Уладзімір Аляксеевіч Арлоў - Ордэн Белай Мышы (зборнік) стр 14.

Шрифт
Фон

Вось як бывае: прыйдзеш у звярынец прыгожа адпачыць, а тут столькі ўсяго абрынецца, што застаецца адно выгодней уладкавацца на лавачцы і, расшпіліўшы пад амаль вясновымі сонечнымі промнямі чорнае паліто ды накрыўшы шэрай кепуркаю родную біклажку, паспрабаваць неяк выбавіцца з гэтага завалу.

Дзеля пачатку ты вырашаеш засяродзіцца на праблеме асабістае рэінкарнацыі. Натуральна, што пасля апошніх падзеяў ты проста асуджаны «прымерыць» іпастась мядзведзя, праўда, адразу зарэзерваваўшы сабе варыянт з айчыннай бурай пародай.

Спярша ты ўспамінаеш усё, што ведаеш пра будучага віртуальнага ўладальніка тваёй душы.

Першая згадка пра дзіцячы садок, дзе перад Новым годам цябе прызначылі мядзведзем, і мама змайстравала табе ўбор з брунатных штонікаў, сваёй старой кофты і каптурыка з круглымі вушамі. Пад святочнай ялінкаю кожны звер мусіў абараніць свой навагодні строй расказаць Дзеду Марозу вершык, атрымаўшы ў выніку жменю ліпучых цукерак-ірысак. Знайсці табе вершык мама папрасіла суседа Грышу, чарнявага, з густымі, як быццам намаляванымі бровамі, хлопчыка, які ўжо вучыўся ў школе. Грышаў вершык быў кароткі і вельмі табе спадабаўся. Менавіта яго ў патрэбны момант і пачуў ад цябе Дзед Мароз:

Миша, серенький медведь,
Научил меня пер ть.

Наступны ужо дарослы верш ты ўпадабаў, чытаючы расейскую літаратуру:

Приятно зреть,
Когда большой медведь
Ведет под ручку
Маленькую сучку.

Трэба заўважыць, што героі гэтага лапідарнага твора нязменна выклікаюць у цябе самыя светлыя пачуцці.

Затым у тваіх прыгадах ідуць добра знаёмыя ўсім народныя казкі, сярод якіх адметнае месца, вядома, займае вегетарыянская гісторыя пад назваю «Маша і мядзведзі». Сёння ты яшчэ раз пераканаўся, што жыццё разнастайнейшае, весялейшае і смачнейшае за самую цікавую казку. (Вось таксама забаўны нюанс: уплыў казачнага свету на рэчаіснасць. Тая Маша, ад якой ацалелі толькі майткі, магла начытацца казак і паспрабаваць інтэрпалявацца са свету вечна пяных бацькоў і галоднага браціка ў тую ідылію, дзе маленькі Мішутка амаль ласкава пытаецца, хто еў з ягонай місачкі.)

Ад казак ты плаўна пераходзіш да славутай навелы Праспера Мерымэ «Локіс» пра графа-пярэваратня, народжанага графіняю, што страціла розум, адстаўшы на паляванні ад сваіх і апынуўшыся ў пяшчотных абдымках мядзведзя, які на ўсю поўніцу скарыстаў свой шанец. Навела заўсёды была блізкая табе не толькі жывым паўнакроўным вобразам графа (каму ты, як і ягонаму лясному тату, падобраму зайздросціў), але і ейнай геаграфічнаю прывязкаю, бо французскі класік апісаў падзеі, што адбываліся ў братняй жмудкай частцы Вялікага Княства Літоўскага, а «локіс» у перакладзе з мовы жмудзінаў і азначае «мядзведзь».

Ну, граф з такім, дарэчы, мілагучным беларускім імем Міхал Шэмет быў экстрэмалам, так шэнціць не кожнаму. А што ты чуў пра сціплых шараговых мядзведзяў, якія адносна нядаўна так шчыльна насялялі тваю краіну, што ў прыдзвінскіх лясах нейкія 150 гадоў таму паляўнічыя здабывалі, бывала, за аблаву дзесятак касалапых, ніколі не адмаўляючыся пры гэтым пачаставацца мядзведжымі секунцамі ды паляндвіцамі.

Гэты экскурс у гісторыю наганяе на цябе лёгкі сум, і ты паварочваеш да больш памысных рэчаў. Напрыклад да меню бурага мядзведзя. Як табе памятаецца, рацыён у яго, адрозна ад твайго сябра Мбамбы, пераважна раслінны: ягады, арэхі, авёс, жалуды, што не выклікае ў цябе пярэчанняў, тым больш у ім ёсць і спажыўныя прадукты жывёльнага паходжання: жамяра, жабы, грызуны, рыбка, капытныя Хіба не прыемна паласавацца на зайздрасць французам свежай, халодненькай жабкаю, зажаваць жменю ружовых жыццярадасных чарвякоў якім-небудзь маладым суслікам, закінуць за шчаку парачку салодкіх сялявак або курмелікаў, а на мядзведжы Дзень Волі можна ўпаляваць казулю, дзіка, а як падфартуніць, то і нешта арыгінальнейшае

Услед за мядзведжым меню з памяці ўсплываюць звязаныя з ім гісторыі: чутыя і перажытыя. Бо зусім побач з тваім Полацкам Бярэзінскі запаведнік, а там мядзведзяў болей, чым ува ўсіх разам узятых краінах Эўразвяза.

Гісторыя нумар адзін пра старога вясковага настаўніка біялогіі. Настаўнік меў слабы зрок, а таксама пункцік нястомна бараніў мурашак, бо лічыў іх найкарыснейшымі істотамі. Ідзе, значыцца, настаўнік лясной дарогаю і бачыць, як нейкі боўдзіла варушыць мурашнік. Стары паводле сваёй завядзёнкі наважыў таго боўдзілу ўлякнуць, каб і дзесятаму заказаў, падкраўся ззаду ды як раўне: «Ты што, урадзіцель ё ны, робіш?!» і нагой пад азадак. «Урадзіцель» брык і не варушыцца, ды яшчэ ў паветры неяк нецікава запахла. Настаўнік працёр акуляры і сам ледзь у штаны не нарабіў: ляжыць побач з мурашнікам у кучы г вялізны мядзведзь з лапаю ў роце і ўжо не дыхае. Паласаваўся, называецца, кісленькім

Ваша оценка очень важна

0
Шрифт
Фон

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке

Скачать книгу

Если нет возможности читать онлайн, скачайте книгу файлом для электронной книжки и читайте офлайн.

fb2.zip txt txt.zip rtf.zip a4.pdf a6.pdf mobi.prc epub ios.epub fb3