Кузьма Черный - Пошуки будучыни (на белорусском языке) стр 15.

Шрифт
Фон

А то з цябе, пане-браце, вада, як з рукава, джгае.

- Няма калi сушыцца, трэба назад iмчацца, яна там ледзьве жыве.

- А што з ёю?

- Ляжыць без памяцi.

- Можа аб'елася чаго?

- Не, у яе балiць галава, горла i грудзi.

- Пастаў каня ў хлеў, а пасля паедзем, калi на небе расчысцiць.

- Не, родненькi мой, паедзем цяпер.

- Чаго ты гэтак спалохаўся? Вiдаць, што нiколi хворых не бачыў.

- Як гэта не бачыў! У мяне бацька на дарозе памёр!

Фельчар нiчога не адказаў i моўчкi стаў корпацца ў шафе. Кастусь так жа моўчкi чакаў. Нецярплiвасцi яго не было меры. Аднак жа ён вытрымаў i аж уздрыгануўся, калi фельчар сказаў, што можна ехаць. Ён сам сваiм вушам не верыў, ён баяўся, што фельчар не захоча ехаць. А тым часам на небе i сапраўды расчышчалася. Фельчар сказаў:

- Па паўднi зусiм распагодзiцца.

Кастусь пагнаў змучанага каня з усiх сiл. Дождж усё пабольшваўся. Цераз брод праскочылi ў момант. Фельчар сам пачаў пакрыкваць на каня. Кастусь бесперастанку тузаў лейцы. Як уехалi ў двор, фельчар не даў Кастусю апомнiцца, сагнаў яго з воза адразу i ўвапхнуў у хату.

- Ты ўвесь ссiнеў i калоцiшся, як святы на споведзi. Каб ты не смеў мне да самага вечара з печы злазiць! А то Волечцы прыйдзецца ехаць па мяне i ў бродзе плаваць. Ну а ты, малая, дзе ты там? Як маешся? А, вось ты якая. Ну, нiчога, пакажы шыю. Каб ты мне цэлы тыдзень вылежала, а тады ўставай сабе i рабi што табе трэба. Ляжы, Волечка, ляжы. Пакажы язык. А ты там на печы? Яшчэ ўсё дрыжыш? Не глядзi, што ты на печы, а на табе гэтую адзежыну, акрыйся i дыхай сабе ў жывот. Але ж i кажушок злубянелы! Чый гэта? Твой?

- Не, гэта Волеччын.

- Грэйся! З цябе павiнна выйсцi сем патоў, толькi тады маеш права з печы злезцi! Ты мне глядзi! Шэсць патоў сыдзе, а ты не злазь. Чакай сёмага.

- А як жа iх лiчыць тыя паты? - ледзьве адцягнуў голас Кастусь.

- Выцiрай лоб i чакай, пакуль зноў замакрэе. I так да сёмага разу.

- Добра, толькi я раней пайду каня пастаўлю.

- Не смей! Нiчога каню не зробiцца, калi i пастаiць на свежым паветры. Каня кожны вецерынар можа вылечыць. А няхай паспрабуе цябе вылечыць! Толькi я цябе магу лячыць! А дзеля гэтага Волечцы прыйдзецца ў бродзе купацца. Чуеш?

- Чую, - прахрыпеў Кастусь, сцiшваючыся за халодным комiнам.

- А цяпер i я павiнен аптэчнага ўзяць, бо i я прамок i дрыжу, як нячысты пад крыжам. - Ён дастаў з кiшэнi пляскатую бутэльку i напалам разлiў усё, што ў ёй было.

- Гэта мне, а гэта табе, хлопча. Пi, не бойся. Бачыш, я не атруцiўся. Гэта самы чысцейшы на свеце аптэчны спiрытус! А табе, малая, гэтыя пiлюлi, глытай па тры на дзень. На! Глынi першую. Так ляжыце i мяне чакайце. А я пайду. Тут у мяне iнтэрас ёсць на мястэчку. У Дарахвея Трыбуховiча парсюка пайду старгую. Ты не бойся, у брод больш не палезеш. Мяне сам Трыбуховiч заiмчыць назад. Разам з парсюком. Хэ-хэ! А, i ты, малая, усмiхаешся! Ну, дык я на тваiм вяселлi буду гуляць.

I фельчар выйшаў з хаты. Кастусь высадзiў галаву з-пад кажуха. Ад спiрытусу галава яго ўжо кружылася. Ён глянуў на Волечку. Гэта ж ён, гэты фельчар, выдумаў, што Волечка смяялася. Гэта быў адзiн з яго метадаў хутчэй паднiмаць хворых на ногi - найцудоўнейшае лякарства, якое, на вялiкi жаль, не ў пашане ў нашых вучоных медыкаў, лякарства, без якога мала памагаюць усялякiя уратрапiны i дзiурацiн з папаверынi, нават i тады, калi iх змяшаць разам, аблiць магнезiумам-сульфурыкумам i прысыпаць зверху лакрычным парашком.

Волечка ляжала сцiшыўшыся. Вiдзён быў яе твар, ружовы i спацелы. "Няўжо ў яе i раней быў такi востры нос?" - думаў ён, гледзячы на яе. Сам жа ён, колькi нi чакаў, нiводнага поту не прычакаў. Але яму стала горача, i пакрысе ён пачаў вылазiць з-пад кажуха. А Волечка нават i не варушылася. Можа яна спала? Тым часам фельчар, вясёлы, рухавы i схiльны да гаварлiвасцi, увайшаў у хату i паведамiў, што ўжо як мае быць выбiлася на пагоду i што ён старгаваў у Трыбуховiча япрука.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке