Кузьма Черный - Пошуки будучыни (на белорусском языке) стр 16.

Шрифт
Фон

Ён усё гаварыў i гаварыў:

- Хутка пад'едзе Трыбуховiч, i я паеду. Добра, што ясна робiцца. Вы ж тут праўцеся i сцеражэцеся... А, дай Божа памяць! Цi схавалi ж вы хаця добра тыя гадзiннiкi i пярсцёнкi, што той немец вам пакiнуў? Бо гэта, бачыце, чаму я пытаю? Ведайце, бо можа вы i не ведаеце, што ён вам пакiнуў, гэты немец. Гэта чыстае золата. Вы за гэтае золата можаце фальварак купiць! Вось што, калi хочаце ведаць! Вы цяпер багатыя! Чуеце? Вы багатыя! На ўсе Сумлiчы няма нiкога такога багатага, як вы цяпер! А дзе вы схавалi гэтае сваё багацце?

- У шуфлядзе ў стале.

Фельчар аж зiрнуў на печ, дзе абзываўся i слухаў яго Кастусь Лукашэвiч, малады чалавек, якi не ведаў i апошнiя часы не думаў, куды iдзе яго дарога i ў якi бок горнецца яго жыццё. Кожнае фельчарава слова ён глытаў, як высмаглы воду.

- Як, у шуфлядзе? (Фельчар выцягнуў шуфляду ў стале.) Тут, побач iржавага вiдэльца, пагнутых нажнiц, згрызенага мышамi клубка нiтак, сярод паленых цвiкоў, нейкiх старасвецкiх нажоў i ануч з паўтыканымi голкамi, сярод усёй гэтай непатрэбшчыны, вы хаваеце свой спосаб каб жыць? О, залаты ланцужок ад гадзiннiка ўблытаўся ў iржавы вiдэлец! (Фельчар быў занадта гаварлiвы, вiдаць, i ў Трыбуховiча ён лячыўся ад холаду.) Дык слухайце! Гэта не толькi простае багацце. Тут яшчэ, каля гэтых пярсцёнкаў i гадзiннiкаў, чалавечая душа такi танец справiла, што аж след ад гэтага на чужую душу кладзецца. Слухайце! Я ведаю што-нiшто пра гэтыя пярсцёнкi i крыжык. Гэты немец, пакуль не трапiў у палон, на фронце, памiж баямi i пасля iх, выходзiў на здабыткi: брадзiў па полi i высочваў, дзе ляжыць забiты або ранены расейскi афiцэр, i знiмаў з яго дарагiя рэчы, якiя той меў. Такiм парадкам у яго назбiралася вось гэтае золата. Ну добра. Але вось ён захварэў i хворы трапiў у палон. Або трапiў у палон i пасля захварэў. Ён i сапраўды такi быў моцна хворы. I калi мяне да яго прывезлi, ён хваробу перамог ужо, але яшчэ быў слабы i дрэнна яму было. А тое, што яго вядуць у палон, чужыя людзi i зямля наганялi на яго чорны сум. Ён анiяк не спадзяваўся, што выжыве i што ўбачыць калi-небудзь свайго Густава, якога вельмi любiў i ныў па iм. Ён так i думаў ужо, што Густаў астанецца сiратой без бацькi навек. I вось ён, як з-пад зямлi ўжо, пасылаў вечнае развiтанне свайму Густаву i ўсiм, каго меў там, у Германii. Вось тое пiсьмо. Цэлымi вечарамi я калупаўся над iм. Узяў слоўнiчак i нямецкую граматыку i пералажыў яго слова за словам на нашу мову: "Густаў, сынок мой, i Анна, i Берта, i ўсе, каго я люблю i сохну па кiм у апошнюю сваю часiну! Нам суджана больш нiколi не ўбачыцца. Я ўмiраю ў чужых людзей у палоне. Ведайце навек, што я толькi i думаў, што пра вас i асаблiва пра цябе, мой любы Густаў. Дзеля твае, Густаў, будучынi я ваяваў. Я прынёс бы табе спосаб на цудоўнае жыццё да самай твае старасцi. З арандатараў чужой зямлi мы сталi б уласнiкамi хоць i не аграмаднага, але маёнтка. Ты быў бы памешчыкам, а не арандатарам. Я ўжо ўсё быў зрабiў дзеля гэтага, але смерць, якая стаiць каля мяне, ужо вырывае з мяне душу i тваю будучыню. Божа, злiтуйся! Але надзеi ўжо няма. Побач са смерцю стаяць каля мяне чужыя людзi. Бывайце навек. Вось месца, дзе я ўмiраю. Ведайце i яго, усё ў жыццi можа быць, можа, калi каго з вас лёс занясе сюды, дзе будуць мае косцi. Я ўмiраю ў палоне... Грудзi мне муляе тое, што я здабыў табе, Густаў, на вайне i што не суджана ўзяць табе ў рукi. Канец мой падышоў".

- Ну, чулi? Гэта яму золата муляла. Гэта за яго Густаў стаў бы памешчыкам. Я i сам дзiўлюся - няўжо за яго цэлы маёнтак льга купiць? А можа, у Нямеччыне цана на зямлю такая малая? Э, ого, ого! Дык жа ў адным пярсцёнку дарагое каменне! А Божа! А на гадзiннiку што выпiсана! Граф Палiводскi! Ну няўжо i граф на вайне бывае забiты або ранены? Як той казаў вайна не толькi лье кроў, але i кожную брудную душу выверне на паказ свету.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке