Кузьма Черный - Пошуки будучыни (на белорусском языке) стр 17.

Шрифт
Фон

А ты, Палiводскi, быў граф, а пасля нейкi Густаў панаваў бы за тое, чым ты зiхацеў. А я - дык лепш капусту буду садзiць i карову кармiць. Якая цяпер карысць таму Палiводскаму, што ён быў графам! Я большы за яго граф, бо калi я каго ад крываўкi вылечу, то мяне добрым словам успамiнаюць i пры спатканнi дзякуюць. Чуеш, ты там, за комiнам! Не лезь у графы, а будзь чалавекам!.. Нешта ж Трыбуховiч з парсюком не пад'язджае. А ўжо i дзень праходзiць. Ну як вы абое? Каму што балiць? Я казаў, што па паўднi распагодзiцца. Бач ты, ужо i сонца выблiснула. Дзе ж гэты Трыбуховiч дзеўся? Хiба яго чэрцi на мерку схапiлi? Ах, чортава пара!.. Ну, на дварэ весялей робiцца, сонца бляша як мае быць... А тым часам салдат, як бачыш, сканваiраваў гэтага немца куды трэба i назад варочаўся адзiн, таксама куды яму трэба. Дык вось гэты салдат то пешкам iшоў, то ехаў, як траплялася. У нашым мястэчку ён нейкага сабе спадарожнага грузавiка чакаў i, успомнiўшы, да мяне начаваць прыйшоў. Вечарам мы з iм сабе слова за слова, а ён мне расказвае пра таго немца. Божа мой, кажа ён, не пазнаць стала немца. Як толькi, кажа, выйшлi за Сумлiчы, дык той немец адразу пачаў высвiстваць, выспеўваць, ганяць пры дарозе птушак, вiтацца з кожным, хто па дарозе праязджае, гэтакi ў яго шчаслiвы час настаў. Вы чуеце? У яго радасць жыцця стаптала пад ногi смутак смерцi. I вось на першай папасцы, выпрасiўшы ў салдата колькi лiсткоў паперы з запiсной кнiжачкi i алавiчок, дробна i густа нешта ўсё пiсаў i пiсаў, а пасля запячатаў у канверт i даў салдату, каб той на першай пошце, цi дзе iх здаюць такiя пiсьмы, адправiў. Эй, ты там, за комiнам, ты думаеш, я вытрымаў, каб не прачытаць i гэтае пiсьмо, якое яшчэ ляжала ў салдата ў кiшэнi? Пакуль салдат спаў да ранiцы, я i гэтае перагнаў на нашу мову. Слухайце: "Густаў, сынок мой, Анна, Берта! Шчасце i радасць, я жывы! Я iду дарогаю, i нада мной свецiць сонца. Усе людзi на зямлi добрыя i мiлыя. Каб вы толькi ведалi, як аба мне дбалi i пра мяне клапацiлiся тыя чужыя людзi, у хаце якiх я ляжаў! З'явiўся нейкi стары доктар i лячыў мяне, дай Божа яму здароўя. А нейкая дзяўчынка! Сама малая, а глядзела мяне, як родная. Яна адпойвала мяне малаком, а назаўтра нешта такое смачнае зварыла, чаго мне нiколi датуль есцi не даводзiлася. Гэта ўжо не чужыя мне людзi, яны выратавалi мяне, i, калi я ўстаў на ногi i ўбачыў, што жыву i ўжо здаровы, я мог бы на каленях паўзцi перад iмi ўсiмi i на развiтанне я не вытрымаў i... Густаў, маё сэрца балiць аб табе, што ты астанешся арандатарам... Я аддаў той дзяўчынцы тое, што было тваё. Бог дасць, я вярнуся дадому i буду доўга-доўга расказваць табе пра гэта. Але ўсё яшчэ можа быць, можа я здолею зноў здабыць тут табе тваё, любы мой Густаў. Выбачай мяне, але я не хачу гэтымi цяжкiмi думкамi душыць сваю светлую радасць аб тым, што мне добра цяпер i што чужыя людзi мяне вярнулi да жыцця. Калi ты падрасцеш, ты можа i асудзiш мяне, што ты не маеш маёнтка, але само жыццё i ўсё, што будзе з намi далей, згладзiць усё i перада мной можа зноў паставiць магчымасць здабыць табе тое, чаго ты варт, мой сын. Што ж, гэта адзiны раз у жыццi ў мяне так iрванулася душа i павяла мяне на гэты ўчынак... "

- Вы чуеце, як яго ўжо точыць чарвяк, што ён так iрвануўся душой? От бо нямецкая душа! Нiякiх там парываў, а ўсё павiнна быць вылiчана: колькi аршын радасцi, колькi ўдзячнасцi, колькi сяброўства i колькi дабра другому, каб не перадаць лiшне. А можа ён яшчэ i з жывога гэтага Палiводскага здымаў, якое там к чорту знiмаў! Здзiраў тое золата! Дык тады пiсара пры iм не трэба было, каб запiсваць, колькi немец скур з чалавека здзярэ. А вось калi душа яго на момант зварухнулася на справядлiвую ўдзячнасць, дык ён адумаўся, што не паставiў пры душы таго пiсара, якi б падлiчыў i запiсаў, цi не залiшне ён перадаў да чалавека ўдзячнасцi, не гаворачы ўжо аб простым, бескарысным пачуццi. О, я немцаў ведаю.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке