся пратэставаць адно маўчаннем.
Увесну 1794 года Літва-Беларусь і Польшча выбухнулі паўстаннем, правадыром якога стаў беларус з паходжання Тадэвуш Касцюшка. На літоўскіх-беларускіх землях інсургентамі кіраваў трыццацітрохгадовы палкоўнік Якуб Ясінскі. Ён быў гарачы прыхільнік ідэяў Французскай рэвалюцыі, хацеў знішчыць прыгон, пісаў па-беларуску звернутыя да сялянаў вершаваныя пракламацыі. Паўстанцы спявалі «Песню беларускіх жаўнераў»:
Помнім добра, што рабілі,
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Дакуль будзем так маўчаці?
Годзе нам сядзець у хаце!
Нашто землю нам забралі?
Пашто ў путы акавалі?
Дочкі, жонкі нам гвалцілі.
Трэ, каб мы ім заплацілі!
Здрада ёсць ужо ў сенаце,
А мы будзем сніць у хаце?
Возьмем косы ды янчаркі,
Будзем гордыя гнуць каркі!
Коней нам пазаязджалі,
Што хацелі, то і бралі.
Пойдзем жыва да Касцюшкі!
Рубаць будзем маскалюшкі!
Паўстанцы ўзялі Браслаў. Недалёка адтуль ваяваў атрад Міхала Клеафаса Агінскага, які напісаў не толькі славуты паланез, але і «Марш паўстанцаў 1794 года». 3 занятай інсургентамі Вільні іх 3-тысячная калона набліжалася да Паставаў. У шэрагах змагароў ваяваў ужо немалады пасол сойму і патрыёт Вялікага Княства Тадэвуш Корсак, малой радзімаю якога была полацкая вёска Заскаркі. На пачатку паўстання ён зявіўся ў Вільні на чале некалькіх дзесяткаў узброеных уласных і навакольных сялянаў. У жніўні 1794-га Корсак атрымае ад Касцюшкі званне генерал-маёра, а ў лістападзе загіне падчас абароны Пражскага прадмесця Варшавы і разам з Якубам Ясінскім знойдзе вечны зямны прыстанак пры варшаўскім касцёле «На Камёнку».