Джеймс Олдридж - Паляыничы (на белорусском языке) стр 44.

Шрифт
Фон

Аднойчы на яго вачах рыбачка загрызла чырвоную вавёрку; убачыўшы Роя, рыбачка адкусiла ў вавёркi пушысты хвост i кiнулася да блiжэйшага дрэва. Яна iмгненна знiкла ў лiстоце i паляцела з верхавiны на верхавiну, трымаючы ў зубах вавёрку, але пазбавiўшыся яе хваста, якi перашкаджаў бы так хутка бегаць.

Рой ладаваў свае пасткi на кунiцу i рыбачку чырвонай вавёркай, але замест таго, каб замацоўваць пасткi на паваленым ствале альбо на зямлi, ён падвешваў iх так, што ў скачку за вавёркай кунiца альбо рыбачка павiнны былi абавязкова патрапiць у пастку. Ён паставiў пяць паўтарачных пастак, усе вакол Зялёных Азёр. Для рыбачкi ён выбiраў навiслыя над вадой елкi, для кунiцы заходзiў глыбей у гушчар. Гэтым Рой закончыў ставiць ланцугi пастак для масавай лоўлi.

Але паставiць пасткi было толькi пачаткам. З гэтага дня яму трэба было настойлiва i метадычна аглядаць пасткi, абыходзячы iх у строгай паслядоўнасцi i замяняючы прынаду. Ён абышоў спачатку Чатыры Азёры, праверыў пасткi, а калi вяртаўся ў хацiну, праверыў яшчэ некалькi пастак. Затым зрабiў двухдзённы абыход Зялёных Азёр, па дарозе туды праверыў пасткi, выбраў тыя, што ля вады, а па дарозе назад праверыў астатнiя. Яму давялося цягнуць на сабе ўвесь правiянт, прынаду, сакеру i злоўленую дзiчыну. Абход даводзiлася рабiць хутка, бо на Зялёных Азёрах у яго не было iншага сховiшча, акрамя шалаша з галiнак пiхты, якi ён змайстраваў пад вялiкай сасной. Значыць, яму даводзiлася нясцi i спальны мяшок, а для чалавека, якi прывык да зручнасцi сваiх хацiн, гэта было вялiкай стратай. Але ён не здаваўся, спадзеючыся, што вынiк апраўдае ўсе затраты. За два тыднi Рой злавiў чатырох баброў, чатыры андатры, адну норку i дзвюх ласак. Больш рэдкая дзiчына - лiса, рысь, рыбачка, выдра - зусiм не траплялася яму, хоць ён выявiў шмат слядоў лiсы i рысi i ведаў, што рана цi позна ён зловiць iх. Але для гэтага патрабавалася шмат цяжкай працы, бясконцай працы.

- Вось табе i адзiнаццаты нумар! Чым не аўталiнiя? - мармытаў ён сам сабе, калi знясiлена вяртаўся ў сваю хацiну ля Чатырох Азёр. - Вось табе i канвеер! - Але ён працягваў гэта толькi тры тыднi, а пасля зразумеў, што пара спынiцца: пачаў выпадаць снег.

Усё пачалося з невялiкай завiрухi i парывiстага паўночнага ветру. Чысты раннi сняжок пасцiлкай лёг на лес, азёры i хрыбты гор, i ўжо з гэтага снегападу ў далiнах утварылiся гурбы. Усю гэтую завiруху Рой пераседзеў у сваёй хацiне на Чатырох Азёрах. Калi завiруха сцiхла, ён зрабiў апошнi абыход - снег прымушаў яго спяшацца i хутчэй правяраць пасткi на Лiтл-Рывер, а затым скiраваць на поўдзень i паглядзець, што робiцца ў яго на возеры Пiт-Пiт. Абодва гэтыя ўчасткi былi закiнуты iм амаль на месяц, i Рою трэба было вырашыць, цi варта дзеля новага ланцуга пастак забывацца на ўсе старыя. Ад гэтага рашэння шмат залежала ў далейшых паводзiнах Роя.

Падчас апошняга абходу яго затрымлiваў рыхлы снег, якi даводзiлася абтоптваць адразу. Абход быў няўдалы. На Чатырох Азёрах папалася некалькi баброў i некалькi андатраў. I ўсё. Па дарозе на Зялёныя Азёры ён знайшоў у адной пастцы лiсу. Лiса сядзела на сцежцы, драцяная пятля захлiснула ёй шыю, але яна была яшчэ жывая i нагадвала сабаку на прывязi. Яна злосна пазiрала на Роя, якi iшоў па сцежцы. Рой спынiўся.

- Эх ты, палахлiвая лiса, - задумлiва прамовiў Рой, - сёння ты перамудрыла.

Iншыя звяры, якiя траплялi ў пастку, адчайна вырывалiся; але чым мацней яны вырывалiся, тым мацней зацягвалася пятля на шыi, i чым мацней яна зацягвалася, тым мацней яны вырывалiся, пакуль пятля не душыла iх да смерцi. А гэтая лiса? Рой зразумеў, што яна таксама спрабавала вырвацца, але хутка зразумела, што барацьба для яе небяспечная. Тады яна прыцiхла i пачала чакаць, цi не ўдасца перахiтрыць пастку. Яна i зараз хiтра пазiрала на Роя, цi не ўдасца ёй перахiтрыць яго.

Гэта быў адзiн з тых выпадкаў, калi Рою цяжка забiць звера.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке