Сяргей Балахонаў
Бог кахання Марс
© Балахонаў С. А., 2020
© Афармленне. Выдавец А. М. Янушкевіч, 2020
* * *
Забобоны суть честь не Богу, але Слонцу, Звездам, Луне и прочïим сотворенïям данная, называется иначей балвохвалоство, то ест тая честь, которая отдается балваном, а не Богу.
«Собраніе припадков краткое», 1722 г.
Быццам вайсковая справа – каханне.
Авідый. «Навука кахання», І ст. н. э.
З рэкруцкай песні. «Белорусский сборник», 1885 г.Вы, салдацікі мае, абучайцеся!А пагонюць вас у чужу дальню старану,Ідзе шабелькі звучаць, з плеч галовушкі ляцяць…
Вы адчуваеце таямніцу, і рэчы проста пачынаюць здарацца самі сабой.
Дэвід Лінч. «Злавіць вялікую рыбіну», 2006 г.
Мне хорошо с тобой.
З песні гурта «Радость моя», 2012 г.
1
Як там з навукай кахання? Пакахаліся – сышліся. Не склеілася – разбегліся. Даўно наладжаны алгарытм, якому сёння не замінаюць ані царкоўныя настаўленні, ані феадальны гаспадарчы інтарэс. Аднак дагэтуль знаходзяцца людзі, якія незнарок трапляюць у пастку – пякучую пятлю моманту, калі ўзаемнасць з таго боку раптоўна абрываецца, а яны ў бессэнсоўным імпэце ўсё намагаюцца яе сашчапіць ці склеіць.
Гэта рыхтык пра Ягора. Сказаць, што ён успрыняў такі абрыў хваравіта, – усё адно што жартаўлівы матыў на дудачцы прасвістаць. Да часу расстання з каханай яны бавіліся разам амаль год. Суцэльная ўзаемнасць. Паравозік шчасця, кахання і пяшчоты, што адправіўся з сонечнага Рамонкава, узбіўся на прамяністую радыяльную каляіну, каб, як здавалася, не спыняцца ніколі. У рэчаіснасці такім Рамонкавам сталі старажытныя Юравічы. Там, на археалагічных раскопках, усё і пачалося.
Кіраваць раскопкамі Ягору Руткоўскаму было няпроста. Такі-сякі досвед ён меў, але ж і год ад году розніўся. Калі адны выпраўляліся ў той куток Гомельшчыны на покліч сэрца, то многіх іншых вялі жаданне добрых адзнак у залікоўках і магчымасць заслужыць лаяльнасць не самага ліберальнага выкладчыка. Існавала і трэцяя група, якая складалася з валанцёраў, падахвочаных абяцаннямі гучных адкрыццяў.
Звычайна адкрыцці не былі гучнымі. Але тады год расшчодрыўся на вынятак: пад канец сезона ў адным з пластоў знайшлі істотны фрагмент ідала з біўня маманта. Знаходка ўнікальная. І для Беларусі, і для ўсёй Усходняй Еўропы. Нябесныя апекуны айчыннай археалогіі падбалі на славу. Пабочным эфектам іх дбанняў, відаць, стала і асабістае адкрыццё адной з валанцёрак. На раскопкі яе проста за руку прывяла аднагрупніца – сяброўка па хімічным факультэце. «Потым будзеш, Марына, дзякаваць», – пераконвала сяброўка.
Марына Гваздовіч спачатку не ведала, за што яна мусіць складаць падзякі. Хлопцаў у археалагічным летніку назбіралася не пад яе густ. Кіраўнік здаваўся занадта самаўпэўненым і цвердалобым. Цешыла толькі надзея раскапаць сапраўды нешта адметнае. Думку пра кіраўніка яна з цягам часу перамяніла. Тое, што на першы погляд успрымалася як самаўпэўненасць, было азнакаю прафесійнага стаўлення да справы. Цвердалобасць жа была ўсяго толькі маскай, якую змушана напінаў на сябе педагог, каб не згубіць кантроль над, як ён сам казаў, чамярвой учарашніх школьнікаў. І калі раптам праз мур адпрэчвання валанцёрка лавіла ў словах Ягора Сяргеевіча цікавы досціп ці небанальныя развагі як пра археалогію з гісторыяй, так і пра само жыццё, ёй займала дыханне, быццам ад моцнага павеву ветру. Яна не палохалася. Адчувала, што вецер вабіць яе не ў пагібельную прорву, а на парог новых важных адкрыццяў. Руткоўскі старанна рабіў выгляд, быццам ніякіх вятрыскаў не заўважае. І чым болей ён стараўся, тым мацней вабіла дзяўчыну да памянёнага парога.
