Сяргей Балахонаў - Імя грушы стр 8.

Шрифт
Фон

З таго часу Вайніслаў учашчаў на «сходкі» «Дасканалага Крывіча» з зайздроснай пастаяннасцю, заўсёды выклікаючы фурор спаміж гасцей. Аднойчы ён спытаў, чаму я так рэдка прамаўляю па-крывіцку (то бок па-беларуску). Мне чамусьці стала сорамна. Я цудоўна ведала пра дзяржаўнае status беларускае мовы за часы літоўскіх князёў. У нашыя ж часы пра гэты дыялект гукалі размаіта. І па-праўдзе ненавіднікаў, як здаецца, было значна болей, чымся шчырых прыхільнікаў кшталту паноў Марцінкевіча, Сыракомлі, Кабылінскага ды нават тыпу Славачкі і Паўлушы. На вуліцах у асноўным панавала паляччына, хаця і расейскую пачыналі ўжываць адмыслова часта. На беларускае слова зазвычай рэагавалі з выкшталцонаю зласлівасцю, заткнуць рот каторай спрамагаліся толькі адметныя спадары, як згаданы Юры Кабылінскі. Але ж яму было гадкоў! За Марцінкевіча старэйшы гадоў на дваццаць. А прыдзе такі сабе дзядзечка ў сялянскай вопратцы не бруднай, а чысценькай, ахайнай у якую-кольвек установу, для багацейчыкаў заложаную, дый пачне па-крывіцку ўсіх турбаваць. Каронным яго запытаннем у кавярнях было: «А ці прынясеш мне, донечка, два ладных корчыкі ўзвару?». А як хто рот насуперак раскрываў, ён таму рублём і кпінай хутка закрываў яго. У касцёле, апрануты тым жа парадкам, сядаў на першыя «панскія» месцы ды падлаўліваў сяго-таго са шляхецкіх паўдуркаў.

 Kto ty jesteś?  спытае такі ашавурак у Кабылінскага.

 Чалавек,  адказвае.

 A kto pan twój?  пакепліваюць.

 Бог.

 Hm,  злуюцца,  lecz wszystko ż, czy możno smykać dotąd, gdzie siedziać pany? Moguć prognać.

 Сядзі, дурню, каля мяне, і ніхто цябе не прагоніць.

Але гэткія прыклады былі, баржджэй, выняткам, бо агулам становішча беларускае мовы было не дужа прыглядным. І маё веданне яе нічога б не змяніла ў існай раскладцы рэчаў. Я гэта разумела, але, як адзначыла вышэй, дужа засаромілася пасля пытання Вайніслава. І каб хоць неяк загасіць тое адчуванне, сказала, як цяпер помню, па-беларуску: «Ведаеця, паночку Вайніславу, мой суджаны Паўлюк саўсём ня дбаець аб тоя. Можа б паночак паўчыў міне?». Я досыць глупа засмяялася. Слава ж пахітаў галавою і ціха абвясціў чароднае ўзяўленне (откровение):

 Крывіцкая мова мова Еўропы. А мы зараз у Азіі і, адчуваю, што надоўга. Гэта страшна. Зямля наша нікуды не зрушыла, але мы ў Азіі. Некалі татарскае ярмо абмінула нас. Цяпер мы яго маем на плячах[4] у больш дасканалым выглядзе. Мы ў Азіі. Азія змушае нас гуртавацца вакол магілы караля Ягайлы. Мы стаім разам і кажам пра Polsku od morza do morza, але нават памысліць баімося, што гэта Азія закралася ў нашую свядомасць ды кіруе нашымі паводзінамі і словамі.

Павел, што надзьмуўся, як мыш на крупы ад майго непрыхаванага какецтва з Вайніславам, быў агаломшаны і толькі прашаптаў:

 Вайніславе, гэта справы палітычныя. Лепш пра іх не прамаўляць. І тыя і другія разюшыцца могуць.

 Ніхто не адкажа,  улучыўся ў гаману Людвік Ляхоўскі, ці няма шпегавання за намі. Філарэты гадоў трыццаць таму таксама збіраліся. Пра дабрачыннасць ды асвету для краю разважалі. Збіраліся. І дазбіраліся За Уралам, канечне, людзі ё, але мне чамусьці іх не хочацца бачыць. Ссылка штука паганая.

 Філарэты пілі малако за Крывію, а гарэлку з мёдам за Польшчу,  нібыта між іншага выдаў Славачка.

 Вы толькі не сярдуйце,  звярнулася да яго Ірэна Галавацкая.  Мо чулі, што ў Полацкай акадэміі мэханічная гаваркая галава была? Дык вы, як бачу дужа да яе характарам прыпадабняецеся.

Майму гневу не было межаў. Што яна сабе дазволіла? Абразіла, зняважыла харашэнькага-разумненькага Славачку. Параўнала з якімісьці механізмусамі Тады ў маіх думках такія словы скакаць сталі, што і прыпомніць сорамна. Ажно не верылася, што я іх трымала ў памяці сваёй. Але навочна я аніяк успратэставаць не магла.

Пасля ўсяго мой мілы ўзяўся-такі мяне ўшчуваць за празмерную сваволю ў словах пры звароце да Вайніслава. Я адсмейвалася і завірала яму вусны бусямі. Усё ж нам было добра. Але думка пра існаванне зусім блізка такога чалавека як Вайніслаў Боўт пачынала сушыць мяне і шторазу часцей а часцей. Заісце нявызнаным ёсць тор кахання. І мне давялося баяцца. Баяцца і хавацца ад усяго на свеце, каб змаўчаць наяўнасць тут і цяпер чагосьці іншага, нестасоўнага з агульнымі ўяўленнямі. Было абсалютова неверагодна знаходзіцца ў пачуццёвай кругаверці. Адчуваць агонь жадання да аднаго мужчыны, але часіны бавіць з іншым. Сніць недазволенае цэнзураю і прачынацца з вільготным улоннем. Даруй, о чытачу, гэты міжвольны парнаграфізм! Я пакутвала. Я вельмі пакутвала, бо з Паўлушам у нас вобмаль спрэчак бывала. Мы і пасварыцца па-сапраўднаму не ўмелі. То ж і не зналі слодычы прымірэння. Ці мне яны да спадобы аднолькава двох сталі? Не ведаю. Шалі вагаліся. Толькі пра тое ні Паваел, ні Слава знаць былі не павінны. Але я не магла паручыцца за тое, ці не бачыў хто-колечы маіх уздыханняў.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3