- Памажы ты нам, дубе, развязаць адно вельмi важнае пытанне. Некалькi гадзiн таму назад мы былi шчаслiвыя i вясёлыя, сыпалiся жарты, былi танцы, выказвалiся незвычайна мудрыя думкi, я нават шкадую, што мы iх не запiсалi. Але непрыметна для нас самiх зрабiлася з намi нешта такое, што мы страцiлi добры настрой i гумар, прасцей сказаўшы, згубiлi сваё шчасце. Але гэтага мала, страцiўшы шчасце, мы сталi сярдзiтымi, неўспагаднымi, ачарсцвела наша сэрца, адзервянела наша душа, мы гатовы накiдацца адзiн на другога, i такiя выпадкi, на жаль, мелi месца ў нашай сям'i. Скажы ж ты нам, дубе, якiя прычыны парадзiлi гэта? Чаго нам бракуе?
- Дзецi мае! - важна сказаў дуб. - Калi вы меркавалi, у чым знаходзiцца шчасце, вы забылiся прыняць пад увагу адну вельмi важную акалiчнасць, а без яе поўнага шчасця i не можа быць.
- Чаго не прынялi, чаго не прынялi пад увагу, дзядзька? - пачулася пытанне.
А дуб, хоць ён у школу вучыцца не хадзiў i педагогiкi не праходзiў, але быў добры педагог. Ён сказаў:
- Толькi тая веда робiцца нашым сталым здабыткам, калi мы даходзiм да яе, здабываем яе самi. Калi вы не дадумаецеся заўтра самi, тады збярыцеся зноў тут, i я скажу, што вы страцiлi i чаго бракуе, каб вярнуць ваша шчасце.
I як вы думаеце, што сказаў назаўтра дуб?
- Вы, сябры мае, - растлумачыў ён, - перасталi жыць у згодзе i дружбе памiж сабою, а таму i страцiлi сваю радасць.