Уладзімір Аляксеевіч Арлоў - Ордэн Белай Мышы (зборнік) стр 13.

Шрифт
Фон

Ты робіш з біклажкі добры глыток, і шампаністая хваля ўражанняў і ўспамінаў адкочваецца назад, пакідаючы на беразе свядомасці выразны след.

Усё выцягваецца ў мудрагелісты, але цалкам лагічны ланцужок. Правадыр з акцябрацкім Валодзем Ульянавым у раёне амбівалентнага органа гэта тата Мбамбы, хлопчыка з сінім пяром у валасах, які потым дзякуючы левым поглядам таты, перакананага марксіста і героя вайны з каланізатарамі, атрымаў накіраванне ў БДУ імя Леніна.

Маша Тарабанава так і не нарадзіла Мбамбу сына, які называўся б Мбамба Мбамба Мбамба Мбамба, бо народ твайго колішняга аднакурсніка трымаецца старажытнага звычаю, калі да сына пераходзіць бацькава імя, якое проста паўтараецца два разы. Насамрэч твой афрыканскі сябар зваўся, згодна з пашпартам, Мбамба Мбамба, а вось тата ў яго быў проста Мбамба, бо, як звалі ўжо ягонага бацьку, не ведала нават маці Мбамбы-першага, таму, дарэчы, яго, так і ахрысцілі Мбамбам (у перакладзе з іхняй афрыканскай не толькі двухсэнсоўнае «аматар чалавекаў», але і «выблядак»), што, аднак, не зашкодзіла носьбіту гэткага праўдзівага імя зрабіцца правадыром свайго свабодалюбнага народа.

Але Маша не прыехала; Мбамба Мбамба на вакацыях засумаваў, узначаліў змаганне з хеўраю мааістаў з суседняга племя і, як пісалі газеты, мужна загінуў у няроўным баі. Як шмат нават у глабальнай ідэалагічнай барацьбе залежыць ад выпадковасці! Каб Тарабанава не купілася на брудныя чуткі, твая краіна магла мець сёння надзейнага хаўрусніка на чорным кантыненце.

Што ж да саміх тых чутак, дык аднаго разу, выпіўшы за кошт народа Мбамбы бутэльку рому «Havana Club», ты адкрыта запытаўся ў сябра, ці ўваходзіць чалавечына ў меню ягоных супляменнікаў, і твой сябар, бязгрэшнае дзіця джунгляў, асветленых ідэямі самага перадавога вучэння, шчыра адказаў, што, як ты і думаў, усё гэта лухта: ніякіх нявестаў, нават белых, у іх не ядуць і наогул пасля заваёвы незалежнасці ваяры, даеўшы палонных каланізатараў і каланізатарак, урачыста прысягнулі зрабіць крок насустрач забабонам усясветнай цывілізацыі і конча адмовіцца ад ужывання такога карыснага прадукту. Вынятак зрабілі толькі для Дня незалежнасці, калі маленькі Мбамбаў народ чыста рытуальна, так, што не паспявае адчуць і смаку, зядае некалькіх былых каланізатараў, якіх ловяць і прывозяць у родныя мясціны юнакі з іхняга племя, што служаць у сталіцы, ходзяць, як і ён, Мбамба, у штанах і ахоўваюць там міжнародны аэрапорт, у чыіх ваколіцах найчасцей трапляюцца былыя каланізатары, якіх зазвычаена гатаваць з рознымі прыправамі. (Вось чаму Мбамба старанна скупляў у краме насупроць вашага інтэрнату духмяную грузінскую прыправу «хмелі-сунелі».)

Трымаючы ў галаве аднакурсніцу Машу, ты на ўсялякі выпадак пацікавіўся, ці не ўлетку адзначае народ Мбамбы Мбамбы сваё свята вызвалення. Не, сказаў твой цемнаскуры сябра, на жаль, якраз узімку, калі ў іх на экватары сезон дажджоў, а ён здае тут экзамены, і, не здагадваючыся пра падтэкст твае цікавасці, прастадушна дадаў, што, зрэшты, дата Дня незалежнасці даволі рухомая і яе ўжо не раз мянялі праз рэферэндумы, прычым кожнае племя, паводле іхняе дэмакратычнае канстытуцыі, мае права правесці ўласны рэферэндум і вызначыць сабе найбольш зручную дату галоўнага дзяржаўнага свята.

Толькі цяпер, у звярынцы, у цябе мільгае думка, што менавіта ў зімовую сесію, калі Мбамба актыўна запасаўся «хмелямі-сунелямі», бясследна знік ваш выкладчык лаціны Беньямін Айзікавіч Пільман, але ты з палёгкаю смяешся, узгадаўшы, што згуба потым усплыла на гістарычнай радзіме, дзе ўзнялася ад шараговага савецкага дацэнта да намесніка міністра адукацыі. Дый не такі быў Мбамба чалавек, каб есці з «хмелямі-сунелямі» выкладчыкаў роднага факультэта

Вось як бывае: прыйдзеш у звярынец прыгожа адпачыць, а тут столькі ўсяго абрынецца, што застаецца адно выгодней уладкавацца на лавачцы і, расшпіліўшы пад амаль вясновымі сонечнымі промнямі чорнае паліто ды накрыўшы шэрай кепуркаю родную біклажку, паспрабаваць неяк выбавіцца з гэтага завалу.

Дзеля пачатку ты вырашаеш засяродзіцца на праблеме асабістае рэінкарнацыі. Натуральна, што пасля апошніх падзеяў ты проста асуджаны «прымерыць» іпастась мядзведзя, праўда, адразу зарэзерваваўшы сабе варыянт з айчыннай бурай пародай.

Спярша ты ўспамінаеш усё, што ведаеш пра будучага віртуальнага ўладальніка тваёй душы.

Першая згадка пра дзіцячы садок, дзе перад Новым годам цябе прызначылі мядзведзем, і мама змайстравала табе ўбор з брунатных штонікаў, сваёй старой кофты і каптурыка з круглымі вушамі. Пад святочнай ялінкаю кожны звер мусіў абараніць свой навагодні строй расказаць Дзеду Марозу вершык, атрымаўшы ў выніку жменю ліпучых цукерак-ірысак. Знайсці табе вершык мама папрасіла суседа Грышу, чарнявага, з густымі, як быццам намаляванымі бровамі, хлопчыка, які ўжо вучыўся ў школе. Грышаў вершык быў кароткі і вельмі табе спадабаўся. Менавіта яго ў патрэбны момант і пачуў ад цябе Дзед Мароз:

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3