Уладзімір Аляксеевіч Арлоў - Ордэн Белай Мышы (зборнік) стр 12.

Шрифт
Фон

Паводзіны мядзведзяў, безумоўна, заслугоўваюць павагі. Яны, як і ты сам, відавочна стаяць на тым, што калі ў змаганні нельга перамагчы, то неабходна, прынамсі, не паддацца. Яны кінулі выклік сваім турэмнікам, зеўшы на падвячорак прадстаўніцу іхняй пароды, якая, стаўшы дарослай, наўрад ці змагалася б за правы абяздоленых жывёлаў, бо, кажуць, займалася ў школьным гуртку юных натуралістаў, дзе вучні звычайна мучаюць небараку вожыка, здадзеную кім-небудзь старую чарапаху ды пару анемічных вавёрак. Ты сам быў такім гурткоўцам і добра памятаеш, як лагодную зялёную чарапаху Тарцілу вы кармілі газетамі з партрэтам Хрушчова (што, як ні дзіўна, пайшло ёй на карысць), а лядашчую вавёрачку пачаставалі аднойчы адмысловымі арэхамі, якія праз шпрыц начынілі гарчыцай.

Мядзведзі пра згаданыя эксперыменты, трэба спадзявацца, не ведаюць. Іх чацвёра: бацька, маці і два маладзёны. Ужо па іхніх паставах і выгоднасці месца, занятага дзеля дзённае дрымоты, ты бачыш, што рэй у сямі вядзе стары бялун, у якога жыццё ў няволі так дарэшты і не знішчыла прыроднае велічы. Ты з усё большай павагаю прыглядаешся да патрыярха, бо гэта відавочна ён у крытычны момант, маланкава ацаніўшы сітуацыю, прыняў адзіна правільную пастанову: «Есці!»

Твой унутраны краявід ачышчаецца ад туману, і ты разумееш, што прымагнічвае цябе да вальеры: імкненне ўступіць са старым мядзведзем у кантакт. Табе ўяўляецца, што дзеля гэтага не абавязкова лезці да яго (з усімі непрадказальнымі вынікамі такой экспедыцыі). Мо хопіць таго, што ты на імгненне спаткаешся з ім вачыма і, як часам здараецца ў свеце людзей, галоўная інфармацыя будзе счытаная важна толькі гранічна сканцэнтравацца і настроіць свой унутраны прыймач на адпаведную хвалю.

Што ты прагнеш даведацца найперш, дык гэта тое, кім ён хадзіў па зямлі ў мінулым жыцці. Ты мусіш ухапіць нейкую зачэпку, нітачку, якая дапаможа раскруціць клубок аналогіяў і асацыяцыяў. Аднак злавіць позірк уладара вальеры надзвычай няпроста, бо ён цяпер у абдымках свайго мядзведжага Марфея: заснуў на санцагрэі пад штучнай скалой з падазронымі цёмнымі плямамі.

З паўночнага боку вальеры адтуль, дзе рэзідэнцыя паўліна з выскубаным на сувеніры хвастом да скалы можна падысці бліжэй. Але чым парушыць ціхамірны сон белага патрыярха? У кішэні твайго паліто жменя цукерак «Чырвоная Шапачка». На абгортках якраз тое, што трэба,  апетытная дзяўчынка з кошыкам. (Праўда, на месцы ваўка ты б пакрыўдзіўся, бо яго адсутнасць на малюнку пахне дыскрымінацыяй, і застаецца суцяшацца думкаю, што акурат у гэты час ён, воўк, змястоўна бавіць час з бабуляю.)

Першая і другая цукеркі не далятаюць, але прыстрэльванне ідзе ўдала, і ўжо трэцяя «Шапачка» трапляе ў брудна-белы азадак, а чацвёртая і пятая кладуцца на цэмент перад самай пысаю соннага драпежніка. Той падымае галаву і вось ён, чаканы момант! Вашыя позіркі сустракаюцца, і паміж імі напраўду ўзнікае невідочны, але жывы, пульсоўны ток, канал сувязі і яно невыпадкова, бо гэтыя вочы, дзве спелыя чорныя слівіны фантастыка!  нібыта знаёмыя табе, ты ўжо калісьці глядзеў у іх, а таму з падвойнай энергіяй намагаешся выцягнуць з прыцемкаў свядомасці свайго белага візаві хоць якуюсьці звестку пра ягонае ранейшае, дамядзведжае жыццё.

Неверагодна, але, здаецца, нешта выходзіць, і ты, зняможаны сеансам сувязі, сядаеш на лавачку каля паўліна і, апусціўшы павекі, пракручваеш сам сабе атрыманы інфармацыйны ролік. Чаму б не прызнаць «карцінку» сігналам, пасланым тваім маўклівым суразмоўцам з тых сховаў, дзе дрэмле пад попелам незлічоных гадоў непрадказальная памяць продкаў?

Вогнішча, яркая нетутэйшая зеляніна, цёмныя расфарбаваныя постаці аголеных людзей, правадыр на ўзвышэнні таксама голы, адно са скураным паскам на таліі, адкуль, прыкрываючы мужчынскае багацце, звісае лахман з нейкім цьмяна знаёмым з твайго дзяцінства значком, які зачаравана разглядвае малы мурза з сінім пяром у жорсткіх чорных кучарах. Ты падкручваеш колца павелічэння і бачыш акцябрацкі значок з амаль дзявочым тварыкам яшчэ бяскрыўднага Валодзі Ўльянава

Але пры чым тут незабыўны амфітэатр вашай студэнцкай аўдыторыі і прафесар з цудоўным рэдкім імем Гілер Мардухавіч, які аднойчы самахоць стаў ардынарным Генадзем Міхайлавічам, за што яму напэўна давядзецца заплаціць падатак пры рэінкарнацыі.

Аўдыторыя, Гілер Мардухавіч і твой аднакурснік з яшчэ больш дзівосным імем Мбамба (што з афрыканскай перакладаецца прыкладна як «аматар чалавекаў»), з якім ты па чарзе смокчаш праз саломінку «Портвейн розовый крепкий» (0,7 л), захінуўшы зялёную пляшку чырвоным падручнікамгісторыі КПСС. А побач, таксама з саломінкаю ў зубах, пасмоктвае «Лідскае» вялікая аматарка піва Маша Тарабанава, што не толькі круціла з Мбамбам раман, але і збіралася да твайго чорнага сябра на летнія вакацыі, а потым у ЗАГС, балазе вірусу СНІДу тады яшчэ не існавала (прынамсі, у вашых шыротах пра яго не чулі), а грошай яе каханы не лічыў і штосуботы паіў упокат увесь ваш інтэрнатаўскі пакой армянскім каньяком, а танны партвейн вы з ім цадзілі з тае прычыны, што гэты суворы напой быў для загартаванага сына экватарыяльных лясоў нечым накшталт мінералкі. Аднак у апошні момант Маша, на жаль, перадумала ехаць, бо папаўзлі недарэчныя, яўна запушчаныя зайздросніцамі чуткі, быццам у таго племя, што ўзгадавала Мбамбу, існуе мудры, асвечаны стагоддзямі звычай зядаць нявестаў, якіх не ўпадабаюць бацькі закаханага юнака.

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3