- Ведаю я гэтыя калектывы! Мы, аваднi, таксама маем звычку трымацца разам. I што ж? Загудзе наш рой каля якое там каровы або вала, а яны пападымаюць хвасты трубою, ды як памчацца - i бывай здароў! А калектыў толькi аблiзваецца.
- I не дзiва, што памчацца, - прамовiў чырвоны з крапiнкамi матыль. - Ты адзiн як загудзеш, дык страшна робiцца. А што казаць, калi вас збярэцца цэлы рой?
- Вы памыляецеся, авадзень, - сказаў шэршань, - як бы вы нi ўсведамлялi сабе калектыў i яго мэты, як бы асабiста нi глядзелi вы на калектыўны лад жыцця, усё ж такi вы жывяце, вы мусiце жыць у калектыве, i за межамi яго, скажу проста, немагчыма бытаванне асобы!
- Брава, брава, шэршань! - запляскаў лапкамi камар. - Мне незвычайна падабаюцца вашы думкi i спосаб iх выказвання.
У самы разгар камаровага красамоўства пачулася гудзенне, i ўслед за гэтым, як бомба, з'явiўся жук. Не паспелi тут i слова вымавiць, як жук раптоўна ўляцеў у самую сярэдзiну сходу i тут жа, не схаваўшы нават нiжнiх мяккiх крылляў, упаў на спiну i пачаў ад здавалення перабiраць крывымi ножкамi.
Зялёнакрылая i сiнякрылая бабкi войкнулi i адначасна ледзь не памлелi такiм раструханым здаўся iм жук.
- Схавай, брат, сваю кашульку, бо нашы паненкi паўмiраюць ад сораму, сказаў авадзень.
- Фi, фi! - запiшчалi бабкi. - Ах, якi мужык! Як дрэнна ад яго пахне.
- Слухайце, жук, вы трымаецеся непрыстойна ў кампанii дам, - закруцiўся каля жука камар.
А жук, не зварочваючы нi на кога ўвагi, ляжаў на спiне i перабiраў нагамi.
- Эх, браткi, слаўна! Эх, слаўна! - выгукваў жук. - Ну ж i папрацаваў я, ну ж i пашанцавала мне! Шэсць ям выкапаў я! А колькi дабра нанасiў туды! Колькi скарбу!..
Крута змянiўшы тон размовы, жук раптам перавярнуўся, акiнуў поглядам сход i спытаў:
- Цi шчаслiвыя вы, прыяцелi мае?
- Шчаслiвыя! - адгукнулiся ўсе разам.
- А што зрабiла вас шчаслiвымi?
- Хараство гэтае ранiцы.
- Прыгоства нашага краю.
- Жыццё.
- Згода.
- Дабрабыт.
- Гармонiя калектыву.
I яшчэ многа розных адказаў пачуў жук.
- Ну, калi так, дык давайце ж весялiцца!
I вось жукi, мухi, мошкi, пчолы, матылькi, бабкi, конiкi, шэршнi, восы i ўсе, хто на гэты час апынуўся тут, закружылiся, зазванiлi, заiгралi, забубнiлi i справiлi такi слаўны карагод i музыку, што i возера, i лес, i поле, i рэчка з далiнаю слухалi i ад здавалення цiха ўсмiхалiся. Нават хмаркi на небе заслухалiся гэтымi спевамi, гэтай музыкай, заслухалiся i чамусьцi спахмурнелi.
А за гэты час у прыродзе зрабiлася нейкая змена. Цень ад лесу паволi насоўваўся i лажыўся на возера, а разам з гэтым i нейкi змрок адганяў вясёлы настрой у тых, хто кружыўся ў вясёлым карагодзе.
- Не ведаю чаму, але мне штосьцi маркотна стала, - скардзiлася зялёнакрылая бабка, сеўшы на лiсток аеру.
- Ах, i не кажы, мiлая: i я чуюся так, як бы штосьцi страцiла, - адказала ёй сiнякрылая таварышка.
- Мутарна мне ў вашым зборышчы, - прабубнiў авадзень i паляцеў у лес пад кару старога дуба.
Пасядзела на купiне зялёная жаба i нi з таго нi з сяго плюхнула ўнiз галавою, перабралася на другую купiну i пачала разважаць аб сваiх асабiстых справах.
Чарнавокi конiк зашыўся ў лазовы куст, сеў на лiсток i пачаў стракатаць, каб заглушыць смутак. Камар уткнуўся носам у траву i сядзеў над вадою нахмурыўшыся.
Распаўзлiся, разляцелiся ўсе, i кожны пачаў думаць толькi аб сабе, жыць толькi сваiмi iнтарэсамi, але разам з гэтым кожны адчуваў нейкае нездаваленне i брак чагосьцi, а чаго iменна - нiхто добра не ведаў.
Пад вечар уся кампанiя зноў сабралася. Колькi тут нi гаварылi, але такога тлумачэння, якое задаволiла б усiх, нiхто не мог даць.
Толькi шэршань унёс прапазiцыю звярнуцца з запытаннем да старога дуба. Прапазiцыя была прынята аднагалосна.
Паляцела, папаўзла, паскакала ўся кампанiя да старога дуба. Шэршань, як найбольш знаёмы з дубам i болей адукаваны i спрытны на язык, выступiў ад iмя сходу.