Месяцамі пазней яны блыталіся ва ўспамінах, прыпісваючы адно аднаму першынство ў пяшчотных усмешках і ласкавых позірках. А тады, у тое чароўнае, поўнае спадзяванняў лета, усё адбывалася само сабой. Знаходзіліся артэфакты. Разгараліся пачуцці. І калі аднойчы, вяртаючыся пасля ўтомнай дзённай працы да намётавага лагера, Марына раптам накінула Ягору на галаву рамонкавы вянок, ён нават не здзівіўся. Хіба толькі самую капку. Ухапіў дзівосніцу за далонь і замест пытанняў моўчкі засыпаў яе ўсмешлівымі яскаркамі сваіх вачэй. Поўніцай абяззброіў. «Паровозик-облачко вдаль бежит, качается», – аднекуль з вёскі ляцела песня, зліваючыся з гукамі падэспаня, які маладыя капачы развучвалі ў летніку.
«Аксамітны летні вечар». Пятніца. Тыдзень да заканчэння раскопак. Студэнты і валанцёры пасля вячэры распачалі культурную праграму з агучвання «Ночы жывых мерцвякоў» Джорджа Рамэра. Фільм, выключыўшы гук, запусцілі праз праектар на нацягнутую між яблынь прасціну і па ролях камічна агучвалі дзею, абыгрываючы археалогію і любоўныя серыялы. Руткоўскі колькі разоў выбухаў нястрымным смехам. Гваздовіч як аўтарка часткі выбуховых рэплік крадком пазірала на яго. Пасля фільма пачалася гітара. «Это лето не вернуть уже», – перабіраючы струны, надрывалася адна са студэнтак. Вырываючы шанец у лета, Ягор пакінуў лагер на сябра з універсітэта транспарту і ціха пакрочыў да возера Ліцвін. Доўга чакаць Марыну не давялося…
Пакахаліся – сышліся. Прычын разбягацца не было. «Нават меліся шлюб, як належыць, узяць». Дакладней, думалі пра яго як пра падзею самай блізкай будучыні. Марына сапраўды дзякавала аднагрупніцы. Амаль год. Амаль цэлы-цалюткі год. А потым нешта парушылася…
Гадавіну кахання святкаваць разам у Марыны з Ягорам не атрымлівалася. Праз абмен яна ехала на два месяцы ў Ірландыю. Вывучалі ўздзеянне рэчываў, выкінутых чарговым вывяржэннем ісландскага вулкана Эйяф’ятлаёкютль на сунічныя палеткі краіны святога Патрыка. Важнасць абмену для кар’еры Гваздовіч была відавочнай. Каханы нават словам не запярэчыў, адно пашкадаваў, што гадавіна міне ў расстанні. Яна суцешыла абяцанкай неўзабаве вярнуцца ў яго абдымкі.
– Я буду сумаваць без цябе, – шаптаў ён у апошнюю перад яе ад’ездам ноч.
– Я таксама, – не крывіла душой Марына, тулячыся да яго.
– Нават не ведаю, што са мной будзе, калі ты раптам застанешся там.
– Калі я там раптам застануся, ты знойдзеш сабе іншую, – завяла дражнілку дзяўчына.
– Не.
– Так. Усюды, дзе ты з’явішся і ўсміхнешся, дзяўчаты адразу павіснуць у цябе на шыі.
– Такога не будзе, – запэўніў Ягор, змагаючыся з неспадзяванай вогкасцю на вачах.
Ні ён, ні яна тады яшчэ не ведалі, што гэтыя словы стануць эпіграфам да надлому, які адбудзецца з ёю на радзіме лепрыконаў і Джэймса Джойса. Дый спачатку ўсё ішло як мае быць. Марына выправілася пад Дублін. Ягор – у Юравічы. Ліставаліся праз сетку. Перакідваліся віртуальнымі буськамі і фотаздымкамі з месцаў падзей. Неба было сінім. Усмешкі – шчырымі. Чаканне – нясцерпным. І нічога, зусім нічога не прадказвала пакручастага павароту.
У нейкі момант Руткоўскаму забракавала часу на чарговы сеанс любасцей ды мілосцей. Яно і не дзіўна, калі ўлічыць новую хеўру, з якой у часе раскопак выкладчык мусіў вылепіць штосьці путнае. Не, ён не запетаўся настолькі, каб забыцца зазірнуць у сеціва і напісаць каханай колькі слоўцаў. Увесь час памятаў. Але магчымасці зрабіць гэта не знайшлося нават за абедам. То пра нечыя драпіны клапаціўся, то нядбальцаў шыхтаваў, то дамаўляўся з нябеснай канцылярыяй. Проці ночы і ўзяўся быў за тэлефон, але не змог нават разблакаваць экран – папросту адключыўся ад дзённае стомы.
Калі ж пасля гэтага выпадковага перапынку даўжынёю ў адзін дзень, ужо акурат на іх гадавіну (усё-ткі паспеў! не прагэпаў!), Ягор напісаў Марыне, тая не стала адказваць. Адпраўленае ім паведамленне вісела і вісела непрагледжаным, дарма што каханая заходзіла на сваю старонку. Паспрабаваў ёй патэлефанаваць. Падняла. З сёмага разу. Была збянтэжанай і адначасова безуважнай. Такой, як ніколі за час іх стасункаў. Пытанні, што прагучалі ад яго, праігнаравала. Абдала няўцямным наборам слоў і скінула выклік.