- Паглядзi, як бягуць, калышуцца роўненькiя кругi па вадзе! I гэта ты прывяла ў рух такое велiзарнае возера?! Дзiўная справа! I колькi хараства на свеце! Цi не праўда, ластавачка: жыццё - гэта самае большае шчасце на зямлi!
- Таму ж усе мы, зелянушка, любiм жыццё, - зашчабятала ластавачка.
- Ведаеш, якая мне прыйшла думка? Мне здаецца, што большага не можа быць шчасця, як адчуваць кожны момант, што ты вольны, можаш рабiць, што захочаш, можаш ляцець, куды табе зажадаецца.
- Так, зелянушка, - зашчабятала ластавачка, - я б дадала, што шчасце можа быць поўным толькi тады, калi ўсе вакол цябе адчуваюць сябе шчаслiвымi.
- Я цалкам далучаюся да гэтае думкi, - квакнула зялёная жаба.
- Вядома, вашэцi, так, - празвiнела муха, - калi я бачу, што ўсе вы вясёлыя, i мне таксама весела, дык ад гэтага толькi павялiчваецца паўната агульнага шчасця.
- Я лiчу немалазначным i той факт у агульнай складанасцi гэтага шчасця, калi да ўсяго iншага далучаецца i элемент мудрасцi, - важна зазначыў даўганосы камар. - Тады i вызначэнне самога шчасця выходзiць з правiльнага пункту погляду. Дык няхай жыве весялосць, воля, агульная згода i мудрасць.
- Ах, якая цiкавая тэма размовы! - азваўся матыль. - Я з свайго боку дадаў бы, што шчасце таксама залежыць - нават у значнай меры - i ад хараства.
- Гэта справядлiва, гэта справядлiва! - пацвердзiў чарнавокi конiк i заварушыў сваiмi прыгнутымi даўгiмi ножкамi.
- Выбачайце, шаноўнае грамадзянства, - забубнiў авадзень, - я трымаюся iншага погляду на рэчы. Скажыце, што станецца з вашым шчасцем, калi жывот будзе трубiць жалобу пустаты? Дзе тады дзенецца ваша весялосць? Што будзеце рабiць з вашаю воляю i як будзе тады стаяць справа з вашаю агульнаю згодаю? Бум-бум-бум! - зарагатаў авадзень. - Уся ваша мудрасць пакiруецца тады выключна ў бок вышуквання спосабаў запоўнiць пустату жывоцiка, а ўсё хараство пойдзе на скасаванне. Не, другi мае: каб быць шчаслiвым, трэба, каб i жывот пустым не заставаўся.
- Фi, авадзень! Як вульгарна выказваеце вы думкi вашы, - прамовiла, скрывiўшыся, сiнякрылая бабка. - Так i вiдаць, што вы больш каля жывёлы ходзiце.
- У вас, бясспрэчна, ёсць здаровыя думкi, - падтрымаў авадня даўганосы камар. - Але я таксама згаджаюся i з паннаю сiнякрылаю бабкаю, што гэтыя думкi маглi б быць выказаны i ў больш далiкатнай форме, тым болей у прысутнасцi такiх прыгожых дзяўчат.
Зялёнакрылая i сiнякрылая бабкi адарылi камара незвычайна пяшчотнымi поглядамi, ад чаго ён паварушыўся, дрыгнуў лапкамi i вельмi галантна пакланiўся iм.
- Я не люблю ахiнаць праўду ў прыгожыя пустыя словы, а бяру яе так, як яна ёсць, - адказаў авадзень.
- Што гэта ў вас за гармiдар такi? - спытала мурашка i лапкаю абцёрла з iлба гарачы пот. Вiдаць, яна прайшла цяжкую дарогу, перабiраючыся з травiнкi на травiнку па розных кладках, пакуль прыпаўзла сюды.
Чарнавокi конiк у кароткiх словах пазнаёмiў мурашку са зместам агульнай размовы i ў заключэнне спытаў:
- А ваш якi погляд на шчасце?
Мурашка на момант злажыла на галаве дзве пярэднiя лапкi i задумалася. Падумала i сказала:
- Шчасце... Гм... Прызнацца вам, я нiколi не думала аб тым, што такое шчасце. Дый калi мне думаць пра гэта, памяркуйце самi? Выходзiш з дому з адным клопатам: дзе б што знайсцi, як бы найлепш выканаць заданнi калектыву... Стойце! Стойце! Вось-вось крутнулася ў галаве думка, i здаецца, тая самая, якая мне трэба.
Мурашка аж замлела - так моцна яна задумалася. Усе вакол таксама маўчалi, каб не пашкодзiць мурашцы злавiць i замацаваць патрэбную думку. Толькi авадзень скептычна пакруцiў тоўстаю галавою.
- Вось што будзе шчасце! - раптам выпалiла мурашка i села на жывот, заварушыўшы разам усiмi лапкамi. - Шчасце - гэта найлепшае выкананне волi калектыву, жаданне прынесцi сябе ў ахвяру калектыву, усведамленне, што ў яго дабрабыце ёсць частка твае працы; карацей сказаць: шчасце - гэта гармонiя ў тым калектыве, да якога ты належыш.
- А калi я не хачу належаць нi да якога калектыву, дык маю я права шукаць сабе шчасця i быць шчаслiвым? - забубнiў авадзень.