Адказ гэты, як правіла, аказваецца вычарпальным і не вымагае дадатковых каментароў правакатарам.
27 траўня 2005 года.Гэтае салодкае слова халява!
Аднаго разу перастрэў Уладзя ў вагоне метро Алеся К.
Разгаварыліся, а за два перагоны паспеў пахваліцца Алесь і тым, што быў у Доме друку і вяртаецца адтуль не з пустымі рукамі.
Надоечы выйшла анталогія вершаў і песень пра каханне. Уключаны туды й верш Міколы Маляўкі, а я хачу зрабіць сябру сюрпрыз. Даўно ведаю дзявок з цэха ўпакоўкі Падыйшоў, і яны далі мне адзін том
Ніякаватасць Уладзева змяшалася са здзіўленнем і абурэннем. Як гэта далі?! Даць або падарыць можна толькі тое, што табе належыць!
Да таго ж, калі і здабыў такі трафей, дык не хваліўся б! Імаверна мог ня ведаць Алесь, што якраз Уладзя за дырэктара ў выдавецтве, што фігуруе на тытуле кнігі. Але ж пазначаны ён быў у ёй і як укладальнік тома і як ягоны рэдактар! І гэта ўсё пры тым, што сам Алесь адзін час узначальваў дзяржвыдавецтва!
Пагартаў Уладзя на працы слоўнікі, а ў тым ліку і пяцітомны Тлумачальны. І яшчэ раз пераканаўся, наколькі неаператыўна рэагуе лексікаграфія на многія моўныя зявы, асабліва ў размоўнай лексіцы і ў маладзёвым слэнгу.
Слова халява падаецца там толькі як частка бота і як выдзьмутая шкляная цыліндрычная загатоўка. Але й ні паўслова пра выразы кшталту атрымаць на халяву, што значыць задарма, не заплаціўшы!
1 верасня 2005 года.Канспіратаркі
У сталічнай элітнай школе 19 з матэматычным ухілам у адзінаццатым класе была Алеся за старасту.
Пасля заняткаў у першую змену нярэдка званіла яна на працу бацькам, каб дазнацца, калі тыя вернуцца, і на некалькі гадзін прыводзіла ледзь не паўкласа дадому папіць гарбаты, паслухаць музыку, паблукаць па інтэрнэце, падзяліцца планамі на будычыню
На лесвічнай пляцоўцы кожнага разу прачыняліся суседскія дзверы, і глыбокая пенсіянерка Софя Тодараўна сустракала яе неадменным Добры дзень, Алеся!, а нярэдка і частавала сваім фірмовым дэлікатэсам печывам у выглядзе грэцкіх гарэшкаў са згушчонкаю ўсярэдзіне. А вось на Алесіных аднакласнікаў не зважала, нібыта ня бачыла іх. Не было выпадку, каб за два гады яна не правяла старшакласнікаў словамі Да пабачэння, Алеся!, нягледзячы на тое, што якраз дзяўчына-суседка нярэдка заставалася дома.
Працавала ў свой час Софя Тодараўна сакратаркаю ў апараце Савета Міністраў і любіла прынагодна пахваліцца, што аніразу ў жыцці не рабіла рамонту. Проста пісала заяву-просьбу на імя свайго непасрэднага начальніка, намесніка Старшыні Саўміна і адзінай жанчыны ва ўрадзе, і неўзабаве пераязджала на новую кватэру.
Алесіну таямніцу захоўвала Софя Тодараўна больш за тры гады і знесла яе ў лепшы свет, куды выправілася следам і неўзабаве па сваім шчодрым сюзерэне.
А апошняе сваё жытло, двухпакаёўку па-над Акадэмкнігаю, пакінула яна ў спадчыну ўнучатай пляменніцы, Алесінай равесніцы. Не мінула і дзевяці дзён, як тая павыносіла шчупаковы хвост дый іншыя кветкі былой гаспадыні на лесвічную пляцоўку і распачала еўрарэмонт.
31 траўня 2006 года.Стаіць статуя
Пасля адкрыцця Лініі Сталіна, адметнага мілітарнага скансена, беларусы атрымалі яшчэ адзін падарунак. Усталяванне ўжо трэцяга ў краіне помніка Дзяржынскаму яшчэ адзін пэўны знак на шляху адкату сістэмы да таталітарызму, на шляху вяртання да сталінізму.
Адкрывалі яго галоўны чэкіст і галоўны памежнік краіны. Вядома таксама, што шэдэўр ёсць дакладнай копіяй таго, што шаснаццаць гадоў таму быў дэмантаваны на маскоўскай Лубянскай плошчы падчас дэмакратычных пераменаў у Расіі.
Але чамусьці сарамліва замоўчваецца, хто са скульптараў адхапіў і выканаў плагіятарскі заказ. І вось яшчэ што цікава: пэўна ж, прасілі верныя нашчадкі жалезнага Фелікса аддаць ім масянжовага (або і насамрэч жалезнага?) Дзяржынскага ў расіянаў, каб не выдаткоўвацца на рэлікт-копію? І самы імаверны адказ быў такі: Не дамо, бо самі паставім яго праз год на належнае, ранейшае, гістарычнае мейсца! І ці не надумаюцца, традыцыйна ўжо працуючы на апярэджванне малодшага брата-расейца, паставіць перад Палацам Рэспублікі куды больш маштабны стод кшталту таго, што стаяў на сталічнай плошчы да 1953 году?!
06.06.06.