Прычым, крынічане займаліся ня толькі літаратурнымі справамі. Яны заўжды былі ў гушчыні сацыяльных і палітычных падзеяў у сваім рэгіёне. Пісалі лісты да ўладаў у абарону помнікаў архітэктуры, вялі працу за пашырэньне беларускамоўнага навучаньня, удзельнічалі ў археалягічных раскопках і суботніках на архітэктурных помніках, здымках фільмаў, наладжвалі вандроўкі па родным краі.
Варта мне было на пачатку жніўня прыехаць на Полаччыну, як я ўжо меў расклад свайго ўдзелу ў мерапрыемстваў амаль на ўвесь месяц: 5 жніўня археалягічныя раскопкі на плошчы Свабоды ў Полацку; 6 жніўня паседжаньне «Крыніцаў»; 7 жніўня удзел у сьвяце адной з вуліц Наваполацка Практычна кожны дзень нешта адбывалася.
Я хадзіў зь іншымі крынічанамі па кватэрах бацькоў першакляшак і ўгаворваў аддаць іх у беларускамоўныя клясы. Цягаў насілкі зь зямлёй на археалягічных раскопках. Вычышчаў ад сьмецьця былы будынак Брацкай школы, які затым стаў музэем беларускага кнігадрукаваньня. Удзельнічаў у шматлікіх сустрэчах з чытачамі. Езьдзіў на абласныя і рэспубліканскія нарады творчай моладзі. Здымаўся ў масоўках гістарычных фільмаў Віктара Шавялевіча.
Падпісваўся пад рознымі адозвамі, зваротамі, калектыўнымі скаргамі.
Час быў надзвычай імклівы, цікавы і зьмястоўны. Трэба было пасьпець шмат зрабіць.
* * *Полацак прыканцы 80-х выглядаў на дэмаралізаванага былога шляхціца. Гэта калі ў шляхцюка, амбітнага і ганарлівага, забраць маёнтак, зямлю і ўсё астатняе, акрамя жыцьця, то вельмі хутка ён дэградуе. Былыя амбіцыі штодзень жорстка канфліктуюць з навакольнай рэчаіснасьцю. Нэрвовасьць узрастае да крытычнага ўзроўню. У такой сытуацыі ратуе або гарэлка, або сыход з жыцьця. Прасьцей было перажыць савецкае ліхалецьце якому-небудзь мястэчку, напрыклад, Глыбокаму, якое ціха-мірна жыло ў сваіх правінцыйных клопатах. Складаней было Полацку гораду, зь якім непарыўна зьвязана гісторыя ўсёй Усходняй Эўропы.
Полацак выглядаў так, нібыта былога шляхціца апранулі ў нейкае рызьзё у абліччы адчувалася былая веліч, але «вопратка» была жахлівая. Змрочнае ўражаньне ўзмацняла гарадзкая тапаніміка: усе гэтыя звыродлівыя назвы вуліц Савецкая, Фрунзэ, Леніна, Камуністычная, Карла Маркса, Войкава. І гэта ў самым гістарычным цэнтры горада.
Зрабіць з Полацка ўбогі райцэнтр ці не найлепшы плян, каб канчаткова даканаць беларусаў.
Бадай, адзіным пазытыўным знакам для Полацка быў адрэстаўраваны Сафійскі сабор, які годна і высока трымаў свае званіцы над Дзьвіной.
Дамовіліся, што знаёмства адбудзецца ў нядзелю. Я спусьціўся на першы паверх свайго інтэрнату, каб патэлефанаваць. Вырашыў удакладніць, ці не зьмянілася што ў нашых плянах. Для тэлефоннага аўтамата адмыслова зьбіраў двушкі, каб не шукаць пры патрэбе. Яны ў мяне захоўваліся ў маленькай кішэні джынсаў. Воюш звыкла бадзёрым голасам паведаміў, што ўжо мяне чакае.
Да Воюшавага дому было хвілін дзесяць пехатою. У Сержука было амаль бязьлюдна. На канапе сядзелі толькі два хлопцы і гарталі нейкія кніжкі. Яны былі нечым падобныя да вучняў-старшаклясьнікаў, якія час ад часу таксама наведвалі гэтую дзіўную кватэру.
Вось, знаёмцеся, гэта і ёсьць той паэт, пра якога я вам казаў, Воюш падвёў мяне да «вучняў»: Алесь Аркуш.
Абодва аказаліся таксама Алесямі Алесь Кузьмін і Алесь Сьвідрыцкі. У знак знаёмства я паціснуў цёзкам рукі.
Цяпер вы ўзброены як мае быць, пажартаваў Воюш. Алесь вам дапаможа з тэкстамі.
Увогуле, мы самі пішам, вось толькі яшчэ зь беларускай мовай крыху праблема, патлумачыў Алесь Кузьмін.
Хлопцы былі падобныя да шкаляроў, якія вырашылі далучыцца да чагосьці эзатэрычнага і ня ведалі, зь якога боку падступіцца.
Алесь выдатна сьпявае. Воюш кіўнуў на Кузьміна. Мае неверагодны фальцэт. Яны тут прынесьлі стужку. Можам паслухаць.
Воюш падышоў да магнітафона і націснуў клявішу. Запіс быў прымітыўны, але патэнцыял вакаліста ўсё ж дэманстраваў. Песьні нагадвалі ангельскі панк-рок 70-х зь відавочным уплывам «новай хвалі». Пазьней некаторыя з гэтых песень хлопцы перапісалі па-беларуску і яны трапілі ў альбом «Слота».
Усё добра, толькі мова ня наша, сказаў Воюш, праслухаўшы адну зь песьняў. Вось засьпяваеце па-беларуску будзе тое, што трэба. Па-беларуску вам нават лацьвей будзе сьпяваць, бо наша мова больш мілагучная.
Воюш быў аматарам распавядаць пра вялікія перавагі роднай мовы.
Але тэксты вы нармалёвыя пішаце. Не банальныя і не прымітыўныя. І, галоўнае, ня ў лоб, пахваліў я хлопцаў.