Янка і Мілана павярнуліся, зірнулі на зніклае люстэрка і, нічога не разумеючы, пераглянуліся міжсобку.
А дзе?.. разгублена запыталася Мілана. Шкло Ці хоць бы аскепкі.
Янка пацепнуў плячыма. Ён паглядзеў на пустую асаду, а потым моцна-моцна заплюшчыў вочы і паматляў галавой, нібыта пабачыў нешта такое, чаму вочы не давалі веры.
Што за
Потым хлопец падняў руку і паспрабаваў дакрануцца да таго месца, дзе яшчэ колькі хвілін таму было люстэрка. Там дакладна мусіла нешта ж быць ці сцяна, ці дыхта. Хоць нешта. Але замест таго яго рука проста трапіла ў нейкую пустэчу.
Што за ізноў паўтарыў ён, не ведаючы нават, што і думаць.
Мілана стаяла з разяўленым ротам. Яна таксама адмаўлялася верыць сваім вачам. Янка тым часам выцягнуў руку з пустэчы, затым ізноў апусціў яе туды, сам сябе правяраючы.
Што там? запыталася сястра.
Пуста. Відаць, там схаваны патаемны пакой. А мо і які патаемны ход.
Хто б мог падумаць?!
Так.
І што, там зусім нічога-нічога не відаць?
Святло, падаецца, удалечыні бачу, але нічога не разгледзець. Трэба спраўдзіць.
І Янка паспрабаваў рукой абмацаць пустэчу. Але ён не здолеў утрымаць раўнавагу, стоячы на вечку куфра, і паляцеў у цемру. Мілана адразу ж ад спалоху заверашчала. Але неўзабаве ўцяміла, што трэба нешта тэрмінова рабіць, і ўскочыла на куфар. Дзяўчына перахілілася праз край люстэрка і пачала клікаць брата, беспаспяхова водзячы рукой у цемры.
Янка, Янка! Дзе ты, братачка?
Дзяўчына была не на жарт спалоханая. У яе нават прамільгнула страшэнная думка аб страце брата. Мілана роспачна паклікала яшчэ раз:
Янка, Ян! Дзе ты?
Я тут, Мілана! прыцішана пачулася недзе ў глыбіні.
Ян? не паверыла яна сваім вушам. Як ты там? З табой усё добра?
Так, ідзі сюды! Тут так прыгожа!
Куды? Я нічога не бачу.
Проста скачы долу. Дай веры, усё будзе добра!
Ну добра. Глядзі, калі што.
Дзяўчыну крыху адольвалі сумневы, але голас брата гучаў так упэўнена, так пераканаўча. Яна закінула нагу, падцягнулася і скочыла ў цемру.
Мілана апынулася на невялічкай горцы, якою плаўна зехала долу. Яна вылецела праз пройму і раптам пабачыла неверагодна прыгожы сонечны лужок. Дзяўчына нават не адразу асэнсавала, што трэба падняцца, нагэтулькі была шакаваная. Паволі ўздымаючыся, глядзела на ўсё шырока расплюшчанымі вачыма.
Дзе гэта мы?
Каб жа я ведаў.
Мілана зірнула, адкуль яны сюды трапілі. Гэта быў стары вялізны разгалісты дуб з шырокім ды глыбокім дуплом. Яно было не такім вялікім, каб у яго з лёгкасцю пралез дарослы, але дастатковае, каб прасунуўся хто іх узросту.
Пачакай! пачала разважаць яна. Калі гэта патаемны ход, дык дзе ж тады дом?
Д-дом? прамовіў Янка і сам зразумеў, што нешта тут не зусім лагічна.
Так! Насамрэч мы зехалі проста з маленькай горачкі. Пагадзіся, гэтага замала на тое, каб так далёка апынуцца ад дома і каб яго не бачыць.
А яно ж напраўду так. А дзе ж дом? Што за цуд?
І тут увагу Міланы прыцягнула іншае.
Глядзі! паказала дзяўчына на брата. А што гэта з тваімі даспехамі сталася?
А што з імі не так? не разумеючы, прамовіў Янка і адчуў, што даспехі ў некалькі разоў пацяжэлі. Ён узняў руку, і ад здзіўлення хлопцу ледзьве мову не заняло: цацка сталася сапраўдным жалезным мячом. Хлопец папляскаў далонямі па сабе і адчуў грукат лат.
У подзіве ён зірнуў на сястру.
А з табой што?
У сэнсе? крыху перапалохалася сястра і схапілася за галаву.
Твая дыядэма Як яна цяпер зіхціць! Ды і адзенне змянілася
Мілана зняла дыядэму і агледзела яе. Гэта было каштоўнае ўпрыгожванне з дыяментамі, што зырка зіхацелі. Ды і сукенка стала па-каралеўску шыкоўнай.
Нічога не разумею, круціла галавою Мілана. Дома няма, мы незразумела як пераўвасобіліся. Што з намі здарылася? Што ўсё гэта значыць?
Ды і дзе мы? Падаецца, у нашай ваколіцы ніякіх нават і блізка падобных мясцін няма. Прынамсі я такіх дакладна не бачыў.
Чакай, паспрабавала разважаць Мілана. Мы трапілі сюды праз тое люстэрка.
Ну так. Ускочылі ў яго і цяпер тут, у гэтым дзіўным месцы.
Ну, братка, не хачу цябе палохаць, але, баюся, мы трапілі з табой у
Залюстрэчча нечакана разам прамовілі яны.
Знаёмства з чароўным каралеўствам і яго дзіўныя жыхары
Дзеці чулі пра Залюстрэчча ў казках, але трапіць у яго самім Ці маглі яны пра такое нават марыць?