Тым часам абявіўся труп яшчэ адной дзяўчыны. Казалі, што была то маладзенькая і вельмі пекная габрэйка. Ейнае аголенае растурзанае нелюдзем цела знайшлі недалёк ад упадзення Нямігі ў Свіслач. Згадаўшы праракаванні Вайніслава, я дужа пералякалася з той яскравай чартаўні, якім праменіла чароднае смяртэльнае здарэнне з асобай жаночага полу. Пэўна ніхто з ладнага ліку мяшчан не паспеў звязаць новае жахоцце з папярэднім, бо паліцыя спешліва назвала ахвяру прастытуткай, забітай сваім гаспадаром. Каго б захвалявала смерць прадстаўніцы гарадскога дна?! Спадарыня Шрэйдар, напрыклад, гідзілася гэтай гісторыі і сувора забараніла весці пра тое якія-заўгодна размовы з пансіянаркамі: «Kein word über tej мерзости». Хросная мая толькі ўздыхала і паўтарала: «Куды ж коціцца наша родная Беларусія? Наш мілы Севера-Западны край». Было не па сабе. Паўлуша, як заўсёды маўчаў. «Ой, гора-бяда. Якая ўжо ж розніца ці блудніца то, ці цнатлівіца? Яе ж так жорстка замардавалі», у такім сэнсе выказвалася Каміла Свентаржэцкая. Спадар Ляхоўскі наагул выказваў версію, што ніякіх забойстваў не было, а толькі паліцыя мяркуе спаралізаваць менскі люд страхам. Я не была з тым згодная. Вайніслаў жа, які троху спазніўся на чарговы «соймік» «Дасканалага Крывіча», меў поўныя вочы слёз, што мяне адначасова збянтэжыла, спужала і расчуліла. «Гандлярка з Нізкага рынку. Дзяўчо зусім», прамовіў ён і ніхто не насмеліўся патрабаваць тлумачэнняў. Усё-ткі паліцыя хлусіла. Завінаваціць паліцыянтаў было зусім немагчыма. Такі быў век, час, эпоха, калі хочаце. Мікалай І пайшоў на піва да Абрагама, але шынель ягоны (а зусім не таго змаскаленага хохліка Гогаля) вісеў над імперыяй. Тады гэта ўсведамлялася мала. Я была маладою і дурною. Толькі ў шэсцьдзясят трэцім, калі расейскія салдаты забілі маю сяброўку прыродную расейку, нібыта за сувязь з мяцежнікамі, мне пачало здавацца, што Расея вязніца. (Сяброўка, дарэчы, з паўстанцамі не кантактавала, а абдзяліла ўвагай аднаго афіцэрыка). Цяпер я стары чалавек і не пабаюся вывесці сваім почыркам на гэтай цудоўнай паперы словы Карфаген павінен стаць руінай. Я пішу гэта па-расейску, але не маю ані каліўца спагады і шкадавання да расейшчыны. І нават стаўшы прахам, я засмяюся, калі ў Пецярбурзе і Маскве запануе лацінскі алфавіт ці арабскі аліф.
Але ж вярнуся да таго часу, да таго смярдзючага, прапахлага порахам шынеля. Імперыя, як дзіцёнак, прайграла вайну ў Крыме. Хадзілі чуткі пра магчымасць новага французскага «вызвалення» (усім карціць менавацца вызвольнікамі, але ў выніку атрымліваецца бардэль мадам Петуховай). Верыць у тое не ставала ні досведу, ні сілаў, ні жадання. Новы імператар, хоць і любіў чытваць «Ах не сні сіх страшных сноў, ты мая Святлана», пра перамены ў дзяржаве гаварыў так нясмела, што нават я ў раўнанні з ім магла падацца ўзорам мужнасці. Ён нешта хацеў, але здавалася, што бацька ягоны з труны працягваў наказваць сыну, як паводзіцца. У Пецярбурзе, ясная рэч, штосьці пражэктавалі, але надта ж нягегла, вынікі чаго мы агледзілі, пачынаючы з сялянскай рэформы. Смешна. У Расеі касуюць прыгон, а ў Брытаніі адкрываюць the underground. Бог ня роўна дзеле, але ж Ён не цяля, бачыць круцяля. Гэта можа ў Санкт-Пецярбурзе адчуваўся вецер перамен. У нашай Беларусі, у нашым, як казалі сяляне, Западлым краі дзьмула хіба мо з палескіх балотаў. А ўлады чатары разы перахрышчваліся, асцерагаючыся ўсялякай праявы вальнадумства. Калі ж хрэст не дапамагаў, кайданы ўдала дапаўнялі партрэты ў інтэрерах з балотным водарам. Зразумелася гэта зноў-ткі пазней. Тады ж мы крыўдавалі, што паліцыя хавала праўду пра менскія забойствы. Напісала «мы», але крыўду ў нашым коле адчувала мабыць толькі я наагул крыўдлівая па натуры.
Не хацелася б, каб шаноўнаму чытачу здалося, што «Дасканалы Крывіч» быў нашым адзіным спосабам баўлення вольнага часу. Але менавіта ён даваў часта энергіі на цэлы наступны тыдзень. Хоць па праўдзе бывалі пятніцы поўныя пусцізны. От жа бывала скучна. Пагатоў, калі Паўлуша абсалютова не жадаў цалавацца ці выканаць якую-небудзь вельмі смелую маю прыхамаць. А ўсё з адгаворкаю: «Зараз нехта прыдзе». Ніхто не прыходзіў, і мае жаданні марнаваліся, ішлі ў поглум. Акром гэных сходак, мы з мілым наведвалі тэатр, які тады перабываў у нядужа спрыяльных умовах неадпаведнага будынка. Але ж даводзілася дзеля разнастайнасці трываць. Толькі надзвычай смешным было назіраць кволыя спробы паставіць «Гамлета», дзе галоўнага героя граў Новікаў, Гарацыё Піражкоў, а Афэлію спадарыня Мікуцкая. Іх раней мы зазвычай глядалі ў песках-дрындушках тутэйшых графаманаў пра кітайскіх пастухоў ці старагрэцкіх прасталытак. Раз-пораз на сцэне зяўлялася і Ірэна Галавацкая: спявала штось звышсучаснае па-польску ці дэклямавала ўсякія вершы ў розных мовах, калі-нікалі і ў беларускай. Апошняе заўсягды выклікала неадназначную рэакцыю публікі, асабліва ў разе абвяшчэння таго перакладам з французскае, ангельскае ці нямецкае мовы. Як жа па-беларуску толькі каровы ў хлеў заганяць! Памятаю колькі радкоў з нейкага перакладу. Як ні спрабавала даступіцца праўды, аж дасюль не змагла высветліць, з верша якога аўтара ён быў зроблены. Мабыць уся рэч у перакладзе.