Гэта была небывалая нiколi раней рыса ў яе, i ён жахнуўся:
- Волечка, што з табою. Табе што-небудзь балiць?
- Нiчога, толькi ў грудзях.
- А больш?
- Больш не, толькi галава.
- А больш нiчога не балiць?
- Нiчога, толькi ў горле.
- Ну а яшчэ дзе балiць?
- Анi нiдзе.
- Дык ведаеш што? Ты ляжы сабе, а я цябе зараз гарачым напаю i памчуся па таго самага фельчара. Ён практык. Той немец вось якi хворы быў, а ён яго, як бачыш, падняў. А ты не бойся, хутка ўстанеш.
- А я не баюся. - Бледная ўсмешка прайшла па яе губах. Ён лепш акрыў яе i пайшоў у рух. Перш за ўсё ён падпалiў у печы i зрабiў гарачае ёй выпiць. Пасля, надаваўшы ёй сотню наказаў - ляжаць i не ўставаць, грэцца i чакаць яго з фельчарам, ён зазiрнуў ёй у твар i жахнуўся. Няўжо яна так адразу заснула?! Абыякавая да ўсяго, яна зноў цяжка дыхала, твар яе яшчэ больш гарэў, i вочы заплюшчылiся.
- Я буду ляжаць i чакаць, - ледзьве вымавiла яна, i ён, увесь уздрыгануўшыся, выскачыў на двор, дрыжачымi рукамi ледзьве патрапляў перавязваць i перакрыжоўваць вяроўкi, вымошчваючы сядзенне ў возе, запрог свайго каня, свiснуў пугаю i рынуўся ў дарогу. Цяпер конь яго ўжо не быў той здарожанай, хоць i маладой, худзiзнай. Гэта быў ужо выгладжаны бягун, i iмчаўся ён на злом шыi, аднак жа яшчэ ўсё чуючы над вушыма свiст пугi. Кастусь даiмчаўся так да мастка над неглыбокаю рэчкай i раптам убачыў, што вада, пасля былых дажджоў, яшчэ ўсё стаяла даволi высока i сарваны ёю масток толькi палавiнай сваёй трымаецца пад той бераг, а блiжэйшая палавiна расплылася бярвеннямi. Ён павярнуў каня берагам паўз рэчку, выглядаючы броду. Паплаўны бераг замакрэў - пачыналася адлiга. Колы клалi след на вялiстай траве. Конь замакрэў, а ён усё гнаў яго. "Божа мой, спазнюся!" I вось ён убачыў пратву. Плыткая вада дробна бiлася ў пясчаны бераг. Ён нацягнуў ляйчыну i ўвагнаў каня ў ваду. Усё больш падаючыся ў рэчку, ён ужо стаў на ногi, пасля стаяў на сядзеннi, каб вышэй быць над вадою. А вада ўсё паднiмалася. Вада ўжо ў яго ў халявах i вышэй кален. Сэрца яго разрывала грудзi. Але як выбрацца з рэчкi? Той бераг вельмi круты. А Божа, як жа ён павязе так цераз ваду фельчара? Ён пачаў заварочваць каня назад i ледзь выехаў назад на плыткi бераг. Вада з яго лiлася цурком, а на лбе стаялi кроплi поту. Тузаючы лейцы i круцячы пугай, ён доўга гнаў каня берагам, выглядаючы новага броду. I такi ўбачыў: нават след чужых калёс вёў у ваду. Адным махам ён пераскочыў рэчку i аж да самага мястэчка не даў каню перадыхнуць. Ён жа i так колькi часу праваждаўся ў гэтай вадзе! Тады ў вадзе яму было горача ў галаву, цяпер ён дрыжэў з холаду. Здавалася, мокрая адзежа яго лубянее на ветры. Да фельчаравага дома ён даскочыў тады, калi ўжо на небе цяжка валаклiся хмары i збiвалiся ў адзiн на ўсё неба засцiл. Iмгла зацярусiлася густа. Фельчар, з раскудлычаным сiвым клiночкам барады, выскачыў на двор насустрач мокрай фурманцы. Вельмi можа быць, што ён не ведаў, за што ўзяцца ў такi нудны дзень, i таму быў такi рухавы, калi ўбачыў праз акно, што нехта пад'ехаў. У яго пасярод двара стаяла карова i ела з кучы капуснiк. Певень хацеў умасцiцца на мокрую жэрдку i з крыкам саскочыў на зямлю. Божа, як непрытульна i нудна! Але ўсё гэта глупства, бо ёсць самае важнае: "А можа, там Волечцы яшчэ горш стала? Хутчэй трэба, хутчэй!" Мокры хлапец сам сябе падганяў. Як падстрэлены кiнуўся ён да фельчара:
- Дзянь добры вам, я так iмчаўся па вас, што траха не астаўся ў рэчцы з канём...
- Праўда, масток сарвала, - разважлiва сказаў прывыклы да ўсяго фельчар i пагнаў у хлеў карову i, iдучы, запытаў:
- Сам адкуль? А што здарылася?
- З Волечкай вельмi дрэнна!
- З якой гэта Волечкай?
- Ну а з той, што вы прыязджалi да яе ў хату палоннага немца лячыць.
- А-а, дык ты з Сумлiч? Той самы выгнанскi сын? Ну, бачыш, як добра, што я параiў табе астацца там жыць. Хто б цяпер аб хворай Волечцы падбаў бы? Ну, iдзi ў хату сушыся.