Ён заўсёды здзiўляўся знаходлiвасцi, яго здзiўляла настойлiвая барацьба звера за жыццё, здзiўляла ўсё, што магло перахiтрыць механiчную вераломнасць пасткi. Але iшла вайна, i ён быў яе ўдзельнiкам. Заставалася толькi выклiкаць лiсу на супрацiўленне. Рой так i зрабiў, ён пачаў трывожыць яе доўгiм сасновым суком, а калi яна стала адсоўвацца ад палкi i мацней зацягнула пятлю, Рой двойчы моцна стукнуў яе па галаве, так моцна, што палка зламалася. Лiса была мёртвая, а Рой - пераможца мiжвольны - стаяў i захапляўся чыстай шаўкавiстай поўсцю.
Больш нiчога ў сваiх пастках ён не знайшоў, а на Зялёных Азёрах у пастку трапiла толькi адна норка. Нi бабра, нi андатры, нi выдры, нi кунiцы, нi рыбачкi. Рой сяк-так пераседзеў марозную ноч у занесеным снегам шалашы на Зялёных Азёрах, а затым шпаркiм тэмпам рушыў па снезе назад да хацiны на Чатырох Азёрах, раздумваючы, цi ўдалася справа з масавай лоўляй, цi варта тут вылаўлiваць усё, што толькi можна, за кошт усiх iншых участкаў.
У хацiне ён падлiчыў сваю здабычу.
Усяго было злоўлена шэсць андатраў, пяць баброў, дзве норкi, чатыры ласкi i лiса. Вывад зразумелы. Для такога напружанага палявання вынiк быў мiзэрны, хоць, калi гаварыць шчыра, гэта была неблагая трохтыднёвая здабыча. Але Рой не апраўдваў выключную стаўку на iнтэнсiўную лоўлю ў гэтым месцы на шкоду ўсiм iншым. Акрамя таго, Рою здавалася, што ў далейшым ён не набярэ тут i гэтага. Ён злавiў чатырох баброў на Зялёных Азёрах, i болей там баброў не было, iх неабходна выкрэслiць з далейшага палявання. На Чатырох Азёрах заставаўся яго звыклы рэзерв - паўтара дзесятка хатак i некалькi новых збудаванняў маладых баброў. Але пры такой iнтэнсiўнай лоўлi гэтага было мала. На Чатырох Азёрах трэба спынiць паляванне, калi ён мае намер захаваць там хоць некалькi баброў i андатраў. Мо i варта было праводзiць тут iнтэнсiўную тыднёвую лоўлю, але не больш за тыдзень. Таму ён пакiнуў усе свае пасткi на ранейшых месцах, але ўжо дакладна ведаў, што павiнен iсцi на Лiтл-Рывер, унiз да возера Пiт-Пiт i назад у сваю хацiну. Трэба рухацца, пакуль снег не выпаў па-сапраўднаму, а рэкi i азёры не скавала лёдам.
Перш чым пакiнуць Чатыры Азёры, Рой прайшоўся па яловых балотах памiж азёрамi. Ён шукаў сляды лася, ведаючы, што Джэк Бэртан, калi назапашвае мяса на ўсю сям'ю, аддае перавагу буйному ласю, а не дробнаму аленю. Рой знайшоў сляды, памёт i абадраную кару на дрэвах там, дзе вялiзны самец стараўся спынiць сверб сваiх раскiдзiстых маладых рагоў. Але самога лася ён так i не знайшоў. Ён убачыў шмат слядоў аленяў, але за ўсе тры тыднi не сустрэў нi аленiхi, нi цяляцi. Гэта было нязвыкла i трывожна, i па дарозе на Лiтл-Рывер ён пiльна сачыў, цi не з'явiцца на хрыбце алень альбо лось у далiне. Ён прыкмецiў адну белахвостую аленiху на схiле каля Лiтл-Рывер i паспеў выстралiць, але ўбачыў толькi, як мiльганула i знiкла ўдалечынi яе белае люстэрка.
- Ну што ж, хоць адзiн алень ёсць у гэтым лесе, - сказаў ён. - Пакiну яго для Джэка. Для фермера Джэка, выратавальнiка Сент-Элена.
Рой гучна засмяяўся ад уласнага жарта, i яго зычны смех рассыпаўся па ўсiм лесе. Ён пайшоў на поўдзень да возера Пiт-Пiт i дамоў, гадаючы, цi застане ў сваёй хацiне Сахатага, цi ён пайшоў ужо ў заказнiк.
Раздзел сёмы
Мэрэй пайшоў, але ў хацiне быў Джэк Бэртан.
- Як Сэм? - спытаў Рой, калi ўбачыў, хто ў яго ў гасцях.
Джэк прычынiў дзверы, на якiя цiснула намеценая завiрухай гурба; яго цела, падобнае на жэрдку, здавалася, расло з бёрнаў падлогi.
- Сэм ўсё яшчэ на ферме, калi ты пытаеш пра гэта, - сказаў ён. - Але не ведаю, цi доўга ён там будзе.
- Цi прыняў ён работнiка?
- Так, але быў вельмi сярдзiты на цябе за тое, што ты пайшоў моўчкi. I Руф таксама сердавала. - Словы Джэка гучалi змрочна. - Ён усё яшчэ гаворыць пра сыход.
- А каго ты наняў iм у памочнiкi?
- Бiлi Эдвардса.
- Бiлi? Гэта той, што купiў каня?
- Ага, ён. Яму патрэбны грошы. Наяўныя.